Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітыка Лужкова пагражае беларускім прадпрымальнікам


Ігар Карней, Менск Дробныя прадпрымальнікі Беларусі ў хуткім часе могуць страціць месцы аптовага закупу таннага адзеньня і абутку.

На распараджэньне мэра Масквы Юрыя Лужкова да канца 2007 году з расейскай сталіцы будуць прыбраныя ўсе спажывецкія рынкі. Падпісаны загад на закрыцьцё самага вялікага з рынкаў, дзе атаварваецца бальшыня беларускіх “чоўнікаў”, – Чаркізаўскага. Будзе зьліквідаваны і Царыцынскі радыёрынак, адкуль у Беларусь едуць кампутары, тэлевізары, музычныя цэнтры і г.д.

“Ужо сёньня шмат дзе ў Расеі вісяць таблічкі: зь беларусамі не працуем”

Адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Беларусі Анатоль Шумчанка прызнае: пэўныя нязручнасьці ў “чоўнікаў”, якія атаварваюцца на Чаркізаўскім рынку, безумоўна, узьнікнуць. Аднак ён перакананы: бяз працы не застануцца ні маскоўскія гандляры, ні іхныя беларускія кліенты.
Анатоль Шумчанка: “Ня веру, што гэта асабліва адаб’ецца на іх ці на нас, што рынкі будуць зьнішчаныя, як у нас колісь шапікі. Хутчэй за ўсё пераедуць у іншыя месцы”.
“Беларусы ў асноўным атаварваюцца ў Чаркізаве, – расказвае Анатоль Шумчанка. – Гэта выгадна, бо на Чаркізаўскім рынку падаткі нават меншыя, чым у нас на гандлёвым пункце. І там зусім іншы падыход да бізнэсу, нават да дробнага гандлю. Таму ня веру, што гэта асабліва адаб’ецца на іх ці на нас, што рынкі будуць зьнішчаныя, як у нас колісь шапікі. Хутчэй за ўсё пераедуць у іншыя месцы. Але ня думаю, каб людзі эканамічна пацярпелі. Бо Расея – гэта не Беларусь. Вось дзеяньні роднага ўраду на перавод у юрыдычныя асобы, з кучай новых дакумэнтаў – вось гэта адрэзануе. Ужо сёньня шмат дзе ў Расеі вісяць таблічкі: зь беларусамі не працуем. Расейскія прадпрымальнікі такім чынам рэагуюць на нашыя навацыі. Таму што прыходзяць беларусы і дураць галаву: дай той дакумэнт, дай гэты. Тыя глядзяць ненармальнымі вачамі на нас, што самы час задумацца: хто ўвогуле ў псыхалягічным сэнсе ў парадку, а хто – не”.

Альтэрнатыва рынкам – сучасныя гандлёвыя комплексы

Паводле Юрыя Лужкова, якога цытуюць расейскія СМІ, рэчавыя рынкі рэалізуюць танныя тавары нізкай якасьці, якія людзі набываюць, а потым выказваюць прэтэнзіі. Пры гэтым, што абурае Лужкова, выказваюць прэтэнзіі не гандляром, а ўладзе, з дазволу якой адбываецца падман. Таму ў якасьці альтэрнатывы рынкам прапануецца будаваць сучасныя гандлёвыя комплексы зь фірмавым наборам тавараў.

Здаецца, лёгіка тут ёсьць... Але ў гэтым сэнсе сытуацыя ў Расеі і Беларусі збольшага падобная. Калі ня браць пад увагу маскоўцаў, якія маюць узровень прыбыткаў непараўнальна большы зь іншымі рэгіёнамі, агульны матэрыяльны ўзровень бальшыні расейцаў вымушае перадусім зьвяртаць увагу на кошт тавару, а ўжо пасьля – на вытворцу, узровень сэрвісу і абслугоўваньне.

Такі стан рэчаў, як кажа і Юрый Лужкоў, ёсьць ці не асноўнай прычынай зваротаў пакупнікоў у арганізацыі, што адстойваюць правы спажыўцоў. Кіраўніца Менскага таварыства абароны правоў спажыўцоў Ірына Астаф’ева расказвае, што таварыства было змушанае стварыць нават адмысловыя курсы, на якія ў “добраахвотна-прымусовым” парадку накіроўваюцца рэалізатары няякаснай прадукцыі.

“Апроч абароны спажывецкіх правоў чалавека, ставіцца мэта прафэсійнага росту самога гандляра, – гаворыць Ірына Астаф’ева. – То бо надалей ён будзе больш пільна ўглядацца ў прадукцыю, што бярэ для рэалізацыі. Асабліва гэта тычыцца індывідуальных прадпрымальнікаў, якія ўвозяць тавары ў нашую краіну з Расеі. І калі ёсьць зваротная сувязь ад спажыўца, што тавар няякасны, чалавек таксама расьце прафэсійна, імкнецца больш пісьменна, прайшоўшы нашыя курсы, выбіраць і ўвозіць тавар у нашую краіну”.

Расейскія рынкі прыносяць уладальнікам калясальныя прыбыткі

Згодна са статыстыкай маскоўскай гарадзкой Думы, ад канца 1990-х у Маскве ліквідавана 138 рынкаў. Больш за сотню яшчэ дзейнічае. Апроч таго, маскоўскае кіраўніцтва мае зьнесьці гандлёвыя намёты. Аргумэнты пры гэтым такія: рынкі нярэдка становяцца месцам збыту кантрафактнага, пратэрмінаванага і скрадзенага тавару. На рынках адбываюцца міжнацыянальныя і крымінальныя разборкі, а як паказваюць апошнія падзеі, і тэрарыстычныя акты з чалавечымі ахвярамі. Так, летась у жніўні пры выбуху на Чаркізаўскім рынку загінула і грамадзянка Беларусі...

Пры ўсіх аргумэнтах шмат хто ў Расеі сумняецца, што насамрэч уладам расейскай сталіцы ўдасца закрыць рынкі. Паводле маскоўскіх экспэртаў, гэтыя пляцоўкі прыносяць калясальныя прыбыткі.

Тое ж Чаркізава, якое ў народзе называюць “Шанхаем”, належыць кампаніі АСТ на чале з Тэльманам Ісмаілавым. Ён у сьпісе часопісу “Forbse” займае 76 месца з капіталам 620 мільёнаў даляраў. Сьцьвярджаюць, што толькі арэнда прыносіць уладальнікам такіх кірмашоў 300 – 350 мільёнаў даляраў штогод. Іншыя гаспадары рынкаў гэтаксама ўваходзяць у розныя гіт-парады ўсясьветных багатыроў. Гэта азначае, што бізнэс, зьвязаны з кантролем расейскіх рынкаў і гандлем на іх, – гэта сапраўдная “выбуховая сумесь”, дзе галоўнымі інгрыдыентамі – вялізныя грошы і крымінал. Таму яшчэ пытаньне: ці хопіць у афіцыйных уладаў вагароў ціску на высокіх лабістаў, якія на ўсіх узроўнях адстойваць “правы і свабоды” расейскіх мільянэраў?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG