Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь як зона падвышанай фінансавай рызыкі


Эўрапейскія банкі і страхавыя кампаніі рэкамэндавалі гандлёвым партнэрам беларускіх прадпрыемстваў устрымацца ад нарошчваньня абаротаў і паступова пераходзіць на рэжым працы па перадаплаце. Адсутнасьць валютны рэзэрваў у краіне пагражае спыненьнем плацяжоў па ранейшых кантрактах. Дагэтуль эўрапейцы працавалі на ўмовах таварнага крэдыту, калі агенцтвы страхавалі ўласна пастаўкі. Але сытуацыя кардынальна зьмяняецца, і спадзявацца на "чэснае слова" ўжо не выпадае.

Адмыслоўцы пацьвярджаюць: апошнім часам беларускім прадпрыемствам усё складаней атрымаць прадукцыю з-за мяжы на ўмовах адтэрміноўкі плацяжу. Нават лабіраваньне з боку ўраду больш не разглядаецца як гарантыя таго, што грошы на рахункі абавязкова паступяць. Вось ужо больш за месяц фінансавы рынак Беларусі ліхаманіць, золатавалютныя запасы імкліва скарачаюцца, а юрыдычныя і фізычныя асобы ня маюць магчымасьці свабодна купіць даляры ці эўра.

Гаворыць фінансавы аналітык Сяргей Чалы:

Сяргей Чалы
"Гаворка ў дадзеным выпадку пра імпарт, пра таварныя пастаўкі ў Беларусь. І засьцярога эўрапейцаў тычыцца якраз рызыкі неаплаты за гэтыя пастаўкі. Усё гэта цалкам лягічна, тым больш, што ідуць негалосныя размовы пра пагаршэньне ўмоваў разьлікаў найперш з боку дзяржаўных кампаній. Таму ўсё досыць вытлумачальна. Мне здаецца, што гэта проста канстатацыя факту, бо практычна і так усё спынена, зыходзячы з нашых праблемаў. Але ў шырокім сэнсе пакуль гэта толькі рэкамэндацыя: маўляў, калі хтосьці яшчэ мае ахвоту працаваць зь Беларусьсю, то выключна на ўласныя страх і рызыку. І я, прыкладам, ведаю, што некаторыя кампаніі працягваюць працаваць са сваімі партнэрамі, грунтуючыся яшчэ на старых гісторыях супрацоўніцтва".

Тым часам урад і Нацыянальны банк ня робяць заўважных захадаў, каб ліквідаваць неразьбярыху на фінансавым рынку краіны. Камэрцыйныя банкі па-ранейшаму абмежаваныя ў вызначэньні валютнага калідора, таму даляры ці эўра ад насельніцтва прымаюць, але набыць у банку валюту надзвычай складана. Аналягічная сытуацыя і на міжбанку. У выніку квітнее практыка дамоўных "шэрых" курсаў, якія перавышаюць афіцыйны на некалькі тысяч рублёў. Аднак Нацбанк ад панікі практычна дыстанцыяваўся, а галоўны банкір краіны Пётар Пракаповіч, паводле афіцыйнай інфармацыі, кіруе працэсамі са шпітальнага ложка — днямі яму зрабілі апэрацыю на сэрцы.

Эканаміст Уладзімер Карагін перакананы: падобнае становішча дзень пры дні пагаршае эканамічную сытуацыю, ставіць пад пагрозу пляны ўладаў зрабіць Беларусь інвэстыцыйна прывабнай краінай. Па яго словах, ніхто не паедзе туды, дзе ўладарыць "чорны" рынак:

Уладзімер Карагін
"Любыя рэзкія ваганьні, шараханьні, нематываваныя дзеяньні таго ці іншага боку заўсёды нэгатыўна ўплываюць і на інвэстыцыйны клімат, і на давер у цэлым да нашай дзяржавы. Дадзенае рашэньне, можна дакладна сказаць, рыхтавалася без абмеркаваньня ў дзелавых саюзах і асацыяцыях. Што, натуральна ж, супярэчыць духу і літары дырэктывы № 4 прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Таму мы зьвяртаемся да дзяржавы з просьбай больш далікатна ўводзіць тут мэханізмы, якія нешта рэгулююць ці забараняюць, і спадзяемся, што разьвіцьцё прыватна-дзяржаўнага партнэрства павінна грунтавацца выключна на схеме даверу, супрацоўніцтва і ўзаемнага ўліку інтарэсаў".

Незалежныя экспэрты сьцьвярджаюць, што ўлады зайшлі ў тупік і цяпер самі ня ведаюць, як зь яго выйсьці зь меншымі стратамі. Эканаміст, экс-кандыдат у прэзыдэнты на нядаўніх выбарах Віктар Цярэшчанка кажа, што неаднаразова прапаноўваў кіраўніцтву краіны дапамогу ў вырашэньні фінансавага крызісу. Напісаў некалькі лістоў на імя Лукашэнкі, двойчы меў сустрэчы ў адміністрацыі прэзыдэнта:

Віктар Цярэшчанка
"Я напісаў ліст з прапановай скарыстаць ня столькі маю праграму — пытаньне ўжо не ў перадвыбарнай праграме, — а каб пасьпець уратавацца. Набліжаецца дэфолт, банкруцтва, дэвальвацыя. Адмоўнае сальда перавысіла 10 мільярдаў даляраў, і ніякімі казкамі нікога ўжо не накорміш. Была адна сустрэча, другая 18 сакавіка; я падрыхтаваў 17 графікаў, разьлічыў і паказаў неабходныя захады ў грашова-крэдытнай палітыцы. Усё зрабіў, сядзеў тыднямі, бо гэта ж усё ня так проста. Але ніякага адказу так і не атрымаў. І раптам пайшло-паехала тое, што мы назіраем зараз. Тады я сказаў: маўр зрабіў сваю працу. У такіх умовах займацца гэтым няма аніякага сэнсу. Бессэнсоўна нешта спрабаваць тлумачыць людзям, якія альбо былі проста двоечнікамі, альбо ня знойдуць часу, каб зьвярнуць увагу на ўласны народ. Бо, пэўна ж, у іхніх кішэнях грошы ёсьць, і сябе яны ведаюць як абараніць".

Дэфіцыт валюты прымушае Нацбанк шукаць спосабы папаўненьня сваіх запасьнікаў. Так, ад 15 красавіка прыпынены продаж каштоўных мэталаў за беларускія рублі. Цяпер плятынавыя, залатыя ды срэбныя зьліткі можна набыць толькі за даляры. Паводле афіцыйнай статыстыкі, толькі за сакавік было набыта блізу паўтоны золата, і такія шпаркія тэмпы канвэртацыі рубля вырашана было спыніць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG