Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці перарасьце валютны крызіс у эканамічны?


Крызісная сытуацыя на валютным рынку нэгатыўна адбіваецца на эканамічным жыцьці. Як ацаніць дзеяньні ўладаў у такіх умовах? Што кепскага ў множнасьці абменных курсаў? Як валютны крызіс уплывае на эканоміку?


Удзельнікі: эканаміст Барыс Жаліба і былы старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі Станіслаў Багданкевіч.

Барыс Жаліба
Станіслаў Багданкевіч
Валер Карбалевіч

Дзеяньні ўладаў ва ўмовах крызісу


Валер Карбалевіч: «Валютны крызіс у краіне абвастраецца. Ня толькі Нацыянальны банк не выдзяляе валюту з рэзэрваў, але і камэрцыйныя банкі яе не прадаюць. Як ацаніць у гэтых умовах дзеяньні ўладаў? Здаецца, Нацыянальны банк і ўрад занялі пазыцыю староньняга назіральніка. Лукашэнка абвінаваціў у валютным крызісе грамадзян, якія хочуць купіць іншамаркі. Наколькі адэкватныя сытуацыі дзеяньні ўладаў?»

Барыс Жаліба: «Дэфіцыт валюты паралізуе сэктар эканомікі, які абслугоўвае імпарт. Імпартэры ня могуць набыць валюту. У выніку адбываецца павышэньне цэнаў на імпартныя тавары. І насельніцтва ня можа набыць валюту ў абменьніках. Юрыдычныя і фізычныя асобы забіраюць валюту з банкаўскіх дэпазытаў. Гэта пагражае пакінуць банкі без рэсурсаў. Банкі абмежавалі выдачу нават рублёвых крэдытаў насельніцтву, каб аслабіць ціск на валютныя рэзэрвы Нацбанку.

Тыя нэгатыўныя наступствы дэвальвацыі, якіх хацеў пазьбегнуць Нацбанк, яны наступілі.
Што тычыцца дзеяньняў уладаў у такіх умовах, то яны памылковыя. Трэба было паслухаць МВФ і зрабіць дэвальвацыю ў некалькі крокаў. І такім чынам пазьбегнуць множнасьці курсаў. Адмова ад афіцыйнай дэвальвацыі прывяла да таго, што мы атрымалі фактычную дэвальвацыю, атрымалі паніку, якой баяўся Нацбанк. То бок тыя нэгатыўныя наступствы дэвальвацыі, якіх хацеў пазьбегнуць Нацбанк, яны наступілі. Нацбанк кідаецца то ў адзін бок, то ў другі, і сытуацыя ўсё горшая. Бязьдзейнічае ўрад. Прэм’ера не чуваць».

Станіслаў Багданкевіч: «Галоўная памылка ў тым, што ўлады не прызналі наяўнасьць валютнага і эканамічнага крызісу ў краіне, неэфэктыўнасьць адміністрацыйнай мадэлі гаспадараньня.

Пэўныя крокі робяцца ў правільным кірунку, але бессыстэмна і без тлумачэньня грамадзтву сваіх дзеяньняў. Правільна тое, што просяць крэдыты ў Расеі, зьбіраюцца скараціць дэфіцыт бюджэту з 3 да 1,5%, павысілі стаўку рэфінансаваньня да 12% (а трэба ня менш як 15%, бо інфляцыя ў гадавым вылічэньні ўжо 13%), Нацбанк павысіў рэзэрвы.

Доля імпарту ва ўнутраным валавым прадукце складае 65–70%. Таму наяўнасьць цывілізаванага валютнага рынку — неабходны чыньнік для нашай эканомікі».

Чым дрэнная множнасьць абменных курсаў?


Карбалевіч: «Дэ-факта ў краіне склалася множнасьць абменных курсаў беларускага рубля. Беларусь вярнулася ў 1990-я гады. Растлумачце, чым дрэнная такая сытуацыя для эканомікі?».

Жаліба: «Пры множнасьці курсаў эканоміка выглядае як крывое люстэрка. У эканоміцы наступае непарадак, скажэньне. Няма рэальных каардынатаў, каб вызначыць эканамічны стан прадпрыемства. Вось, напрыклад, як афармляць бухгальтарскія дакумэнты? Трэба паводле афіцыйнага курсу, паводле якога валюты не купіць. Гэта вельмі дрэнна для эканомікі».
Нельга было дапускаць разбурэньня такога дасягненьня, як цывілізаваны грашова-валютны рынак.

Багданкевіч: «Гэта дэзарганізацыя ўсяго рынку, пагаршэньне інвэстыцыйнага іміджу Беларусі. Гэта разбурэньне малога бізнэсу, бо яму цяжэй за ўсё набыць валюту. Горш нельга прыдумаць. Гэта вядзе да ўзмацненьня карупцыі, зьяўленьня чорнага рынку, абясцэньваньня беларускага рубля. Нельга было дапускаць разбурэньня такога дасягненьня, як цывілізаваны грашова-валютны рынак».

Як валютны крызіс уплывае на эканоміку?


Карбалевіч: «Вось прыходзяць паведамленьні, што некаторыя сэгмэнты эканомікі проста паралізаваныя. Тое, што адбываецца ў краіне, — гэта яшчэ толькі валютны крызіс ці гэта ўжо поўнамаштабны эканамічны крызіс? Як валютны крызіс уплывае на эканоміку? Ці вядзе гэта да ўзмацненьня адміністратыўных мэтадаў кіраваньня? Ці адчувае крызіс просты абывацель, якому валюта не патрэбная, бо ён не займаецца бізнэсам, ня езьдзіць за мяжу?»

Жаліба: «Наша эканоміка даўно знаходзіцца ў пэрманэнтным крызісе, які цяпер увайшоў у стадыю абвастрэньня. Цяпер тэмпы росту эканомікі запаволяцца. Гэта тычыцца і шараговых грамадзян. Таму што адбываецца рост цэнаў. Павышэньне стаўкі рэфінансаваньня вядзе да таго, што будуць дарагія рублёвыя крэдыты. Гэта выльецца ў зьніжэньне рэальных заробкаў. Наступным годам нам трэба вяртаць мільярды даляраў пазыкаў. Дзе іх узяць? Думаю, сытуацыя ў эканоміцы будзе пагаршацца».

Багданкевіч: «Будуць вялікія адмоўныя сацыяльныя наступствы гэтага крызісу. Патрэбна прызнаньне крызісу, дэвальвацыя ня менш чым на 20%, атрыманьне сёлета інвэстыцый на 6 млрд. даляраў. Трэба скарачэньне бюджэтных выдаткаў. То бок патрабуюцца непапулярныя меры дзеля аздараўленьня эканомікі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG