Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці могуць пакараць за адмову даносіць на свайго сябра?


Любоў Лунёва, Менск Юрысты лічаць беспадстаўнымі пагрозы сьледчых моладзевым актывістам прыцягнуць іх да адказнасьці за ўтойваньне інфармацыі пра сяброўства ў “Маладым фронце”. Беларускім крымінальным кодэксам прадугледжана адказнасьць за ўтойваньне інфармацыі пра цяжкае злачынства – забойства ці тэракт. Але на практыцы гэта сустракаецца вельмі рэдка.

Актывісты незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” паведамілі “Свабодзе”, што падчас допытаў у КДБ сьледчыя цікавяцца структурай арганізацыі, а таксама колькасьцю яе сяброў. Яны патрабуюць называць ім прозьвішчы паплечнікаў, пагражаючы крымінальнай адказнасьцю за ўтойваньне інфармацыі. Сапраўды, паводле артыкулаў 404 і 405 Крымінальнага кодэксу за ілжывы данос альбо за ўтойваньне інфармацыі пра падрыхтоўку ці зьдзейсьненае злачынства прадугледжана пакараньне зьняволеньнем. Але, згодна з крымінальна-працэсуальным кодэксам, толькі ў выпадку цяжкіх злачынстваў – забойства, тэракту, згвалтаваньня, нанясеньня цяжкіх цялесных пашкоджаньняў.

У практыцы артыкулы 404 і 405 выкарыстоўваюцца рэдка

Кіраўнік сьледзтва міліцыі Савецкага раёну Менску Вадзім Вярбіцкі распавёў “Свабодзе”, што крымінальныя справы за ўтойваньне інфармацыі распачынаюць, але зрэдку і звычайна ў межах крымінальнай справы. Часьцей гэта адбываецца тады, калі двое злачынцаў абрабавалі чалавека, а адзін зь іх забіў ахвяру нажом. Таго, які гэта бачыў, але не паведаміў сьледчым, прыцягваюць да адказнасьці за ўтойваньне інфармацыі. Бывае, што пра цяжкае злачынства ведаюць сваякі, але ў такіх выпадках сьледчым трэба даказаць, што тыя мелі злосны намер.

“Так. Бывалі такія выпадкі. Папросту цяжка даказаць злосны намер, але выпадкі такія бывалі”.

Адвакаты ў сваёй практыцы вельмі рэдка сустракаюцца з выпадкамі, калі іх падабаронных абвінавачваюць ва ўтойваньні інфармацыі. Гаворыць Аляксандар Галіеў:

“Яшчэ ніколі ў сваёй практыцы ні я, ні мае калегі-адвакаты ў сваёй практыцы ніколі не сутыкаліся з тым, каб распачыналі крымінальную справу паводле гэтага артыкулу Крымінальнага кодэксу. Прыцягваць да адказнасьці могуць толькі ў тым выпадку, калі зьдзейсьненае асабліва цяжкае злачынства. Былі такія выпадкі, калі ў часе сьледзтва нейкія грамадзяне ўтойвалі злачынства, але на практыцы адносна іх крымінальныя справы не распачыналі”.

Артыкул 193: удзел у незарэгістраванай арганізацыі не зьяўляецца цяжкім злачынствам

Удзел у незарэгістраванай арганізацыі, паводле 193 артыкулу, які дадаткова ўнесьлі ў Крымінальны Кодэкс напярэдадні прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі на прапанову старшыні КДБ, не зьяўляецца цяжкім злачынствам. Таму ніводнага зь сяброў моладзевай арганізацыі ня могуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці за ўтойваньне інфармацыі пра сябе ці сваіх паплечнікаў. Іншая справа – ілжывы данос на свайго сябра, але такіх выпадкаў не зафіксавана.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG