Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзёньнік пісьменьніка: Бізнэсмэн-патрыёт


Astraucou
Astraucou
Бізнэсмэн-патрыёт хоча зарабіць на сінявокай рэспубліцы, прадаць рэклямныя паштоўкі: рэшткі муроў, сякія-такія вежы, сталінскі ампір, але пакуль не атрымліваецца. Хочацца сьвята, шампанскага, выдаць замуж харашуню сваю, жангліраваць лімонкамі на радасьцях, рыхтык Кустурыца.

Наша кіно


Глядзіш на цёмныя гатэльныя вокны на плошчы і разумееш, што танк перад гатэлем надзейна абараняе места ад турыстычнай навалы. Пазьнікалі неўпрыкмет расьцяжкі і бігборды “Горад-музэй”, інтурыст на іх ня торкнуў. Толькі вялізны экран на плошчы Савецкай рэклямуе дзівам ацалелыя старыя камяніцы. Але моўчкі, кіно гэтае нямое, на гукавой частцы табло сэканомілі. Мы заломваем рукі — ах, якія ў нас разынкі дойлідзтва, мы на мігі штось сьпяшаемся тлумачыць, рачым вочы як у часы Чарлі Чапліна, але нас ня чуюць.

Так, кіно нашае чорна-белае, бяз гуку, сьціснуўшы зубы круцім, каб лішне не прыніжацца — “у савецкіх собсьцьвенная гордасьць!” Дый прыёмы: напалову апэратыўная здымка, напалову ружовыя акуляры, так і хочацца выгукнуць — ня веру! А што казаць пра замежнікаў? Ці ўзрушацца ад нашага рэклямнага калейдаскопу: бадзёра ідуць па палетках камбайны і трактары, наступныя кадры — шыкоўная фуражка а-ля Муамар, нехта зухава глынае жабу без кулінарнай апрацоўкі, наступны ламае аб чэрап цэглу, удзячныя калгасьнікі са снапамі ў абдымку...

Кантовая за Сталіна


Каб я быў міністрам уязнога турызму, падрахаваў бы ў галаве: што ў нас ёсьць, чаго іншыя ня маюць? Дыктатура, ведамства Андропава, міліцыя скора зробіцца рарытэтам… Хіба што і ўсё. Нягуста. Але трэба цаніць, што маем, “гэта ж наша радзіма, сынок”. Сусед-літовец паказвае свае літоўскія набыткі, часам — савецкія шнары. “Сувэніры” таксама — статуі і бюсты альбо кантовыя шклянкі з рыскамі: за Леніна, за партыю, за Сталіна…

З фальклёрам, зь сякімі-такімі палацамі-замкамі мы таксама штось мудруем. Але астатняе ў нас на поўным сур’ёзе: рукі па швах, рука да брыля! Перш сама дыктатура, якой мы разам пышымся і ёрнічаем зь яе нагоды. Дыктатура — гэта жах, але жах, які не прадаецца (бо гэта сьвятое!), а тым больш не купляецца, прынамсі дабраахвотна. Факт: пакуль замежныя турысты ня хочуць за свае грошы адчуць жах па-сапраўднаму, а не ў якасьці атракцыёну.

Дракула — штучны тавар


Нам патрэбны свой Дракула, наш, уласны, “made in Belarus” — узбудзілася нейк інтэлектуальная думка! Востра не хапае бо нацыянальнага турыстычнага героя, авеянага легендай, таямніцай, жахам… Але двум Дракулам не бываць, хаця, можа, Іван Дракулавіч не зашкодзіў бы.

Прыцягвае, прыцягвае вочы беларуса дунайская краіна сваім колішнім смакам. Заявіў жа айчынны дыплямат: пры Чаўшэску Румынія была ўзорнай краінай. Нам бы так! У сэнсе — па-румынску “ўзорнай” ды з уласнай нафтай, заходнія прэзыдэнты ў сябры нават пнуліся, заахвоціць каб апазыцыйную да Крамля паставу.

Не спрачаюся з інтэлектуаламі: нашу краіну няцяжка параўнаць з той Румыніяй — памеры, праваслаўе, камуністычнае самаўладзтва. Любы замежнік жалезна ведае: Дракула і Чаўшэску. Абодва надзвычай выйгрышныя, каб завабіць турыстаў. Што праўда: камуністычны правадыр — толькі востры соўс да асноўнай стравы на румынскім турыстычным стале.

Нашыя магчымасці, ясна, сьціплейшыя. Можна толькі марыць пра такое, зайздросьціць праваслаўным румынам. Але пад заляжалы камень вада ня трапіць. Кустурыца, друг наш новы, нашто? Хай зробіць кіно пра нас: каб і рагаталі па-дурному, але й чамаданы зашпільвалі адразу. Каб засьвяціліся вокны нарэшце ў гатэлі для інтурыстаў каля танка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG