Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Былі прадпрымальнікамі — станем беспрацоўнымі»


У беларускіх банках па-ранейшаму немагчыма свабодна набыць валюту. Гэта значна ўскладніла працу дробных прадпрымальнікаў, якія гандлююць на рэчавых рынках. На гэту тэму — паведамленьні нашых рэгіянальных карэспандэнтаў, якія ў пятніцу наведалі шэраг рынкаў, размаўлялі і з гандлярамі, і з пакупнікамі.

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


«Гандлю і да гэтага не было, а цяпер наагул усё спынілася»

Гандляры на рынках Берасьцейшчыны намагаюцца прадаць тавар зімовага сэзону, не падвышаючы цэнаў. Шмат хто жадае выручыць такім чынам грошы і сысьці ў наступным месяцы ў адпачынак.

Берасьцейскі прадпрымальнік Мікалай Бацяшаў лічыць, што ў выніку сытуацыі, якая склалася на валютным рынку, у краіне могуць зьявіцца тысячы новых беспрацоўных, шмат хто з прадпрымальнікаў ня здолее даць рады новым абставінам:

«Гэта проста вар’яцтва, што адбываецца. Лічу, што гэта наймацнейшы ўдар па дробным бізнэсе. Свой тавар мы набываем за валюту. А яе няма ў краіне. Шмат хто на мяжы банкруцтва, а значыць, багата беспрацоўных зь ліку былых прадпрымальнікаў зьявіцца ў краіне. І зараз зусім няма прыкметаў, што сытуацыя палепшыцца».

Наведвальнікі рынку каля Цэнтральнага ўнівэрмагу ў Берасьці кажуць пра тое, што кошты вырасьлі ў сярэднім на 20%. Прадпрымальнікі значна ахвотней бяруць у якасьці аплаты даляры ЗША. Кажа спадар Андрэй, наведвальнік рынку:

«Гандляры ня ведаюць, які дакладна курс даляра лічыць пры фармаваньні цэнаў на свае тавары. Таму часта значна ахвотней прымаюцца даляры, чым беларускія рублі».

Жыхарка Берасьця Марыя кажа, што на рынку часта гандляры самі просяць, каб разьлік вёўся ў далярах:

«Прадпрымальнік, у якога я набывала вопратку на рынку, сам папрасіў, калі ёсьць магчымасьць, каб аплата вялася ў далярах. Пры гэтым ён адзначыў, што калі перавесьці ў беларускія рублі, то ён будзе вымушаны лічыць курс па 3500 рублёў за даляр. Але ж такога курсу сёньня проста не існуе. І гэта адбываецца на фоне рэзкага росту цэнаў».
Некаторыя імкнуцца як найхутчэй прадаць свой тавар, нават па сабекошце, а ў наступны месяц сысьці ў адпачынак ды назіраць за сытуацыяй.

Мікалай Чарнавус, індывідуальны прадпрымальнік з Баранавічаў, кажа, што цяпер гандлю практычна няма на рынку. І да гэтага складана было нешта прадаваць, цяпер стала проста немагчыма:

Шмат хто задаецца пытаньнем, гандляваць далей ці не. Сытуацыя з далярам незразумелая зусім. Некаторыя лічаць курс у нас па 4000 за даляр, іншыя — 4500, у некаторых па 3600 за даляр. І так гандаль быў кепскі, а цяпер усё спынілася«.

Многія прадпрымальнікі, паводле словаў Мікалая Чарнавуса, намагаюцца прадаць свой тавар і сысьці ў наступным месяцы ў адпачынак або наагул прыпыніць сваю дзейнасьць, каб не плаціць падаткі.

«Некаторыя імкнуцца як найхутчэй прадаць свой тавар, нават па сабекошце, а ў наступны месяц сысьці ў адпачынак ды назіраць за сытуацыяй. Падаткі ж ніхто не адмяняў, яны застаюцца на тым самым узроўні. А дзе браць грошы на іх выплату?»

ВІЦЕБШЧЫНА


Хадавыя тавары раскуплялі, а для абнаўленьня асартымэнту не хапае валюты

У гандлёвым цэнтры «Эвіком» частка ралетаў зачыненая і прадпрымальнікаў на працоўных месцах няма. Яны стаяць у чэргах па валюту каля абменьнікаў, тлумачыць прадпрымальніца Ірына Яскевіч:

«Ад 10 да 12 чалавек стаяць каля кожнага абменьніка. І гэта дужа непрыемнае відовішча, асабліва калі ты пакупнік і нясеш здаваць свае 20 даляраў! Усе зазіраюць табе ў кішэню — колькі ж ты там прынёс здаваць? І людзі так стаяць гадзінамі!»

Спадарыня Ірына ўваходзіць у арганізацыйную групу па стварэньні прафсаюзу дробных прадпрымальнікаў «Разам». На яе думку, малы бізнэс у гэтай нестабільнай валютнай сытуацыі проста спаралізаваны. Калі ня даць электрычнасьці на завод, то станкі працаваць ня будуць — так і прадпрымальнікі працаваць ня могуць, бо няма на што закупіць чарговую партыю тавару, кажа Ірына Яскевіч:
Надышоў час сказаць нашаму ўраду, што прадпрымальнікі ня могуць болей весьці сваю гаспадарчую дзейнасьць у межах заканадаўства.

«Наступіў такі момант, калі хадавыя тавары раскупленыя, а папоўніць запас тавару мы ня можам, бо ня маем магчымасьці афіцыйна набыць ці то расейскія рублі, ці то даляры. Надышоў час сказаць нашаму ўраду, што прадпрымальнікі ня могуць болей весьці сваю гаспадарчую дзейнасьць у межах заканадаўства».

Прадпрымальнікі вымушаныя згаджацца на незаконныя валютныя апэрацыі, калі пакупнікі прапануюць разьлічыцца расейскімі рублямі, далярамі ці эўра. Але такіх ахвотных мала: усе чакаюць падвышэньня валютных курсаў.

Затое ўва ўсю шчыруюць валютчыкі, кажа спадар Яўген, які гандлюе на Смаленскім кірмашы. Ён кажа, што прадпрымальнікі падвышаюць цэны на тавары, бо вымушаныя купляць іх па неафіцыйным, падвышаным курсе даляра:

«Даляр па 3 600 у цэны забіваюць. Раз у валютчыкаў па такім курсе купляюць, а больш нідзе няма валюты, дык такія і цэны выходзяць».

Спадар Валеры гандлюе на Полацкім кірмашы, якраз недалёка ад абменьніка. Ён таксама стаіць у чэргах па даляры:

«Купляю! Каб адны і тыя самыя людзі не былі ў чарзе, дык па чарзе і становімся! Толькі выручка зьяўляецца, адразу ідзем купляць, каб купіць па старым курсе. Усе чакаюць, што падвысіцца курс даляра, таму чарга шалёная! Во, нехта здаў 50 даляраў, і іх тут жа купілі!».

Па расейскія рублі віцебскія прадпрымальнікі пачалі езьдзіць за ўсходнюю мяжу — у Смаленск ці Рудню. Там ужо таксама зьявіліся валютчыкі, якія спэцыялізуюцца на абмене рублёў: замест афіцыйнага курсу, калі расейскі рубель каштуе 110 беларускіх, іх прадаюць ужо па 200 беларускіх рублёў.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Курс даляра на рынку ўжо 3800 рублёў, а хутка будзе і 4000

Як і дзе купіць валюту для закупу новага тавару — з такім клопатам жывуць гандляры магілёўскіх рэчавых рынкаў. Паменела і пакупнікоў.



На адным з самых буйных рынкаў Магілёва — Магілёўскім — гандляры адзначаюць падзеньне пакупніцкай актыўнасьці. Гандляр сантэхнікай заяўляе, што ў апошнія два месяцы недалічваецца да трыццаці працэнтаў выручкі:

«У беларускіх рублях нібыта й нічога, а вось перавесьці гэта ў даляравы эквівалент — значна меней. Паўсюль цяпер цяжкасьці, бо прадпрымальнікі бяруць тавар на фірмах, а там цэны растуць, адпаведна і ўраздроб на рынку яны меншыя ня будуць. Пакуль ня будзе ўсталяваны курс нармальны, нічога добрага ня будзе».

Карэспандэнт: «Курс тут на рынку — ён які, не афіцыйны?».

Гандляр: «3800, а хутка будзе і 4000».

Падобныя праблемы і ў гандляра газавым абсталяваньнем. Ён ня кажа, ці ўздымаў цэны на свой тавар, але адзначае:

«Цяпер з гэтымі перападамі цана на тавар узрастае. Людзей прыходзіць меней. Людзям хапае на тое, каб паесьці купіць. Нават людзі, якія газыфікуюцца, усё адно яны задумваюцца. Лепш ім крэдыт які ўзяць, чым гатоўкай разьлічвацца. Невядома наагул, якія цэны чакаюць у будучыні».

Непадалёк ад гандляра газавым абсталяваньнем разгарнуўся ягоны калега з плёнкай для парнікоў. Ажыятажу вакол ягонага сэзоннага тавару няма. Пакупнікі цікавяцца цаной і сыходзяць. Дорага, кажуць. Сам гандляр тлумачыць, што плёнку прывёз з Расеі. Цяпер праблемы — як набыць расейскую валюту, вось і даводзіцца крыху накручваць:

«Я ж набываю тавар за расейскія грошы. А я не магу тут набыць расейскія грошы. Што мне рабіць? Я прадам за беларускія, а як мне купіць тавар?».

У гандляра скабянымі вырабамі той жа клопат. «Раней пакупнікі грудзіліся каля мяне, цяпер — на шурупах і цьвіках людзі таксама эканомяць, а мае гуртавікі тым часам уздымаюць цэны», з жартам адзначае гандляр:

«Фірмы некаторыя наагул не адпускаюць тавар. Прытрымліваюць, бо ня ведаюць курсу да канца. Рэальнага курсу. Хто як кажа — 3800, 3600, 3400. Тут парадку няма».

Валер Леванеўскі
Актывіст прадпрымальніцкага руху ў Беларусі Валеры Леванеўскі: «Паўтараецца сытуацыя мінулага часу»

«Мы гэта ўжо праходзілі. Людзі зноў імкнуцца набываць валюту, бо ніхто ня ведае, што будзе заўтра. А курс даляра на сёньня — 3500 рублёў. У банках валюты няма. Людзі купляюць даляры і эўра ў так званых „чорных валютчыкаў“. У Горадні такіх зараз зноў шмат.

Прадпрымальнікі імкнуцца збыць хутчэй зімовы тавар, аддаюць яго таньней, бо патрэбныя грошы на новыя закупы для чарговага сэзону.

На сёньня гандляры і пакупнікі — у сытуацыі шоку. І першыя, і другія запасаюцца валютай. Акрамя таго, відавочна ўпаў попыт на рэчы. Сытуацыя такая, што спажыўцы мусяць больш грошай аддаваць на прадукты харчаваньня і эканоміць на набыцьці адзеньня, абутку ды іншых прамысловых тавараў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG