Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Андрэй Цікота 5.12.1891, Сьвянцяншчына — 21.2.1952 (паводле іншых зьвестак 11.2.1952), Усходняя Сібір, ГУЛАГ


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”.

Той ня верыць, хто не жыве па веры сваёй. Гэта сказана не пра яго. Айцец Андрэй Цікота прайшоў свой крыжовы шлях у згодзе волі і сумленьня, пад знакам веры ў Бога і ў Беларусь.

Ужо ў Віленскай сэмінарыі, а затым у Пецярбургскай духоўнай каталіцкай акадэміі ён належаў да беларускіх культурна-асьветных гурткоў. У 1917-м удзельнічаў у Першым зьезьдзе беларускага каталіцкага духавенства. Цікота ня проста вітаў нараджэньне незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі, а быў абраны ў яе Раду.

За свае незалежніцкія погляды ды імкненьне як найшырэй увесьці беларускую мову ў Касьцёл айца Андрэя спачатку арыштоўвалі бальшавікі, потым перасьледавалі польскія сьвецкія і духоўныя ўлады.

На пачатку 1920-х ён уступіў у Ордэн марыянаў, які адыграў выбітную ролю ў гісторыі нашага Касьцёлу ХХ стагодзьдзя. Пасяліўшыся ў Друйскім марыянскім кляштары, айцец Андрэй стварыў там гімназію і заняўся беларусізацыяй усяго нацыянальна-рэлігійнага жыцьця Друйскай парафіі й навакольля, намагаючыся пашырыць гэтую працу на ўсю Заходнюю Беларусь.

Цікота быў прадстаўніком Беларусі на 5-м Уніяцкім кангрэсе ў чэхаславацкім Велеградзе (1927 г.). Яго двойчы, у 1933-м і 1939-м, абіралі генэралам Ордэну марыянаў. У 1934-м Ватыкан накіраваў айца Андрэя кіраваць місіяй у маньчжурскі Харбін.

Пасьля Другой сусьветнай вайны Цікоту разам з іншымі беларускімі сьвятарамі Харбінскай місіі напаткаў трагічны лёс. Кітайскія ўлады перадалі місіянэраў органам савецкай дзяржбясьпекі. Айца Андрэя абвінавацілі ў шпіянажы адначасова на карысьць Ватыкану і Японіі. За такія “злачынствы” сталінскі суд даваў 25 гадоў канцлягераў.

Яго лісты з-за калючага дроту да кіраўніцы супольнасьці беларускіх сясьцёр-эўхарыстак маці Апалёніі Пяткун, нашай беларускай маці Тэрэзы, сьведчаць, што да сваіх апошніх дзён Цікота, трываючы страшныя пакуты, думкамі быў у Беларусі. “Можна жыць на чорных сухарах і вадзе, а нам яшчэ даюць вызначаную страву... Сяджу з цяжкасьцю, але калі ляжу, то болю амаль ня чую... Лекары запэўніваюць, што ўсё будзе ў парадку, аднак я маю іншае прадчуваньне... Штодня малюся за вас, за ўсіх парафіянаў, і за Беларусь...”,— зважаючы на лягерную цэнзуру, пісаў ён у 1951-м, за некалькі месяцаў да завяршэньня свайго зямнога шляху.Магчыма, “лекарамі” ён мусіў называць катаў, якія дзень пры дні выводзілі айца на мароз і палівалі вадой...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG