Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы крытыкуюць працэдуру галасаваньня ў ААН


Радыё Свабода Многія праваабаронцы, якія выступаюць супраць прыняцьця Беларусі ў Раду правоў чалавека ААН, занепакоеныя адсутнасьцю “сумленнага” і “празрыстага” галасаваньня ў гэтай арганізацыі.

Паводле брытанскага выданьня The Scotsman, праваабаронцы не выключаюць, што краіна з “самым рэпрэсіўным рэжымам у Эўропе” можа быць абранай у Раду ААН правоў чалавека.

Як заявіў выданьню прадстаўнік Freedom House Карэн Карлекар, “цяперашнюю працэдуру галасаваньня ў ААН, калі ў Раду правоў чалавека рэальна прэтэндуюць такія краіны, як Ангола, Эгіпет, Катар і Беларусь, нельга назваць сур’ёзнай”. У размове з Associated Press існуючы мэханізм выбараў у Раду правоў чалавека ААН і Генэральную Асамблею ААН рэзка скрытыкавалі прадстаўнікі “Міжнароднай Амністыі” і Інстытуту глябальнай палітыкі (IGP).

Паводле Івоны Тэрлінджэн зь “Міжнароднай Амністыі”, “ні для каго ні сакрэт, што паміж некаторымі краінамі – сябрамі ААН існуе гэтак званы гандаль галасамі”. Так “некаторыя краіны загадзя дамовіліся, каб прагаласаваць адна за адну. Генэральная Асамблея нават прыгразіла санкцыямі, калі будуць абраныя неадпаведныя краіны”, – кажа прадстаўніца “Міжнароднай Амністыі”.

Да яе словаў далучаецца і выканаўчы дырэктар Інстытуту глябальнай палітыкі Ўільям Пэйс. Ён таксама занепакоены магчымым сяброўствам Беларусі ў Радзе правоў чалавека. “У некаторых рэгіянальных групах ААН, напрыклад, з Усходняй Эўропы, дзейнічае прынцып: “Мы – вам, а вы – нам,” – сьведчыць Уільям Пэйс.

Пра свой пратэст у зьвязку з магчымым уступам Беларусі ў новы, стораны летась, праваабарончы орган ААН заявілі больш за 40 праваабарончых арганізацыяў сьвету. Усяго ў Радзе налічваецца 47 месцаў. Чарговае галасаваньне па складзе Рады правоў чалавека ААН адбудзецца 17 траўня. На 14 месцаў прэтэндуюць Ангола, Беларусь, Балівія, Данія, Эгіпет, Індыя, Інданэзія, Італія, Катар, Мадагаскар, Нідэрлянды, Нікарагуа, Славенія, Філіпіны і Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка. Месцы разьмяркоўваюцца на аснове квотаў для кожнага рэгіёну. Усходнюю Эўропу, па квоце якой можа прайсьці Беларусь, у Радзе правоў чалавека ААН ужо прадстаўляюць такія краіны як Польшча, Чэхія, Румынія, Вугоршчына, Расея і Ўкраіна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG