Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Краіны Эўразьвязу спрабуюць дамовіцца пра энэргетычную бясьпеку


Юры Дракахруст, Прага Сёньня ў Брусэлі пачалася двухдзённая нарада Эўразьвязу на вышэйшым ўзроўні ў энэргетычных пытаньнях. Мэта нарады – выпрацаваць крокі, якія зрабілі б аб’яднаную Эўропу менш залежнай ад асобных пастаўшчыкоў энэргарэсурсаў. Спрэчкі вакол праекту рашэньня нарады адлюстроўваюць супярэчнасьці ў энэргетычных пытаньнях паміж краінамі “старой” і “новай” Эўропы.

Галоўная тэма саміту – энэргетычная бясьпека. Учора старшыня Эўракамісіі Мануэль Барозу сказаў, што падасьць на разгляд 27 прэзыдэнтаў і прэм’ер-міністраў краінаў Зьвязу пасьлядоўную палітыку ў галіне энэргетыкі. Паводле Барозу галоўны момант гэтай стратэгіі – адзінства.

“Каб годна весьці справу з трэцімі краінамі, мы павінны быць салідарныя паміж сабою. Мы павінны мець адзіны голас , якім мы гаворым з нашымі міжнароднымі партнэрамі. Мы не павінны дазволіць энэргетычным рэсурсам, якія паступаюць да нас ад астатняга сьвету, разьдзяліць нас. Тое, што нам патрэбна – гэта глябальная Эўропа, а не падзеленая Эўропа”.

Аднак насамрэч адзінства ў энэргетычных пытаньнях у Зьвязе пакуль бракуе, у прыватнасьці, у пытаньні адносінаў з Расеяй. Польшча ачольвае групу краінаў, якія настойваюць на больш жорсткім падыходзе да Масквы, польскія прадстаўнікі прапанавалі ўнесьці ў тэкст рэзалюцыі энэргетычнай нарады выражэньне сумневу ў надзейнасьці Расеі як пастаўніка энэргіі. Супраць гэтага выказаліся Францыя і Нямеччына, якія імкнуцца мінімізаваць моманты канфрантацыі з Масквой.

Спрэчкі пра панэўрапейскі рынак энэргіі

Стратэгія, якая абмяркоўваецца на нарадзе ў Брусэлі, прадугледжвае умацаваньне адносінаў з краінамі Цэнтральнай Азіі і басэйнаў Касьпійскага і Чорнага мораў дзеля павялічэньня разнастайнасьці крыніцаў паступленьня энэрганосьбітаў у Эўропу. 28 сакавіка Нямеччына, як цяперашні старшыня Эўразьвязу, арганізуе ў сталіцы Казахстану Астане нараду з прадстаўнікамі 5 цэнтральнаазіяцкіх краінаў у пытаньні альтэрнатыўных шляхоў дастаўкі энэргарэсурсаў у Эўропу.

Яшчэ адна прапанова Эўракамісіі – разбурэньне манаполіі ўнутрыэўрапейскіх гігантаў энэргетыкі. Жазэ Мануэль Барозу заклікае да стварэньня панэўрапейскага рынку энэргіі, да аб’яднаньня нацыянальных рынкаў. Але гэтая прапанова таксама сустракаецца з супрацівам шэрагу краінаў-сябраў Зьвязу, у тым ліку Францыі і Нямеччыны. Гэтая прапанова выклікае крайняе незадавальненьне расейскага “Газпрому”, які імкнецца купляць долі ў энэргетычных сетках краінаў Зьвязу. Паставіць пад свой уплыў інтэграваны эўрапейскі рынак энэргіі, калі ён будзе створаны, расейскаму газаваму канцэрну будзе значна цяжэй, чым рынкі асобных краінаў.

Беларусь – па-за эўрапейскай схемай

Адной з прычынаў цяперашняй занепакоенасьці Эўропы сваёй энэргетычнай бясьпекай стаў і сёлетні беларуска-расейскі крызыс, які суправаджаўся адключэньнем на некалькі дзён паставак расейскай нафты праз Беларусь. Аднак беларускі аспэкт пытаньня энэргетычнай бясьпекі Эўропы ў парадку дня сёньняшняй нарады ў Брусэлі не фігуруе. Некалькі тыдняў таму былі агучаныя прапановы Літвы, якая выказвала гатоўнасьць дапамагчы Беларусі ў дывэрсыфікацыі шляхоў паставак энэргарэсурсаў. Таксама са сталіцаў краінаў Эўразьвязу і з Кіеву гучалі заявы аб магчымасьці стварэньня альянсу "краінаў-транзыцёраў" з удзелам Беларусі. Пра гэта ж, дарэчы, казаў і Аляксандар Лукашэнка у інтэрвію нямецкаму выданьню Die Welt і агенцтву Reuters.

Аднак, як сказаў адзін заходні дыплямат у Менску, праблема ня толькі ў тым, што Лукашэнка прапануе Захаду будаваць адносіны на прынцыпах realpolitik, не жадаючы ісьці на якія б то не было саступкі ў пытаньнях дэмакратызацыі і правоў чалавека. Праблема таксама ў тым – працягваў дыплямат -- што Захад не атрымлівае ад Менску сур’ёзных прапановаў і ў рэчышчы той самай realpolitik: калі Менск гатовы пускаць у Беларусь заходні капітал, то на якіх умовах? Што і па якой цане гатовы прадаваць? Калі гатовы супрацьдзейнічаць расейскаму энэргетычнаму ціску на Эўропу, то як канкрэтна, што гатовы пры гэтым гарантаваць і гэтак далей. Паколькі адказаў на гэтыя пытаньні няма, то і Беларусі няма месца ані ў парадку дня сёньняшняй энэргетычнай нарады ў Брусэлі, ані шырэй – у энэргетычнай схеме аб’яднанай Эўропы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG