Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У мястэчку Бобр пашкодзілі помнік афіцэру “Смершу”


Севярын Квяткоўскі, Менск 8 траўня ў мястэчку Бобр невядомымі быў пашкоджаны помнік на месцы гібелі афіцэра савецкай вайсковай контравыведкі “Смерш” Васіля Чабатарова. Гэта другое такое здарэньне з помнікам за апошнія два гады.

Супрацоўнікі крымінальнага вышуку Крупскага раёну ўзялі тлумачэньні з жыхара Бобру мастака Алеся Пушкіна.

“Я пытаюся: маўляў, чаму вы прыйшлі менавіта да мяне? – апавядае Алесь Пушкін. – Адказваюць, маўляў, людзі гавораць, што гэта ты зрабіў... Беларус маёр Кішкурна Аляксандар Міхайлавіч размаўляць са мной на беларускай мове, складаць пратакол на беларускай мове адмовіўся...”

Алесь Пушкін спрабуе даць адказ, чаму вандалізм паўтараецца напярэдадні 9 траўня:

“Чаму менавіта з помнікам сьмершаўцу? Вы ведаеце, што такое сьмершаўцы, чэкісты — гэта заградатрады. Чамусьці гэтаму чалавеку шкодзіцца памяць. Відаць, ягоны помнік ставяць пад пэўны сумнеў”.

Алесь Пушкін падкрэсьлівае, што ніхто не падымаў рукі на помнік мясцовым жыхарам, якія загінулі ў часе ІІ усясьветнай вайны ад рук нацыстаў. Алесь Пушкін задае пытаньні:

“Чаму помнік чужому чалавеку, які загінуў за вызваленьне Бабра, шкодзіцца? Чаму гэта тэндэнцыя? А помнік, які знаходзіцца ў цэнтры мястэчка, дзе зьбіраецца моладзь, і няма такога вандалізму?”

Краязнаўца і экскурсавод Антон Астаповіч прафэсійна вандруе па Беларусі й ня часта сустракаў помнікі супрацоўнікам савецкіх карных органаў:

“Я цікаўлюся гэтай праблемай. У Смаргоні ёсьць помнік забітаму ў 1948 годзе старшаму лейтэнанту МГБ. У Клецку — мэмарыяльная шыльда. У Клецку іх адстрэльвалі ад 1944 да 1952 году. Гэтая зьява — помнікі паваенным сьмершаўцам і супрацоўнікам МГБ — у нас фрагмэнтарная. Я больш такіх фактаў ня чуў”.

Помнік сьмершаўцу Чабатарову ў Бабры быў адрамантаваны да 9 траўня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG