Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія небясьпекі чакаюць беларусаў у зонах ваенных канфліктаў?


Ігар Карней, Менск Сёньня канчаецца тэрмін ультыматуму выкрадальнікаў грамадзянкі Беларусі Ірыны Экпа-Ума, якая зьнікла ў горадзе Порт-Харкорт у Нігерыі 5 траўня. Выкрадальнікі запатрабавалі выкуп – 1 мільён 200 тысяч даляраў. 16 траўня 1968 году у Нігерыі быў забіты мясцовы рэвалюцыянэр Адак Бора, які змагаўся за незалежнасьць багатага рэгіёну, дзе месьціцца і Порт-Харкорт. Амаль чатыры дзясяткі гадоў чальцы “Руху за вызваленьне дэльты Нігеру” адзначаюць 16 траўня як “Дзень памяці”. Калі баевікі не дачакаюцца выкупу, яны пагражаюць забіць закладніцу.

Эканаміст Станіслаў Гусак згадвае сваё жыцьцё ў Нігерыі. Кажа: калі параўноўваць інфармацыйныя паведамленьні 20-гадовай даўнасьці і цяперашнія, то істотнага адрозьненьня не відаць – сутычкі ўрадавых войскаў і фармаваньняў ваеўнікоў не спыняюцца ўжо 40 гадоў.

“Нашых спэцыялістаў (а мы ў Аджакуце будавалі мэталюргічны камбінат) працавала там амаль 4,5 тысячы чалавек, – расказвае Станіслаў Гусак. – У тым ліку было шмат людзей і зь Беларусі. І трэба канстатаваць: бандытызм там найвышэйшы. Былі выпадкі, калі нават забівалі людзей. Разам з намі працавалі немцы, дык вось мясцовыя спынілі машыну з двума нямецкімі адмыслоўцамі, абрабавалі іх і потым забілі. Было і так, што за ноч 6 дамкоў, дзе жылі нашы спэцыялісты, рабавалі мясцовыя бандыты”.

“Прыляціш у джунглі, і раптам у якога-небудзь племені будзе дрэнны настрой”

Бацька Ганны Баранавай апошнія гадоў дзесяць толькі зрэдку зьяўляецца ў Менску. Астатні час жыве і працуе наёмным пілётам у Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга. Ён і цяпер у Афрыцы.

“Там ня створаныя элемэнтарныя побытавыя ўмовы, – гаворыць Ганна Баранава. – Абсалютна нікуды ня пойдзеш нават у той жа Кіншасе, дзе максымум тры цывілізаваныя будынкі. Сярод іх вышынны гатэль, дзе звычайна жывуць лётчыкі. Некаторыя жывуць у катэджах. Лічыцца, што там лепей, хоць катэджы не абароненыя сеткамі ад небясьпечных вусякоў і жывёлін. Да таго ж, як расказваў тата, можна прыляцець кудысьці ў джунглі, дзе мабільная сувязь не бярэцца, і раптам у якога-небудзь племені будзе дрэнны настрой. Тады яны могуць на экіпаж напасьці. Былі выпадкі, калі лётчыкі станавіліся ахвярамі гэтых плямёнаў”.

“Беларускія верталётчыкі ў Афрыцы маюць па 500 даляраў за баявы вылет”

Мянчук Аляксандар па кантрактах працаваў у шэрагу афрыканскіх краінаў. Ён ня верыць афіцыйным заявам – маўляў, у Афрыцы практычна няма беларусаў, якія ўвесь час жывуць ва ўмовах рызыкі. Апроч пілётаў, якія ўсё часьцей аказваюцца ахвярамі тэрарыстаў, на кантынэнце багата вайсковых інструктараў-беларусаў.

“Дакумэнтальнага пацьверджаньня я не магу даць на 100%, – гаворыць Аляксандар. – Але калі быў у Афрыцы, былі размовы пра беларусаў, якія ваююць у розных краінах. То бок нашы вайскоўцы, якія звальняюцца з войска, працуюць там. Прыкладам, мне расказвалі, што беларускія верталётчыкі ў Афрыцы маюць па 500 даляраў за баявы вылет. І гэта акрамя заробку – 2 тысяч даляраў, якія плацяць штомесяц”.

Трагічны лёс можа напаткаць людзей і ў краінах, якія не вядуць войнаў з паўстанцамі. Цягам двух апошніх гадоў ахвярамі тэрактаў сталі беларусы ў Эгіпце і Турэччыне. Летась два беларускія студэнты былі забітыя ў ЗША.

“Дай ім палец, яны адкусяць усю руку”

Найчасьцей выхадцы зь Беларусі сутыкаюцца з праявамі гвалту і тэрарызму ў Ізраілі. Віктар Швайч 12 гадоў жыве на поўдні Ізраілю ў Бэршыве. Пасьля леташняга ўзброенага канфлікту зь Лібанам ён кажа, што ня можа рызыкаваць жыцьцём малой дачкі. Віктар перакананы: мірна існаваць у атачэньні арабскага сьвету жыхаром Ізраілю ня ўдасца.

Днямі Віктар Швайч прыехаў у Беларусь, каб падрыхтаваць глебу для вяртаньня сям’і.

“Гэта ўсё нерэальна. Можна было пры Сталіну выслаць чачэнцаў у Казахстан. А ў Ізраілі арабаў высяляць няма куды, – апавядае Віктар Швайч. – Арабскія краіны іх таксама ня хочуць прымаць. Хоць яны і свае, але на ліха яны патрэбныя? Бо па сутнасьці сваёй гэтыя людзі – дай ім палец, яны адкусяць усю руку. Яны не разумеюць, што калі ты ім зрабіў дабро, то трэба дабром і адплаціць. Мясцовыя, карэнныя, вядома, цудоўна ведаюць арабскае насельніцтва і неяк да іх прыстасаваліся. Хоць бальшыня пры гэтым падтрымлівае радыкальную палітыку ўладаў. А што да прыежджых? Людзі проста вырашаюць бягучыя праблемы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG