Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што пераважыць у шлюбе: інтымнасьць ці публічнасьць?


Радыё Свабода Сёлета беларускія ЗАГСы змогуць жаніць некалькіх маладых пар адначасова, – заявіў нядаўна міністар юстыцыі Віктар Галаванаў. Гэта будзе рабіцца дзеля “максымальнага задавальненьня грамадзянаў на рэгістрацыю шлюбаў” у пэрыяды, калі ёсьць вялікі наплыў ахвочых пажаніцца. Карэспандэнтка Свабоды высьвятляла, як да такой ініцыятывы ставяцца беларускія жаніхі й нявесты, і ці ёсьць практычны сэнс у тым, каб адразу дзьве пары казалі ў ЗАГСе “так”.

Супрацоўніца Дому шлюбаў: “Вы бераце шлюб і ствараеце сям’ю. Такім чынам добраахвотна прымаеце на сябе ўсе абавязкі, якія ўскладае нашая дзяржава на сужэнцаў. Добра ўсьведамляеце вялікую адказнасьць адзін перад адным, роднымі, грамадзтвам і законам”.

Я прыйшла ў менскі Дом шлюбаў у суботу, прыкладна апоўдні – дзень выходны, час для росьпісу папулярны. Аднак ніякай мітусьні, ніякага натоўпу людзей у калідорах палацу я не пабачыла. Прыкладна кожныя дваццаць хвілінаў прыбывае новая вясельная пара са сваякамі ды сябрамі. Маладых расьпісваюць, віншуюць ды адпраўляюць сьвяткаваць далей. Шалёнага наплыву наведнікаў няма.

Андронава: “Што значыць наплыву няма? Вам трэба, каб чарга стаяла? Тое, што няма наплыву, гэта азначае найперш добрую працу ўстановы. Пары прызначаныя на пэўны час, паводле графіка. Вось яны і едуць паводле графіка”.

Я гутару ў калідоры з галоўным спэцыялістам менскага Дому шлюбаў Ядзьвігай Андронавай. На суботу 24 лютага было заплянавана 18 рэгістрацыяў. Гэта ня вельмі шмат, бо цяпер зіма й пост, тлумачыць спадарыня Андронава. Але нават летам, калі беларусы жэняцца ўвогуле часьцей, ніякіх праблемаў няма – расьпісаць пасьпяваюць усіх ахвочых. Ці ёсьць практычная неабходнасьць рэгістраваць два шлюбы адначасова?

Андронава: “Я лічу, што ў гэтым неабходнасьці няма – рэгістраваць дзьве пары разам. Гэта ўсё ж асабістая справа грамадзянаў і асабістае сямейнае сьвята. Калі людзей будзе вельмі шмат, мы знойдзем магчымасьць рэгістраваць іх іначай, але такім чынам, каб усё ж кожнай пары было індывідуальнае сьвята, індывідуальная падзея”.

Між тым з залі для ўрачыстых цырымоніяў выйшла чарговая пара, даволі юная – фарбаваны ў брунатны колер хлопец з колцамі ў вушах і дзяўчына з пірсынгам на вуснах і з валасамі, заплеценымі ў мноства косак. Віншую маладых ды пытаюся, як бы яны адрэагавалі, калі б выпала расьпісвацца разам зь іншай парай?

Жаніх: “Я да гэтага адмоўна стаўлюся, бо я лічу, што гэта рэч даволі інтымная. Павінна прысутнічаць толькі адна пара”.

Нявеста: “Я б не хацела так. Адзін раз на жыцьцё, вельмі ўрачыста – і з чужымі людзьмі. Ня вельмі хацелася б”.

Гутару з гасьцямі на вясельлі.

Дзяўчына: “Калі б я выходзіла замуж – а я яшчэ ня замужам, – я б на гэта не пагадзілася. Ня ведаю. Мне падаецца, гэта справа асабістая, нешта патаемнае. Я б хацела, каб гэты было нешта нашае”.

Бацька жаніха: “Мне, як бацьку, не хацелася б. Я мяркую, што жаніху й нявесьце таксама. Стварэньне сям’і – справа інтымная”.

Жанчына: “Калі родныя, напрыклад, сёстры ці браты разам – гэта было б файна. Але чужыя людзі… Не. Гэта чыста сямейнае сьвята”.

Іншая пара выглядала больш дарослай і кансэрватыўнай. Аднак і гэтыя жаніх зь нявестай супраць экспэрымэнтаў са шлюбнымі цырымоніямі.

Нявеста: “Адмоўна”.

Жаніх: “Я быў бы супраць. Гэта хвалюючы момант, і ўсё павінна быць індывідуальным, я лічу, для кожнай пары. Калі ўвага расьсейваецца, то гэта, мне падаецца, кепска паўплывае на атмасфэру. Ня будзе гэтага стаўленьня, шчырасьці, калі ўсё толькі для цябе робіцца. Таму я лічу, што лепей, калі пары расьпісваюцца паасобку”.

І тут да размовы далучыўся апэратар, які здымаў вясельле на відэа:

Апэратар: “Я вам магу прывесьці яскравы прыклад. Для таго, каб паглядзець, як гэта выглядае, можна прыйсьці ў вялікую царкву ў часе вянчаньня, калі там тры пары. Што там адбываецца, якая там каша й вэрхал. Гэта вельмі неэстэтычна”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG