Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутат Козік: Даброты выключна для сябраў прафсаюзаў


Уладзімер Глод, Менск Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, ён жа кіраўнік афіцыйных беларускіх прафсаюзаў, Леанід Козік сёньня запатрабаваў, каб усялякія даброты мелі выключна сябры прафсаюзаў. Ён лічыць няправільным цяперашні стан, калі на адным прадпрыемстве роўныя правы маюць сябры прафсаюзаў і тыя, хто не ўваходзяць у іх.

Падставай для выступу кіраўніка Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі стала сёньняшняе абмеркаваньне ў Палаце прадстаўнікоў зьменаў у Працоўны кодэкс.

Лідэр афіцыйных прафсаюзаў скардзіўся, што ва ўрадзе абмінулі ўвагай некаторыя патрабаваньні самай масавай грамадзкай арганізацыі.

Прынамсі, пакуль застаецца бязь зьменаў артыкул 365, згодна зь якім калектыўнае пагадненьне дае аднолькавыя правы і сябрам прафсаюзаў, і тым, хто ня хоча ўступаць у гэтую арганізацыю, падкрэсьліў спадар Козік:

“Частка працоўных, якія не зьяўляюцца сябрамі прафсаюзаў, ня плацяць унёскаў, зусім ня ўдзельнічаюць у грамадзкім жыцьці. Я ўжо не кажу пра суботнікі. Яны ня ўдзельнічаюць у мерапрыемствах дзеля падтрымкі прэзыдэнта, падтрымкі ўлады. Яны не займаюцца пытаньнямі аховы працы, а маюць тыя ж даброты, што й добрасумленныя працаўнікі”.

Аляксандар Ярашук, кіраўнік Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, тлумачыць, што дзейнае заканадаўства праз калектыўнае пагадненьне наймальнікаў і працоўных сапраўды не дае прывілеяў сябрам прафсаюзаў.

А жаданьне спадара Козіка здабыць большыя правы для сябраў прафсаюзу Ярашук называе “тыповым прыкладам таталітарнага мысьленьня”:

“Прыбытак і дабрабыт прадпрыемства складаецца з працы ўсіх супрацоўнікаў — незалежна ад таго, уваходзяць яны ў прафсаюзы ці не. І таму ёсьць пэўная лёгіка ў тым, што менавіта наймальнік прымае рашэньне аб распаўсюджваньні роўных правоў на ўсіх праз калектыўную дамову”.

Цікаўлюся ў лідэра незалежных прафсаюзаў, чаго дамагаецца ягоны калега з афіцыйных прафсаюзаў. Спадар Ярашук адказвае:

“Пра мэту гэтай акцыі лёгка здагадацца. Размова ідзе пра тое, каб загнаць усіх у прафсаюзы. Зразумела, у ФПБ — паколькі яна мае сёньня выключнае, манапольнае права на прафсаюзны рух”.

Сёньня Палата прадстаўнікоў прагаласавала за зьмены й дапаўненьні ў Працоўны кодэкс толькі ў першым чытаньні. А вось канкрэтныя прапановы, у тым ліку й афіцыйных прафсаюзаў, разгледзяць падчас другога й апошняга чытаньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG