Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Цэны як з ланцуга сарваліся…»


Беларусь захліснула хваля росту цэнаў. Ад чацьвярга ў Беларусі другі раз за сакавік падаражэла аўтамабільнае паліва. Калі 3 сакавіка падвышэньне было ў сярэднім на 6,6 працэнта, то ў ноч на 31-га канцэрн «Белнафтахім» павялічыў розьнічныя цэны на 10 працэнтаў. Адначасова даражэюць і многія іншыя тавары і паслугі — прадукты харчаваньня, праезд у грамадзкім транспарце, будматэрыялы. Як рэагуюць людзі на тое, што адбываецца ў эканоміцы краіны?

ГОМЕЛЬШЧЫНА


«Хутка жэрці ня будзе за што — і самім, і машынам»

На аўтазапраўцы № 31 прадпрыемства «Беларуснафта» кіроўца «Рэно» спадар Васіль так рэагуе на чарговы ўсплёск цэнаў:

«Кепска, вядома. Каб заправіцца, грошай трэба багата. Запраўляю толькі дзесяць літраў, бо грошай больш няма».

Побач малады мужчына таксама запраўляе сваю іншамарку. Да чарговага росту цэнаў ставіцца з пэўнай доляй гумару. Кажа, што мала яшчэ паднялі цэны:

«Я думаю, што мала. 3500 за літар — будзе тое, што трэба. Каб менш машын у горадзе было. А то ўсе езьдзяць, значыць, думаюць, што бэнзін бясплатны ў людзей».

Прапанову маладзёна «прызямляе» аўтааматар Эдуард. На цэны, якія пасьля выбараў паскакалі галопам, ён глядзіць менш аптымістычна:

«Хутка жэрці ня будзе за што — і самім, і машынам. Думаеш ужо, навошта гэтае жалезьзе ў наш час? Неразумныя людзі завялі краіну ў тупік».

Гамяльчук Віталь кажа, што цяпер куды ні глянь, усюды завоблачныя цэны. Дайшло да таго, што ў «бульбяной краіне» кілё бульбы каштуе даляр:

«Усё даражэе. Зараз бульба каштуе 3 тысячы. Гэта ненармальна. Бачылі па тэлевізары, як Лукашэнка сваімі ручышчамі падняў бульбіну й сказаў: гэта — два даляры. Бульба пайшла за мяжу па дарагой цане — Лукашэнка пусьціў яе. І ў нас яна стала дарагой. Але ж у нас заробкі меншыя, чым за мяжой — у Нямеччыне ці яшчэ недзе там».

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Берасьцейскія прадпрымальнікі перамяшчаюць свой бізнэс ва Ўкраіну

Берасьцейскія прадпрымальнікі пераконваюць, што за апошнія тыдні нясуць вялікія незаплянаваныя страты.

Берасьцейскі прадпрымальнік Уладзімер Катрыч кажа, што апошнім часам з-за нестабільнай сытуацыі на валютным рынку і росту цэнаў страціў даволі вялікія сумы. Шмат яго знаёмых імкнуцца прадаць свой бізнэс. Некаторыя выяжджаюць зь Беларусі. Паводле прадпрымальніка, на сёньня кожнае трэцяе прыватнае прадпрыемства ў суседнім украінскім горадзе Любомлі створана берасьцейскімі прадпрымальнікамі:

«Мы нясем цяпер проста вялізныя страты. Рост цэнаў на паліва — гэта адразу ж павышэньне цэнаў на тавары народнага спажываньня, на прадукты харчаваньня, на ўсё без выключэньня. Гэта значыць, што ўся прадукцыя, як айчыннай, так і замежнай вытворчасьці, падаражэе на 10%».

Першая ластаўка» чарговага падаражэньня — цыгарэты.
У чацьвер раніцай прадпрымальнікі сутыкнуліся з тым, што не змаглі набыць цыгарэты на аптовым складзе «Табак-інвэст»:

«Нам ніхто нічога ня кажа. Супрацоўнікі фірмы кажуць, што прыйшло ўказаньне зь Менску, каб не адпускаць цыгарэты. Я лічу, што тут некалькі прычынаў: заўтра, магчыма, будзе падаражэньне. А па-другое, гэта зьвязана з ростам цэнаў на паліва. Так бы мовіць — першая ластаўка».

Сямейныя патрэбы — 3 мільёны рублёў, маем — толькі паўтара

Сямейны бюджэт бальшыні берасьцейцаў напалову меншы, чым трэба для нармальнага існаваньня. Рост цэнаў трывожыць, кажа жыхар Берасьця Мікалай:

«Мы жывем удваіх, нам у месяц неабходна каля трох мільёнаў, каб нармальна харчавацца, аплочваць камунальныя паслугі. Але ў рэальнасьці маем толькі паўтара мільёна рублёў. Але вось, напрыклад, мой сын. Ён адзін працуе, атрымлівае ў месяц каля 600 тысяч рублёў. За гэты месяц камунальныя паслугі выцягнулі зь сямейнага бюджэту 270 тысяч. Як далей жыць, я ня ведаю, проста шок!».

Берасьцейцы кажуць, што не разумеюць такой сытуацыі, калі ўсё навокал даражэе, калі ў банках няма ня толькі валюты, але і беларускіх грошай, працягвае Мікалай:

«Па тэлебачаньні бачым адно, а на справе — зусім іншае. Таму проста не разумею, што адбываецца, што будзе далей. Гэтая сытуацыя не магла зьявіцца зь ніадкуль. Так і было раней, проста хавалі, а цяпер няма магчымасьці прыкрыць дзіры».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Аўтаперавозчыкі: рыхтуйцеся да яшчэ аднаго павышэньня цэнаў на паліва

Падвышэньнем цэнаў на паліва на 10% большасьць аўтаперавозчыкаў на Гарадзеншчыне абураныя. Але некаторыя схільныя лічыць, што ў хуткім часе трэба чакаць яшчэ вышэйшых цэнаў на аўтазапраўках.

У адной з гарадзенскіх фірмаў, якая займаецца міжнароднымі грузавымі перавозкамі, не хаваючы кажуць, што пры нізкіх цэнах на паліва ў Беларусі можна было заўсёды пачувацца канкурэнтаздольным на рынку заходніх суседзяў.

Што рабіць: бунтаваць на плошчы?
Зрэшты, гаспадыня фірмы спадарыня Сьвятлана кажа, што ранейшая цана паліва хоць нейкім чынам адпавядала ўзроўню нашых заробкаў, а зараз сытуацыя рэзка зьмяняецца.

Спадарыня: «Няма, напэўна, ніводнага чалавека, каму б гэта падабалася. Але што рабіць — ісьці на плошчу бунтаваць? Натуральна, гэта нікому не падабаецца, людзі незадаволеныя. Але ў нас усё зьлюбіцца і сьцерпіцца, наш народ звыкся з маўчаньнем. А кошты нашых паслуг, вядома, будуць падымацца».

Гаспадар прыватнай фірмы, якая займаецца перавозкай пасажыраў, спадар Васіль даволі спакойна паставіўся да падвышэньня цэнаў на паліва. Ён кажа, што ва ўсіх нашых суседзяў, акрамя Расеі, паліва значна даражэйшае, і таму, зь яго слоў, у нас такая цана папросту ня можа болей заставацца.

Білет з Горадні да Менску ў маршрутцы, як ён кажа, зараз каштуе 44 тысячы рублёў, і бліжэйшым часам ягоны кошт яшчэ падвысіцца.

Спадар: «Пасажыраў, вядома, ад гэтага не дадасца, але і ня зьменшыцца моцна. Ну, а тое, што ўсе даражэе — і хлеб, і кавалак каўбасы, — то і нам трэба падымаць кошты. А цана паліва яшчэ пойдзе ўверх, бо ў параўнаньні з цэнамі ў Літве, Польшчы, нават ва Ўкраіне — розьніца. Думаю, што натуральна яшчэ бліжэйшым часам пачакаць падвышэньня цаны на 10%».

Праўда, спадар дадае, што было б нядрэнна, каб кіраўніцтва краіны, падвышаючы цэны на паліва, падумала пра людзкія заробкі і пэнсіі, але сам жа і дадае, што гэта ўжо зусім іншае пытаньне.

Кіраўнік фірмы, якая займаецца пасажырскімі аўтаперавозкамі ў межах гораду, спадар Антон засмучаны, бо заўтра кошт праезду ў маршрутцы падымаецца з 1200 да 1450 рублёў, а цана паліва падвышалася ў сакавіку ўжо двойчы.

Спадар: «Павінен сказаць, што сытуацыя ў нас не зусім сонечная, дый цяжка пакуль пралічыць усё гэта. А сытуацыя наагул невядомая, асабліва ўлічваючы апошнія падзеі. Наагул невядома, што будзе».

ВІЦЕБШЧЫНА


Запраўляць аўтамабілі палівам таньней у Расеі

У віцебскіх прадпрымальнікаў, якія займаюцца пасажырскімі і грузавымі перавозкамі, зьявіўся новы клопат. Пасьля падаражэньня паліва яны вымушаныя падвышаць цэны на свае паслугі і пералічваць кошты самых запатрабаваных маршрутаў.

Паводле супрацоўніка адной з прыватных транспартных фірмаў, кошт паездкі ў мікрааўтобусе зь Віцебску на Полацак і ў зваротным кірунку падвысіўся ў сярэднім ад 30 да 60 тысяч рублёў — у залежнасьці ад віду паліва.

«Да Полацку і назад? Тысяч 170–180 будзе па новых цэнах. Разумееце, цяпер усё пералічваць трэба — на 10% падаражэла паліва зноў, прычым гэта ўжо другі раз, за месяц амаль на 20%, лічыце падаражэла! Цяпер прапарцыйна ўсё перападлічваем…»

У транспартных фірмах чакаюць зьніжэньня попыту на паслугі, якія істотна падаражэлі праз падвышэньне кошту паліва. А таксама гавораць пра непазьбежны рост цэнаў ва ўсіх галінах эканомікі:
Падвысіцца кошт малака, любой дастаўкі тавараў, грузаў… Усё прапарцыйна вырасьце ў цане.

«Дызэльнае паліва цяпер каштуе 3150… Уяўляеце, наколькі гэта будзе істотна для калгасаў і саўгасаў? Падвысіцца кошт малака, любой дастаўкі тавараў, грузаў… Усё прапарцыйна вырасьце ў цане. А ўсё з чыёй кішэні? З нашай!»

На віцебскім аўтавакзале паведамілі, што цэны на білеты яшчэ не зьмяніліся. Але не выключаюць, што зьменяцца бліжэйшымі днямі. З 1 красавіка ў абласным цэнтры падвышаюцца цэны на праезд у грамадзкім транспарце, папярэджваюць кандуктары.

Растуць цэны на будаўнічыя матэрыялы

А вось на віцебскім будаўнічым рынку цэны на тавары павысіліся яшчэ 30 сакавіка — як толькі людзі даведаліся пра павелічэньне транспартных выдаткаў. Рост курсу даляра ды яшчэ рост кошту паліва справакавалі шматразовае падвышэньне цэнаў, распавядае гандляр Аляксей:

«На працягу тыдня ўздым коштаў будзе істотны. У нас цэны падняліся яшчэ ўчора. Гіпсакардон падаражэў на 10 тысяч. Вунь гаспадар яшчэ пералічвае цэны… Можаце сабе ўявіць: тынк каштаваў 32 тысячы, за 20 дзён падаражэў да 35 тысяч, а з учорашняга, я даведаўся, — ужо 40 тысяч! На 10% усе цэны ў Беларусі падвысяцца дакладна такім самым чынам!»

Адзінае, што ратуе віцебскіх прадпрымальнікаў, якія перавозяць грузы, а таксама прыватных аўтаўладальнікаў — гэта магчымасьць заправіцца ў Расеі. Да мяжы ад Віцебску — каля 40 км, і на расейскіх запраўках паліва нашмат таньнейшае. Толькі такім чынам, на іх думку, можна прытармазіць рост цэнаў на тавары і паслугі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG