Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь: рэанімацыя сталінізму?


Іна Студзінская, Менск Сёньня – 54-я гадавіна з дня сьмерці Сталіна. У далёкім 1953-м галоўным наступствам сьмерці дыктатара стала адкрыцьцё брамаў ГУЛАГу. Сёньня, напярэдадні 70-годзьдзя ад часу кульмінацыі масавых рэпрэсіяў, у Беларусі ўсё больш прыкметныя рэцыдывы вяртаньня да ідэалёгіі і практыкі сталінізму.

Афіцыйнай статыстыкі аб тым, колькі ў Беларусі ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, дагэтуль няма. Гісторыкі называюць розныя лічбы.

Падчас грамадзкіх слуханьняў “Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі”, якія адбыліся летась, гісторык Ігар Кузьняцоў абнародаваў такія лічбы: у Беларусі ад сталінскіх рэпрэсіяў пацярпелі каля 2 мільёнаў чалавек, сярод іх – 1 мільён 350 тысяч сялянаў.

Доктар гістарычных навук, прафэсар Эмануіл Іофэ выказаў такое меркаваньне:

“Ёсьць такая кніга Ўладзімера Адамушкі “Палітычныя рэпрэсіі”. На думку Адамушкі, 600 тысяч беларусаў пацярпела ад рэпрэсіяў. Але гэта мінімум. Ёсьць меркаваньні, што больш. І я таксама лічу, што значна больш. На маю думку, гэта лічба даходзіць да 800 тысяч”.
Ігар Кузьняцоў: “Рэанімацыя сталінізму, якая сёньня адбываецца ў Беларусі, ужо апярэджвае Расею”.
Цягам апошніх гадоў у Беларусі заўважаецца тэндэнцыя вяртаньня сталінізму: у 2004 годзе выйшла кніга “Сталіну, Эўропа, пакланіся”, потым адбыўся паказ фільму “Генэралісімус”, да 60-годзьдзя Перамогі пад Заслаўем адкрылі “Лінію Сталіна”, летась у Менску паставілі помнік Дзяржынскаму, а на “Лініі Сталіна” зьявіўся помнік Сталіну.

“Рэанімацыя сталінізму, якая сёньня адбываецца ў Беларусі, ужо апярэджвае Расею, – лічыць кандыдат гістарычных навук Ігар Кузьняцоў. – Але ў Расеі спробы паставіць помнік Сталіну выклікалі шырокія пратэсты грамадзкасьці, і ў выніку нідзе, нават у Краснаярску, яго не ўстанавілі. У нас жа ніякіх пратэстаў не было, і найбліжэйшым часам мы можам чакаць і выпуску літаратуры, і перадач па радыё і тэлебачаньні, і выступленьняў вэтэранаў, якія ўсё гэта ўхваляюць”.

Доктар гістарычных навук, прафэсар Эмануіл Іофэ таксама адзначыў гэтую тэндэнцыю вяртаньня:

“Цяпер ідзе па тэлебачаньні фільм “Сталін Live”. Фактычна паступова-паступова такая кампанія набірае абароты. Яна і ў Расеі ідзе. Паводле апытаньняў, 51 % ацэньвае станоўча дзейнасьць Сталіна. Вядома, ідзе вяртаньне”.

“Як ушанаваць памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў?” – так гучала пытаньне мінулага тыдня на Радыё Свабода. Людзі прапаноўвалі ставіць помнікі ахвярам рэпрэсіяў, уключаць у школьныя падручнікі гэтую тэму, больш асьвятляць яе ў СМІ. Былі і такія адказы:

Спадар: “Прынамсі, не рабіць новых помнікаў Сталіну. Па-першае. Таму што нават у Менску нядаўна зьявіўся надпіс на доме, прысьвечаны Сталіну. Ну і, зразумела, неабходна ў горадзе паставіць помнік ахвярам палітычных рэпрэсіяў”.

Гл.таксама: 2007-ы — Год памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў 1937—2007: ушаноўваць ахвяраў рэпрэсіяў дзяржава ня будзе
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG