Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікола Статкевіч: "Каб змагацца, трэба сабраць войска"


Вольга Караткевіч, Прага Госьць "Начной Свабоды" адзін зь лідэраў сацыял-дэмакратаў, сустаршыня Эўрапейскай кааліцыі Мікола Статкевіч. Размова адбывалася, калі спадар Статкевіч быў у дарозе, ехаў да бацькі ў Баранавічы.

На "хіміі" была магчымасьць перадыхнуць і больш чытаць

Караткевіч: "Вось і ўчора зь Севярынцам мы гутарылі, ён быў у дарозе – праўда, з дому ў Менск. А Вы..."

Статкевіч: "Я вось у таксоўцы, сьпяшаюся да бацькі, ён даўно адзін. І за ўвесь час, калі я быў у Пухавіцкім раёне зь мінулага лета, мы бачыліся тройчы. Апошні раз толькі паўдня. Ён ня ў простым псыхалягічным стане, і я сьпяшаюся ўбачыць яго, падтрымаць яго, бо апрача мяне ў яго няма блізкіх у Беларусі"

Караткевіч: "Сёньня ў вас была сустрэча зь Севярынцам. Якія ў вас уражаньні ад гэтай сустрэчы?"

Статкевіч: "Вельмі добрыя. Павал і фізычна і псыхалягічна выглядае значна лепей, такі прыгожы малады мужчына, прыгожы тварам... Раней быў такі змучаны крыху, бледнаваты, а цяпер – адразу зьвяртаю ўвагу ўсіх дзяўчат, якія слухаюць "Начную Свабоду", на гэтага вельмі пэрспэктыўнага кавалера.

І псыхалягічна больш моцны, бадзёры, нягледзячы на такія вельмі няпростыя ўмовы для хлопца, які вырас у гарадзкой інтэлігентнай сям''і, а апынуўся сярод мабыць сацыяльных нізоў Беларусі, але захаваў годнасьць, інтэлігентнасьць, бадзёрасьць духу. Я ў захапленьні ад гэтага Паўла і я заўсёды казаў, што ён - будучыня беларускай палітыкі і будучы беларускі лідэр, я ўпэўнены".

Караткевіч: "Павал учора сказаў, што для яго гэтыя два гады хіміі былі 2 гадамі роздуму. А для вас?"

Статкевіч: "Для мяне перадусім гэта была магчымасьць перадыхнуць, таму што я ў палітыцы вельмі даўно, яшчэ за саветамі я ўзначальваў невялікую арганізацыю афіцэраў савецкай арміі і распрацоўваў канцэпцыю стварэньня незалежнага войска, што здавалася тады неверагодным. Увесь гэты час, 17 гадоў напружаньня, гэта было дастаткова цяжка, а зараз атрымалася ўнікальная магчымасьць адпачнуць, падумаць над сваім жыцьцём. што рабіць далей, і акрамя ўсяго іншага пачытаць. Бо калі жыў у ранейшым рытме, прыходзіў дадому, чытаў нешта лёгкае, на сур''ёзнае не ставала. А на "хіміі" я чытаў шмат сур''ёзных рэчаў, і яшчэ пісаў..."

Караткевіч: "Як вы разьвітваліся з тымі, хто асуджаны да абмежаваньня волі ў вёсцы Блонь?"

Статкевіч: "Я мала што ім казаў, бо гэта ж спэцыфічныя людзі. Яны пабойваюцца мяне, нават размаўляць са мной. Я ім як нейкі страшны дзядзька, які можна і прыкрыкнуць, калі яны п''яныя... Я проста зрабіў ім невялікі падарунак, садавіны, гародніны. Бо калі нешта грунтоўнае, успрымаюць як закусь... (сьмяецца).

Я больш разьвітваўся з тымі, зь кім працаваў, гэта ў асноўным маладыя спэцыялісты, пэрсанал інтэрнату, якія шмат зрабілі для мяне. Іх палохалі, прымушалі дакладваць на мяне, але яны імкнуліся як мага болей аблегчыць мае ўмовы. Я зрабіў ім невялічкія падарункі. Сёньня мы зь імі торт "зарэзалі", зьелі з гарбатай. Яны казалі, што яны вельмі зьдзіўляюцца, што такіх людзей чамусьці саджаюць у такія ўмовы".

Караткевіч: "Нагадайце, кім вы працавалі ў Блоні..."

Статкевіч: "Я працаваў сьлесарам па рамонту абсталяваньня трактарнай тэхнікі, але ў сувязі з тым, што ў калгасе такі заняпад і тэхнікі мала, то я ўсё вельмі хутка адрамантаваў, і працаваў куды пашлюць: на разгрузку вагонаў, цяганьне мяшкоў, зьбіраньне камянёў. Праўда, апошнім часам працы зрабілася меней, бо людзі саромеліся прапаноўваць мне працу не па спэцыяльнасьці. Але тут шмат маладых спэцыялістаў, якіх падманулі – яны вучыліся бясплатна, іх паслалі адпрацоўваць. Вось яны і ставіліся да мяне з разуменьнем."

Калі вы плаціце за 1-го закладніка, возьмуць яшчэ 5

Караткевіч: "З вашых першых заяваў пасьля вызваленьня я зразумела, што вы без энтузіязму ўспрынялі гэтае вызваленьне, зьвязаўшы гэта з тым, што ідзе гандаль ў дыялёгу з Эўропай.

Статкевіч: "Я сапраўды супраць выкупу за закладнікаў, бо калі вы за аднаго заплаціце, то будзе яшчэ 5 закладнкаў... Гэта першае. А па-другое, гэта ж як зьдзек - за 2 месяцы да вызваленьня... У вёсцы летам цёпла, можна нармальна жыць. Лягчэй, чым зімой. Зімой холадна, бо працоўныя памяшканьне не ацяплаюцца.

Мне гэтая падачка непатрэбная, тым болей, што я дакладна ведаю, што за гэтым стаіць".

Караткевіч: "Якія магчымасьці, дарэчы, у вас былі атрымліваць інфармацыю?"

Статкевіч: "Адрозьненьне хіміі якраз у тым, што ты можаш мець мабільны тэлефон. А я ў Пухавічах, у адрозьненьне ад Баранавіч, быў у камандзіроўцы. Гэта значыць, я жыў проста ў інтэрнаце, хадзіў на працу. Было абмежаваньне - не выходзіць уначы з інтэрнату, напрыклад. Але ў мяне ўвесь час была мабільная сувязь. Было Радыё Свабода, Радыё Рацыя, газэты "Народная Воля", "Наша Ніва", "Беларусы і рынак" - рэдакцыі дасылалі. І ўрэшце рэшт у мяне быў камунікатар.

Гэта такі кішэнны кампутар, спалучаны разам з мабільным тэлефонам, што давала магчымасьць доступу да Інтэрнэту, тэксты пісаць.

Безумоўна, маленечкі экранчык, трэба было набіраць гэтыя літаркі... Мне прыходзілася вялікія тэксты пісаць, напрыклад, для "Народнай Волі" - 20 тысяч знакаў... Уявіце, ціснуць на літаркі...

Набіраў стратэгію, альтэрнатыўную... Таксама 15 тысяч знакаў... Ну, што ж... Была магчымасьць працаваць, пісаць, атрымліваць інфармацыю. І яшчэ раз дзякуй Радыё Свабода, якое давала самую поўную інфармацыю. Нават калі мяне замыкалі ў Баранавічах, ахоўвалі круглыя суткі, я мог атрымліваць інфармацыю толькі дзякуючы вам. Свабоду ўначы слухаў не заўсёды, бо рана ўставаў і рана клаўся, але калі былі прэзыдэнцкія выбары, то слухаў. І разам са мной міліцыянты, якія ахоўвалі. А яшчэ іншыя прыходзілі міліцыянты – паслухаць, што там у Менску адбываецца".

Сьцяг нашага змаганьня – эўрапейская ідэя

Караткевіч: "Усе палітвязьні запрошаныя да ўдзелу ў Кангрэсе дэмакратычных сіл. Мы шмат гаварылі аб спрэчных пытаньнях паміж цяперашнім кіраўніком Палітычнай рады аб''яднаных дэмакратычных сіл Аляксандрам Мілінкевічам ды іншымі апазыцыйнымі лідэрамі. Якая вашая пазыцыя, з чым вы пойдзеце на Кангрэс?"

Статкевіч: "Я думаю пытаньне лідэрства абсалютна другаснае. А першаснае - стратэгія. З стратэгіі вынікае і кіраваньне, і патрабаваньні да кіраваньня. Калі, напрыклад, працаваць па той стратэгіі, дык, на маю думку, гэта сядзець у балоце і чакаць, калі да балота наблізіцца злачынны рэжым, упадзе на калені і скажа: хлопцы, выходзьце за круглы стол, буду ўладу вам аддаваць. Тады ня важна, як жабіны сядзяць на купінах у балоце - вышэй, ніжэй, аднолькава.

Таму калі працы няма, ёсьць чаканьне эвалюцыі, то я гэтага не разумею. Калі ж вы зьбіраецеся змагацца, тады патрэбен адзін лідэр. Таму мы, я маю на ўвазе Эўрапейскую кааліцыю, найперш будзем прапаноўваць іншае.

Я, убачыўшы стратэгію, быў змушаны, ня спаўшы начамі, а гэта ж ня проста з галавы... Набіраць на камунікатары альтэрнатыўную стратэгію.."

Вызначыцца: ў Азію ці Эўропу? Змагацца ці ў балота?

Караткевіч: "Вы можаце падсумаваць самае галоўнае з вашай прапановы?"

Статкевіч: "Наша стратэгія - трэба змагацца. Эвалюцыя можа адбыцца толькі ў адваротны бок, а ня ў бок дыялёгу. Каб змагацца, трэба сабраць войска. А каб сабраць войска, трэба А каб сабраць войска, патрэбны сьцяг: натхніць людзей, запаліць іх. А гэта толькі эўрапейская ідэя, якая запальвае тых маладых і актыўных, якія выходзяць на плошчу дзеля ідэалаў. Вось у гэтым адрозьненьне гэтых стратэгій. Яны не спалучальныя.

Вось зараз перапалохаліся, што мы з Пашам выйшлі і сапсуем спэктакль. Зараз тэрмінова пачалі спалучаць неспалучальныя стратэгіі. Камуністы крычаць: мы згодныя ўзгадаць пра Эўрапейскі Зьвяз. Дык калі мы заключалі пагадненьне аб кааліцыі, дык патрабавалі гэтага. Камуністы пагадзіліся, туды была ўключаная адзіная Эўропа. А потым яна адышла на задні плян.

Эўрапейская ідэя - гэта сьцяг. Гэта вакол яе зьбіраюцца людзі. І зьбіраліся - у Прыбалтыцы. І перацярпелі гэтыя рэформы, калі Расея ім усё адключала. Людзі йшлі на Майдан дзеля эўрапейскай будучыні. Чаму мы, побач з Эўразьвязам, адзіная краіна СНД, якой было прапанаванае эўрапейскае сяброўства ў сярэдзіне 90-х маўчыць. Каб дагадзіць Расеі? Мы будзем прапаноўваць Эўропу, прапаноўваць Кангрэсу вызначыцца – вы куды, у Азію ці Эўропу? Змагацца ці ў балота?"

Караткевіч: "Ці вы верыце ў тое, што беларуская сытуацыя можа зьмяніцца, трансфармавацца пад ціскам Эўропы, пад палітычным ці эканамічным ціскам?"

Статкевіч: "Аналіз паказвае, што рэжым ня здольны да трансфармаваньня. Яны моугуць нешта на словах казаць, пэрыядычна выпускаць закладніка нейкага, пасьля набіраць новых.

Сама эканоміка ня можа быць трансфармаваная. Гэта палітычная эканоміка. Мэта эканомікі - не дабрабыт, не прыбытак, а трымаць выбарцаў пад кантролем, на месцы працы. Вось у калгасах яшчэ па месцы жыхарства. Трымаць пад кантролем выбарчыя камісіі. У палітызаванай эканоміцы гэта немагчыма. І апрача гэтага сама сыстэма кар''ернага росту намэнклятуры пабудаваная на ляяльнасьці. Заваліў калгас, цябе паставяць у іншы калгас, але калі ты ляяльны да апазыцыі, - цябе пасадзяць.

Сэнс рэпрэсіяў супраць апазыцыі ўжо спускаецца на самы нізкі ўзровень. А сэнс прыняцьця адмены рашэньня аб рэпрэсіях - ідзе да Лукашэнкі. Вось і эвалюцыя. Паглядзіце - 2005 год па "Маладым Фронце" - па крымінальнай справе адзін Севярынец, у 2006 -2, зараз ужо 7. Вось і ўся эвалюцыя. Яны ня здольныя мяняцца, яны будуць круціць гайкі, пакуль не сарве".

Годная перамога адродзіць нашых мужчын

Караткевіч: "І пару непалітычных пытаньняў. Што б вы больш за ўсё хацелі пасьля вызваленьня – паза палітыкай?"

Статкевіч: "Ведаеце, хацеў бы сесьці за руль машыны і ехаць, каб вакол нешта мянялася. Бо я вельмі доўга сядзеў на адным месцы. І яшчэ мару аб моры. Цёплым. Я асабліва нідзе й ня быў апрача паўночнага берагу Чорнага мора і паўднёвага Белага. Чорнае больш падабаецца".

Караткевіч: "Чула, што вы называеце беларускіх жанчын лепшымі за беларускіх мужчын. Праўда?"

Статкевіч: "Яны неяк энэргетычна больш моцныя. Больш трывалыя, бо ім прыходзілася думаць, як выжыць, каб выжылі іх дзеці. Беларускія мужчыны - гэта проста адмоўны натуральны адбор. Тыя, хто занадта падымаўся, тым галовы сьсякалі. Такія шляхетныя роды, дзе яшчэ захавалася гэтая дынаміка, агрэсія, непакора, яны, хутчэй, выключэньне для нашай краіны. Але я думаю, што нармальныя ўмовы, нармальныя краіны і, галоўнае, годная перамога, якой мы заслугоўваем, - яна адродзіць беларускіх мужчын як від.

Першы крок быў зроблены 19-га сакавіка (2006), калі людзі, нягледзячы на пагрозы, нават расстрэламі, выйшлі на плошчу. Дарэчы, там было багата жанчын. Вось так ствараецца нацыя і мяняюцца яе тыпы паводзінаў. Паглядзіце, як зьмяніліся яўрэі ў Ізраілі - такая ваяўнічая мужная нацыя. А былі ж зусім іншыя паводзіны. Будзе нармальная дзяржва, будуць нарэшце мужчыны нашыя вартыя нашых цудоўных жанчын.

І яшчэ – выбачаюся за сваю такую эмацыйную гаворку. Ну дастала мяне тая стратэгія…"

• Адзін дзень у сям’і палітвязьня Міколы Статкевіча , 26.02.2007 • Эўрапейская кааліцыя заклікае не разбураць адзінства дэмсілаў, 05.09.2006 • Ці здолела апазыцыя пераадолець супярэчнасьці?, 19.04.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG