Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Візыт Рэнэ ван дэр Ліндэна: чаго чакаюць апазыцыя і ўлада


Ігар Карней, Менск Заўтра пачынаецца працоўны візыт у Беларусь старшыні Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ) Рэнэ ван дэр Ліндэна. Паводле прэсавай службы Рады Эўропы, асноўная мэта візыту – спроба “ўсталяваньня дыялёгу з уладамі, апазыцыяй і грамадзянскай супольнасьцю Беларусі”. Заплянаваны сустрэчы з прадстаўнікамі афіцыйных уладаў, лідэрамі дэмакратычных сілаў і няўрадавых арганізацый. На што спадзяюцца падчас кантактаў з кіраўніком Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы беларускія палітыкі і грамадзкія дзеячы?

Старшыня Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Рэнэ ван дэр Ліндэн мае сустрэцца з кіраўніком Савету Рэспублікі Генадзем Навіцкім, сьпікерам Палаты прадстаўнікоў Уладзімерам Канаплёвым, міністрам замежных спраў Сяргеем Мартынавым. Заплянаваныя і перамовы з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі, няўрадавых арганізацый, незалежных СМІ.

Выканаўца абавязкаў старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” Анатоль Ляўковіч кажа, што найперш будзе акцэнтаваць увагу на праблеме палітвязьняў.

Ляўковіч: “Мы гэтае пытаньне яшчэ абмяркуем. Папраўдзе, ёсьць неабходнасьць сустрэцца зь лідэрамі іншых апазыцыйных партый. Прынамсі, пажадана, каб гэта была нейкая кансалідаваная пазыцыя. Але ва ўсялякім разе, у нас усе перадумовы прынцыпова зводзяцца да таго, што першае пытаньне да абмеркаваньня – вызваленьне палітвязьняў. Экс-кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна перадусім. Гэта прынцыповая пазыцыя партыі. Зрэшты, магу сказаць: нават і ўлады ў гэтым выпадку маюць на што спадзявацца. Але, спадзявацца, як той казаў, заўжды можна. Пакуль у Беларусі ёсьць палітвязьні, гэта прынцыпова важна для вырашэньня ўсіх пытаньняў. Наша пазыцыя -- яшчэ раз паўтару – датычна гэтага адназначная”.

Многія апазыцыйныя кіраўнікі лічаць, што ўлада будзе спрабаваць узьняць пытаньне аб аднаўленьні статусу спэцыяльна запрошанага ў Парлямэнцкую асамблею Рады Эўропы для Беларусі. Як перакананы лідэр дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч, рашучасьці беларускім уладам можа дадаць тое, што спадар ван дэр Ліндэн едзе без папярэдніх умоў ці ўльтыматумаў да афіцыйнага Менску. Аднак, на думку Аляксандра Мілінкевіча, станоўчае рашэньне ў гэтым пытаньні было б заўчасным. Ён нагадвае, што ў 2004 годзе выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу не былі прызнаныя Эўропай.

Ні ў Палаце прадстаўнікоў, ні ў МЗС Беларусі не патлумачылі, якія канкрэтна пытаньні будуць уздымацца ў часе сустрэчаў з Рэнэ ван дэр Ліндэнам – графік і зьмест перамоў удакладняюцца. Дарадца старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзімера Канаплёва Сяргей Курэйка толькі паведаміў: у працэсе гутаркі могуць паўставаць “любыя пытаньні”.

Запрошаны на сустрэчу з эўрачыноўнікам старшыня праваабарончай арганізацыі “Вясна” Алесь Бяляцкі лічыць, што загадзя раскрываць карты беларускаму кіраўніцтву невыгодна. Усе апошнія падзеі сьведчаць: улады Беларусі па-ранейшаму трымаюцца антыдэмакратычных пазыцый, што можа істотна паўплываць на вынікі перамоў.

Бяляцкі: “Ня ведаю, на што ўвогуле спадзяецца ўрад. Перш чым пачынаць нейкія размовы, лягічна было б паказаць міжнароднай супольнасьці хоць бы фармальныя ці першыя крокі лібэралізацыі сытуацыі ў Беларусі. У нас жа гэтага не адбываецца, таму ніякіх тут ілюзій, мне здаецца, беларускія ўлады мець не павінны. У гэтым пляне, на жаль, мы змушаны канстатаваць: жорсткая палітыка канфрантацыі і адсутнасьці палітычнага плюралізму ў грамадзтве ў нас захоўваецца. А сьвежаправедзеныя выбары ў мясцовыя саветы і ўвесь комплекс парушэньняў -- як заканадаўчых, так і тых, што тычацца фундамэнтальных правоў чалавека, паказваюць: ніякіх зрухаў улады ня робяць у кірунку дэмакратызацыі сытуацыі ў Беларусі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG