Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Юліяна Вітан-Дубейкаўская 12.12.1886, Вільня — 1970, Нюрнбэрг, Нямеччына


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”

Калі нацыянальная культура прыцягвае й робіць сваімі прадстаўнікоў іншых народаў, значыць, у яе, гэтае культуры, ёсьць прышласьць.

Юліяна Мэнке, праўда, паходзіла зь сям’і віленскіх немцаў, што, як яна пісала, “прынялі звычаі й мэнтальнасьць гэтага мілага краю”, але згаданая акалічнасьць нейкім чынам толькі пацьвярджае сказанае раней.

Яна вучылася ў прыватнай гімназіі, дзе ў тыя часы было забаронена размаўляць на ўсіх іншых мовах, апрача расейскай. Каб пазлаваць клясную даму, дзяўчынкі часта гаварылі па-польску. Але знайшлася ў гімназіі й беларуска. Яе звалі Алаіза Пашкевіч. Калі некаму гэтага імя недастаткова, дадам і яе будучае, літаратурнае — Цётка.

У 1915-м, прыехаўшы зь Пецярбургу ў адпачынак, Юліяна, ужо дыплямаваная мастацтвазнаўца, сустрэлася зь Іванам Луцкевічам. Захапленьне ягонымі беларускімі калекцыямі старасьвеччыны хутка перарасло ў сяброўства, а тое — ува ўзьнёслае каханьне.

Такое кола знаёмстваў абумовіла яе працу ў Беларускім камітэце. “Мала нас тады было,— пазьней будзе прыгадваць Юліяна,— палякі зласловілі, што ўсіх віленскіх беларускіх дзеячаў можна пасадзіць на адной канапе. Аднак праца ішла...”

Вельмі карыснай была яе дапамога пры перамовах зь нямецкай акупацыйнай адміністрацыяй, якая дазволіла адчыніць першыя беларускія школы, чаго нават нельга было сабе ўявіць у Расейскай імпэрыі, дзе беларусаў на афіцыйным роўні ніколі не прызнавалі за асобны народ. Адкрыцьцё самай першай пачатковай школкі ў Камітэце адзначылі гарбатаю зь пірагом, які сьпякла Юліяна. Яна брала ўдзел у адкрыцьці беларускіх настаўніцкіх курсаў і Віленскай беларускай гімназіі, дзе потым выкладала нямецкую мову й пэдагогіку.

Паўсюль — або насамрэч, або ў думках — побач быў ён, Іван,— каханы і ўжо нарачоны.

Аднак надзеі на сямейнае шчасьце перакрэсьліў у 1917-м вынесены Луцкевічу прысуд доктара: “Ад правага лёгкага яшчэ астаткі ёсьць, а левага амаль няма... Больш двух-трох гадоў не пражыве...”

Праз два гады ў санаторыі ў польскім Закапаным, седзячы пры Іванавым ложку, яна пачула яго апошнія словы: “Ты добрая...”

У 1922-м яна стане жонкаю вядомага беларускага дзеяча Лявона Вітан-Дубейкаўскага. Пахаваўшы яго, Юліяна ў 1941-м пераселіцца на радзіму продкаў, у Нюрнбэрг. Там і будзе напісаная прысьвечаная Івану Луцкевічу мужная, сьветлая й журботная кніга “Мае ўспаміны”, якая выйдзе ў 1994-м у любай сэрцу аўтаркі Вільні з прадмоваю Лявона Луцкевіча і станецца асноваю для гэткага ж сьветлага й сумотнага спэктаклю “Віленскія мроі”, пастаўленага Галінай Дзягілевай у тэатры аднаго актора “Зьніч”.

P.S. У 1954-м у Нью-Ёрку пабачыла сьвет кніга «Лявон Вітан-Дубейкаўскі», якую Юліяна выдала пад псэўданімам Кветка Вітан.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG