Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея будзе падтрымліваць Беларусь, але не на шкоду сваім інтарэсам


Алесь Дашчынскі, Менск Савет расейскай Дзярждумы правёў сёньня спэцыяльнае паседжаньне ў пытаньнях адносінаў Расеі і Беларусі. У ім бралі ўдзел кіраўнікі ўсіх фракцый Дзярждумы, а таксама прадстаўнікі расейскага ўраду.

Абмеркаваны пытаньні гандлёва-эканамічных стасункаў Беларусі і Расеі і пэрспэктывы пабудовы саюзнай дзяржавы.

"Настаў час высьветліць, наколькі беларускі бок гатовы да будаўніцтва саюзнай дзяржавы"

Падставай для скліканьня спэцыяльнага паседжаньня стаў нядаўні крызыс з пастаўкамі энэрганосьбітаў у Беларусь. Абмеркаваньне ініцыявалі дэпутаты яшчэ на пачатку студзеня. Увогуле спэцыяльнае паседжаньне Савету за час гэтага скліканьня Думы другое па ліку – раней так абмяркоўвалася сытуацыя ў сувязі з тэрактам у Беслане.

Дэпутат Дзярждумы Канстанцін Затулін азначыў: настаў час высьветліць, да якіх межаў і на якіх умовах расейскі і беларускі бакі гатовы ўдзельнічаць у будаўніцтве саюзнай дзяржавы.

Затулін: “Ідэя спэцыяльнага паседжаньня зьвязана з нашым уяўленьнем, што нафтавыя і газавыя праблемы ва ўзаемаадносінах зь Беларусьсю – далёка не адзіныя. Гэта нават, хутчэй, вынік таго, што не рэалізуюцца дамоўленасьці пра стварэньне саюзнай дзяржавы. Многія рашэньні, якія мелі авансавы характар, былі асновай для будучай рэалізацыі праекту саюзнай дзяржавы. У выніку саюзная дзяржава ня створана. І гэтыя рашэньні замест таго, каб стаць уступам для стварэньня саюзнай дзяржавы, сталі канструкцыямі, якія павісьлі ў паветры. А канструкцыі, што абвальваюцца на галовы людзей, нічога добрага не прыносяць”.

"Увядзеньне адзінай валюты цяпер нерэальнае""

На паседжаньні выступіў сьпікер Дзярждумы Барыс Грызлоў. Ён заявіў, што Расея будзе падтрымліваць Беларусь, у тым ліку эканамічна, і не дапусьціць яе міжнароднай ізаляцыі. Разам з тым, нікому ня будзе дазволена карыстаць гэтую падтрымку “супраць нацыянальных інтарэсаў Расеі”.

Паводле Грызлова, расейскія грошы мусяць накіроўвацца на рэальнае будаўніцтва саюзнай дзяржавы, а не на падтрыманьне міту, што саюзная краіна ўжо ёсьць. Аб’яднаўчы працэс Расеі і Беларусі тармозіцца ў зьвязку з тым, што ў абедзьвюх краінах насамрэч дзейнічаюць дзьве розныя эканамічныя мадэлі. Таму цяпер аб’яднаньне энэргетычных сыстэм Беларусі і Расеі нерэальнае. Як і ўвядзеньне адзінай валюты.

Паводле Барыса Грызлова, многія з гэтых пытаньняў можна вырашыць прыняцьцём Канстытуцыйнага акту. Аднак прымаць гэты дакумэнт пакуль рана: яму мае папярэднічаць “працяглы працэс эканамічнага збліжэньня”. Спадар Грызлоў таксама заявіў, што, нягледзячы на стварэньне ўмоў максымальнага спрыяньня з боку Расеі, урад Беларусі так і ня змог скарыстаць з тых пераваг, якія меў.

Намесьнік старшыні камісіі Палаты прадстаўнікоў Беларусі ў міжнародных пытаньнях Сяргей Касьцян адносна паседжаньня ў Маскве сказаў:

Касьцян: “Я не спадзяюся ні на што станоўчае, бо ўсе партыі Расеі ідуць на выбары ў Дзярждуму. А таму яны будуць рабіць усё, каб атрымаць фінансавую падтрымку ад сваіх алігархаў. І вядома, большасьць зь іх будзе выказваць падтрымку той палітыцы, якую праводзіць Пуцін на заданьне расейскіх алігархаў. Гэта ўсё перадвыбарчы піяр -- і толькі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG