Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Чобат: “Веру ў стары-прастары Дэкалёг”


Радыё Свабода Алесь Чобат— удзельнік праграмы “Ў што я веру”

Найпрасьцей жыць з верай у вечны й нязьменны лад й парадак. Жыць у наладжаным побыце, адносным дастатку, пры цьвярозых й псыхічна здаровых бацьках й дзецях, сваяках й суседзях...

Але чалавек можа быць ці зусім бяз дому, ці з такім домам, што лепш бы яго не было —й тады верыць у вяршынства самога сябе, у моцнага апекуна, у “добрага пана” й усемагутную ўладу. А яшчэ верыць у абавязковыя перамены да лепшага — лепшага для сябе ці горшага для ворагаў. Бо “вяршэнства самога сябе” не бывае, калі няма ворагаў...

Сам Чэслаў Мілаш так й ня здолеў адказаць, у што ён верыць. Напісаў толькі, што цяпер “уласьнікі праўды пазачыняліся ў касьцёлах й адзіныя верныя тыя, хто ў вечным сумневу”. Бо няма абсалютнай ісьціны, а за праўду найчасьцей выдаюць чарговы падман...

Пан Бог стварыў гэты сьвет, як стварыў, а зь сёмага дня й дагэтуль адпачывае й нідзе не мяшаецца. Гэта людзі зь людзьмі робяць тое, што робяць... І для таго застаецца верыць у стары-прастары Дэкалёг, якому ўжо дзьве тысячы гадоў:

не забівай; не крадзі; не кажы на бліжняга; ня думай пра тое, што не тваё.

Дэкалёг — гэта навука ня што рабіць, а чаго не рабіць. А вось што рабіць, кожны мае падумаць сам...

Каму ж абавязкова гарыць Бога клікаць сабе ў падмогу, то ёсьць кароткая добрая малітва Джона Найбура з Новага Ёрку, якую спамінаць можна кожны дзень:

Божа, дай мне спакой прыняць й цярпець, чаго не магу зьмяніць.

Божа, дай мужнасьць стаяць там й за тое, у што веру й дзе павінен.

Божа, дай розум не праспаць у спакоі мужнасьць і мужна перанесьці спакой.

***

Алесь Чобат — літаратар зь мястэчка Скідаль, аўтар чатырох кнігаў паэзіі і дзьвюх кнігаў гістарычных эсэ, перакладчык вершаў Папы Яна Паўла II і Чэслава Мілаша.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG