Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы за мяжой адзначаюць гадавіну Плошчы


Тацьцяна Поклад, Прага Гэтымі днямі ва ўсім сьвеце адбываюцца акцыі да гадавіны сакавіцкіх пратэстаў 2006 году ў Менску. Іх ініцыятары і арганізатары шукаюць новыя формы для імпрэзаў, а ўдзельнікі акцыяў кажуць пра ўвагу з боку супрацоўнікаў беларускіх спэцслужбаў.



Летась 19 сакавіка пасьля прэзыдэнцкіх выбараў на Кастрычніцкі пляц у Менску выйшлі дзясяткі тысяч людзей. Акцыі пратэсту працягваліся да 25 сакавіка і былі самымі масавымі за апошнія гады. Падчас гэтых акцыяў і пасьля іх завяршэньня сотні людзей былі арыштаваныя. У розных краінах сьвету пачаўся тыдзень салідарнасьці зь Беларусьсю, прымеркаваны да гадавіны прэзыдэнцкіх выбараў.

“Калі народ не дае сыгналу ўсяму вольнаму сьвету, што яму ня ўсё роўна тое, што зь ім адбываецца, такі народ зьнікне, і мы ведаем такія прыклады ў гісторыі. Беларусы ніколі не былі такім маўклівым народам, нягледзячы на прапаганду”, -- кажа Мікалай Цімашэнка, які цяпер жыве ў ЗША.

«Як жыць, дык жыць для Беларусі»

Мікалай Цімашэнка – старшыня Згуртававньня беларускай моладзі ў Амэрыцы. Яго арганізацыя і Беларуска-амэрыканскае задзіночаньне ў нядзелю, 18 сакавіка, каля будынку ААН правялі дэманстрацыю cалідарнасьці да гадавіны Плошчы.

“На мой пагляд, дэманстрацыя нават болей, чым атрымалася. Прыйшлі больш як 50 беларусаў, пераважна моладзь. Таксама былі такія шанаваныя людзі, як Антон Шукелойць, старшыня Беларуска-амэрыканскага задзіночаньня, Вітаўт Кіпель, Джордж Кіпель. Была вельмі ўзьнёслая атмасфэра, сьпяваліся беларускія гімны, песьні, маё сэрца было поўнае гонару, што я -- беларус. Вельмі прыемна было...”





«Як жыць, дык жыць для Беларусі», -- такую расьцяжку трымалі беларусы на дэманстрацыі перад будынкам ААН. Мэта дэманстрацыі – “паказаць усяму вольнаму сьвету, што беларусы ЗША салідарныя са сваімі братамі на Беларусі і гатовыя ўсебакова спрыяць вызваленьню Краю ад дыктатуры.

Цімашэнка: «Большасьць з тых, хто прыйшоў на акцыю, не ўваходзяць у нашую арганізацыю. Гэта былі людзі з розных куткоў Амэрыкі. Я нават не чакаў такога, былі людзі з Флёрыды, што знаходзіцца за тысячы кілямэтраў ад Нью-Ёрку.

Сэрца беларусаў баліць за тыя падзеі, якія адбываюцца на радзіме. Было прыемна бачыць, што большасьць прысутных -- гэта людзі з іншых штатаў, якіх я нават ніколі не бачыў у часе сустрэчаў дыяспары ў Нью-Ёрку".

“Расея, рукі прэч ад Беларусі!”

Вось адзін з амэрыканскіх беларусаў, які не належыць да Беларуска-амэрыканскага задзіночаньня, Алесь Вінакураў, кажа, што акцыя была “выдатнай”, “вельмі цудоўна ўсё было”, “шмат беларускай моладзі”. Алесь трымаў з сябрамі плякат з надпісам “Расея, рукі прэч ад Беларусі!”

Вінакураў: «Я прыйшоў з сябрамі на дэманстрацыю таму, што Беларусь -- нашая Бацькаўшчына, нас непакоіць, што там адбываецца. Мы б хацелі, каб людзі ў Беларусі жылі так, як жывуць людзі ў вольным цывілізаваным сьвеце. Мы не хацелі б, каб там была дыктатура і каб зьневажаліся беларусы і нашая мова, культура».

Увага супрацоўнікаў КДБ?

Алесь Вінакураў належыць да Беларускага моладзевага руху Амэрыкі Ён кажа, што ў часе дэманстрацыі заўважыў і сфатаграфаваў людзей, якія не прадставіліся і якія здымалі удзельнікаў дэманстрацыі, -- паводле Алеся, гэта супрацоўнікі беларускіх спэцслужбаў, якія рэгулярна зьяўляюцца ў часе імпрэзаў амэрыканскіх беларусаў.



«Гэтых людзей мы ўжо не першы раз бачым, дакладна вядома, што гэта супрацоўнікі КДБ».

Ім ніхто не замінаў, адзначае Алесь.

Вінакураў: “Гэта свабодная краіна. У тым і палягае розьніца між тым, што яны імкнуцца пабудаваць, і што тут ёсьць”.

Арганізатары дэманстрацыі з Беларуска-амэрыканскага задзіночаньня і ЗБМА кажуць, што ім невядомыя гэтыя людзі і яны нічога дакладна пра іх сказаць ня могуць.

Спрабуюць запалохаць

Я запыталася Мікалая Цімашэнку, лідэра ЗБМА, ці прыходзяць на іх імпрэзы прадстаўнікі беларускіх спэцслужбаў ці беларускай амбасады, ці часта так бывае, што невядомыя людзі фатаграфуюць іх.

Цімашэнка: “Трэба адзначыць, што гэта зьява тыповая для нашых дэманстрацыяў, -- заўсёды прысутнічаюць нейкія людзі, якія нас фатаграфуюць, здымаюць на камэры. Тут яшчэ і псыхалягічны момант: яны такім чынам спрабуюць запалохаць моладзь. Але Амэрыка -- гэта край свабоды і вольнаму чалавеку, які не парушае закон, тут баяцца няма чаго”.

Мікалай прыгадвае, што і ў часе іншых акцыяў прадстаўнікі афіцыйных беларускіх уладаў уважліва назіраюць за ўдзельнікамі акцыяў.

Цімашэнка: “У часе мітынгу каля беларускай амбасады ў Вашынгтоне 16 лютага, напрыклад, з вокнаў выглядалі супрацоўнікі і здымалі нас на камэру, дэманстравалі сваю актыўнасьць. Гэта ў першую чаргу разьлічана на тое, каб запалохаць удзельнікаў акцыяў. Я хацеў бы сказаць пра сябе: калі я прыехаў у гэты вольны край, пасьля таго, што адбывалася дома, у Беларусі, я заўсёды насіў у кішэні пашпарт, -- раптам нехта мяне спыніць, папросіць дакумэнты... Пажыў тут нейкі час і зразумеў, што такое свабода і павага да правоў чалавека, зразумеў, што тыя каштоўнасьці, за якія мы змагаліся дома ў Беларусі, варта адстойваць, што мы правільна робім, і нас не запалохаць. Калі людзі разумеюць, за што яны змагаюцца, яны перамогуць”.

Кіроўцы машынаў нам сыгналілі і махалі рукамі

Увага да акцыі была, вядома, ня толькі з боку меркаваных супрацоўнікоў беларускіх спэцслужбаў.

Цімашэнка: “Амэрыканцы вельмі цікавіліся гэтай акцыяй. Яны ўжо шмат ведаюць аб нашай краіне. Кіроўцы машынаў нам сыгналілі, махалі рукамі. Мінакі на вуліцы падыходзілі да нас за інфармацыяй.

А што да замежнай прэсы, мы разаслалі, як звычайна, інфармацыю пасьля акцыі. Звычайна ў мясцовых расейскіх выданьнях і унівэрсытэцкіх газэтах пра гэта пішуць. Але асноўнай мэтай было прыцягнуць увагу супрацоўнікаў ААН і таксама прадстаўніцы Нямеччыны, -- краіны, якая цяпер старшынюе ў Эўразьвязе. І адной з мэтай акцыі было запатрабаваць ад Эўразьвязу больш адэкватнай рэакцыі на тыя падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі. Гэта было дасягнута”.

Ад Канады да Шатляндыі

Розныя акцыі да гадавіны сакавіцкіх падзеяў у Менску адбыліся ва ўсім сьвеце. У ноч з 18 на 19 сакавіка больш як у 60 гарадох сьвету прайшла акцыя «Дайце голас грамадзянам Беларусі!» Актывісты арганізацыі «Маладыя эўрапейскія фэдэралісты» з 30 краінаў завязалі раты помнікам у сваіх гарадах і прычапілі на кожнай заклік: «Дайце голас грамадзянам Беларусі!» Аса Ганвэн, віцэ-прэзыдэнт Маладых эўрапейскіх фэдэралістаў:

“Я вельмі задаволеная вынікамі акцыі – калі столькі людзей больш чым у 60 гарадах адначасова робяць такую акцыю, гэта вельмі моцны сыгнал аб тым, што моладзь хоча пераменаў у Беларусі”

Гэта ўжо другая падобная акцыя, упершыню яна прайшла летась у 23-х гарадох сьвету, і, будзе працягвацца, як кажа, Аса Ганвэн, «да часу, калі ў Беларусі скончыцца панаваньне дыктатуры». Паводле арганізатараў, у акцыі бралі удзел і беларусы з ўсяго сьвету ад Канады да Шатляндыі.

Новыя ідэі

Чэскія беларусы таксама пачалі акцыі ад Дню салідарнасьці 16 сакавіка, а да гадавіны Плошчы 19 сакавіка ў Празе ў Карлавым унівэрсытэце адкрылася фотавыстава «Выбар бяз выбару: Беларусь -- 2006». У Карлавым унівэрсытэце вучацца 65 беларусаў, у іх ліку выключаныя з беларускіх ВНУ з-за палітычных матываў. Цяпер цягам некалькіх тыдняў кожную сераду ў Карлавым унівэрсытэце будуць дні дакумэнтальнага кіно пра Беларусь, а пазьней выстава будзе перавезеная ў Брно.

Фільм Юр’я Хашчавацкага “Плошча” пакажуць у Празе, Брусэлі і ў Дрэздэне, дзе пачаўся тыдзень салідарнасьці зь Беларусьсю і праводзяцца акцыі ў падтрымку палітвязьня-маладафронтаўца Зьмітра Дашкевіча.

У Бэльгіі напярэдадні гадавіны сакавіцкіх пратэстаў пачаліся імпрэзы пад назвай «Мeнск. Плошча Калiноўскага, сакавiк-2006» -- у Брусэлі іх ініцыяваў і арганізуе офіс “За дэмакратычную Беларусь”. Яго кіраўніца Вольга Стужынская кажа, што шукаюцца новыя ідэі для імпрэзаў:

"Я думаю, што менавіта сэрыяй такіх мерапрыемстваў па Беларусі мы пачнем больш шырокую і вялікую культурніцкую праграму, таму што мы прыйшлі да высновы, што неабходна праз культурніцкія праекты адкрыць Беларусь для эўрапейцаў. Беларусь досыць вядомая у колах эўраінстытуцыяў, але зусім не вядомая шараговому эўрапейцу. І таму мы вырашылі адкрыць Беларусь эўрапейцам праз новыя падыходы, крэатыўныя канцэпцыі”.

Мерапрыемствы ладзяцца пад патранажам Дэлегацыі па адносінах з Беларусьсю ў Эўрапарламенце і пры падтрымцы нямецкага фонду Маршала, а таксама ў шчыльным супрацоўніцтве з Art United group.

Імпрэзы пачаліся 15 сакавіка ў брусэльскім Grand Prix Bar, што ў самым цэнтры сталіцы Эўразьвязу, фотавыставай Юліі Дарашкевіч, Андрэя Лянкевіча, брытанскага фотамастака Вінсэнта Мондзі і кіраўніка “Свабоднага тэатру” Мікалая Халезіна, а таксама паказам спэктакляў менскага “Свабоднага тэатру” “Пакаленьне джынс” і “Быць Гаральдам Пінтэрам”.

“Вельмі ўразіў узровень”

Зьміцер Піменаў, які адмыслова прыехаў з дзесяткам сяброў з Антвэрпэну на гэтыя імпрэзы, кажа:

“Мяне вельмі ўразіў узровень. І вельмі крыўдна, што такія таленавітыя творцы ня могуць праяўляць сябе ў Беларусі. Насамрэч уражвае вялікі мастацкі талент гэтых людзей, -- гэта сапраўды вольная сцэна”

Сам Зьміцер Піменаў зь Беларуска-Эўрапейскага задзіночаньня, і цяпер яго арганізацыя афармляе дазвол на мітынг 25 сакавіка -- непадалёк ад таго месца, дзе адбываюцца ў Брусэлі мастацкія творчыя імпрэзы.

“Мы цяпер чакаем дазволу ад гарадзкіх уладаў --Беларуска-эўрапейскае задзіночаньне ў Дзень Волі плянуе правесьці мітынг-маніфэстацыю на плошчы Шумана а 9-й гадзіне. Мы хочам сустрэцца і павіншваць адзін аднаго, а ў 12 гадзінаў у Антвэрпэне адбудзецца ўрачыстая імша”.

Напісаць аўтарцы перадачы pokladt@yahoo.co.uk

Глядзі таксама:

“Гарачы тыдзень беларускіх падзеяў” у Эўропе: помнікам зноў завяжуць раты

У 60 гарадах сьвету прайшлі акцыі “Дайце голас грамадзянам Беларусі!”

У Дрэздэне пачынаецца тыдзень салідарнасьці зь Беларусьсю

У Празе адкрылася фотавыстава пра падзеі сакавіка-2006 у Беларусі

У Вашынгтоне на адзін дзень зьявіцца Плошча Кастуся Каліноўскага

У Брусэлі пачаліся імпрэзы, прысьвечаныя гадавіне сакавіцкіх падзеяў
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG