Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сацыёлягі: у саюзным будаўніцтве расчараваліся і ў Расеі, і ў Беларусі


Алесь Дашчынскі, Менск Паводле апошняга сацыялягічнага апытаньня Ўсерасейскага цэнтру вывучэньня грамадзкай думкі (ВЦИОМ), бальшыня расейцаў скептычна ставіцца да магчымасьці стварэньня саюзу зь Беларусьсю. Яны ўхваляюць дзеяньні свайго ўраду ў нафтагазавым канфлікце з афіцыйным Менскам. Пра дасьледаваньні расейскіх сацыёлягаў падае наш карэспандэнт.

Бальшыня расейцаў падтрымала дзеяньні сваіх уладаў у пераходзе на рынкавыя дачыненьні зь Беларусьсю ў сфэры эканомікі. Такая выснова, зробленая расейскімі сацыёлягамі на падставе апошняга апытаньня, сьведчыць пра істотныя зьмены ў сьвядомасьці грамадзянаў адносна стварэньня саюзнай краіны. Пра гэта кажуць прадстаўнікі вядучага дасьледчага цэнтру Расеі ў галіне грамадзкай думкі.

Паводле апошняга дасьледаваньня ВЦИОМ, 71 працэнт расейцаў лічыць, што жорсткая пазыцыя Расеі ў цэлым адпавядае яе нацыянальным інтарэсам. Толькі 10 працэнтаў рэспандэнтаў перакананы, што расейскі бок нясе адказнасьць за крызыс, а 45 працэнтаў вінавацяць беларускае кіраўніцтва. 29 працэнтаў расейцаў лічаць за неабходнае стварэньне раўнапраўнага саюзу зь Беларусьсю. Але 39 працэнтаў рэспандэнтаў упэўнены, што саюз увогуле непатрэбен. 22 працэнты гатовы прыняць Беларусь у склад Расеі ў якасьці аднаго з рэгіёнаў.

Дырэктар па камунікацыях ВЦИОМ Ігар Эйдман сказаў:

Эйдман: “Праходзіць час, размовы пра саюз зь Беларусьсю доўжацца, але рэальных дзеяньняў, якія прынесьлі б карысьць людзям, няма. Размовы застаюцца толькі размовамі. Таму расьце расчараваньне ў самой ідэі саюзу, і людзі перастаюць верыць у яго рэальнасьць”.

Спадар Эйдман адзначыў таксама яшчэ адну тэндэнцыю – падзеньне папулярнасьці ў Расеі Аляксандра Лукашэнкі:

Эйдман: “У расейскім грамадзтве ёсьць пэўнае расчараваньне дзейнасьцю Лукашэнкі. Калі ў 90-я гады, за часам Ельцына, ён быў вельмі папулярны, пераўзыходзіў часам папулярнасьцю Ельцына, то цяпер яго рэйтынг зусім невысокі і мае тэндэнцыю да паніжэньня”.

Паводле дасьледаваньня сацыёлягаў, кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка выклікае ў расейцаў пераважна абыякавасьць. Так адказалі 35 працэнтаў апытаных. У цэлым нэгатыўна яго ацэньваюць 36 працэнтаў расейцаў (расчараваньне – 8 працэнтаў, недавер – 12, антыпатыя – 7, асуджэньне – 5, скепсыс – 3, нянавісьць – 1 працэнт). Любоў да Аляксандра Лукашэнкі складае 0 працэнтаў.

З дасьледаваньня, якое напрыканцы мінулага году правёў ВЦИОМ разам зь менскай сацыялягічнай лябараторыяй “Новак”, вынікае, што толькі траціна грамадзян Беларусі хацела б жыць у створаным саюзе з Расеяй.

Незалежны беларускі сацыёляг прафэсар Алег Манаеў сказаў:

Манаеў: “Працэс паніжэньня праінтэграцыйных настрояў натуральны як у Расеі, так і ў Беларусі. Бо расейскія мэдыі надаюць гэтаму ўсяму для расейскага грамадзтва адпаведныя афарбоўкі: маўляў, гэта віна беларускага кіраўніцтва і гэтак далей. І ў Беларусі паступова паніжаюцца праінтэграцыйныя настроі. Адпаведна з тым, як цяпер “упакоўваецца” гэты канфлікт, адлюстроўваецца ён гэтак жа. Прыгадаем апошнія інтэрвію Лукашэнкі, у якіх ён наўпрост вінаваціць Расею. Гэта ўзаемны працэс”.

Беларускі палітоляг Юры Шаўцоў зьвязвае такія настроі са стабілізацыяй у абедзьвюх краінах пасьля крызысу 90-х гадоў.

Шаўцоў: “Інстытуты ўлады, дзяржавы цяпер моцныя ў нас і ў Расеі. І патрыятызм людзей пачынае зьвязвацца ў кожнай краіне менавіта са сваёй дзяржавай. Таму такая тэндэнцыя аб’ектыўна й далей будзе пашырацца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG