Сёньня ў эфіры “Свабоды” зьявілася новая перадача – “Белы сьпіс”.
Штодня раніцай і ўвечары будуць гучаць iнтэрвію і творы музыкаў, паэтаў, пісьменьнікаў, якія ня могуць выступаць з канцэртамі ў Беларусі, чые песьні зьніклі з эфіру FM-станцыяў, імёны якіх не павінны зьяўляцца на старонках дзяржаўнага друку, іх творы ня могуць быць прадметам курсавых працаў студэнтаў ці дысэртацыяў.
Гэта героі “чорнага сьпісу” – улады адмаўляюць яго існаваньне.
Але нябачны не азначае неіснуючы, і наадварот – і не надрукаваныя вершы, не прасьпяваныя на FM-хвалях песьні ўсё адно існуюць.
Чорны сьпіс ва ўмовах Беларусі адначасна і забарона на прафэсію, і дзяржаўнае прызнаньне творцаў – значыць, яны, іх голас важны і заўважны.
“Белы сьпіс” на “Свабодзе” – і прафэсійнае прызнаньне, і прафэсійная магчымасьць напоўніць сваім зьместам самае белае з усіх словаў – слова свабода.