Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь ня хоча абнародаваць сьпіс непажаданых эўрачыноўнікаў


Belarus - Belarusian-Lithuanian border, 19Jun2008
Belarus - Belarusian-Lithuanian border, 19Jun2008
Беларусь ня будзе публікаваць сьпісы эўрапейскіх і амэрыканскіх чыноўнікаў, якім забараніла ўезд на сваю тэрыторыю. А закрыцьцё офісу АБСЭ ў Менску не азначае зьніжэньня ўзроўню ўзаемадзеяньня з гэтай арганізацыяй. Так заявіў прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных.

Прадстаўнічая польская дэлегацыя ў красавіку зьбіраецца на жалобную цырымонію ў Катынь. Звычайна палякі дабіраліся да Катыні празь Беларусь. Але сёлета, пасьля ўвядзеньня Эўразьвязам візавых санкцый у дачыненьні да беларускіх чыноўнікаў, прэсавы сакратар беларускага МЗС Андрэй Савіных заявіў, што, маўляў, сярод польскіх грамадзянаў, якія паедуць у Катынь, могуць быць і «афіцыйныя асобы, чый удзел прадыктаваны выключна палітычнымі амбіцыямі… якім забаронены ўезд на тэрыторыю Беларусі, але гэта ўжо іх праблемы».

Таму польская дэлегацыя мяркуе дабірацца да Катыні ў абыход Беларусі. На наўпроставае пытаньне, ці будуць абнародаваныя сьпісы эўрапейскіх і амэрыканскіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у Беларусь, прэсавы сакратар МЗС Андрэй Савіных адказаў так:

Андрэй Савіных
Андрэй Фёдараў
«Публікавацца сьпісы ня будуць, а канкрэтную інфармацыю пэрсоны могуць атрымаць пры зьвяртаньні па беларускую візу. Міністэрства замежных спраў не называла ніякіх колькасных парамэтраў дадзенага сьпісу. Мы сказалі толькі, што ён не зьяўляецца „люстраным адбіткам“ сьпісу, падрыхтаванага Эўрапейскім Зьвязам».

Палітоляг Андрэй Фёдараў кажа, што Эўразьвяз апублікаваў сьпіс, а вось ЗША, да прыкладу, так і не апублікавалі. Што да Беларусі, якая таксама не імкнецца абнародаваць сьпісы непажаданых да ўезду, спадар Фёдараў выказаў такое меркаваньне:

«На мой погляд, гэта зроблена дзеля таго, каб гэты сьпіс можна было мяняць беларускаму боку. Ёсьць пэўная колькасьць людзей, якім непажадана з пункту гледжаньня афіцыйнага Менску ўяжджаць у Беларусь, а тут яшчэ хтосьці робіць выказваньні, і тады і яго трэба ўносіць. І што тады — абвяшчаць публічна, што вось яшчэ адзін дададзены да сьпісу? Яны проста сабе спрашчаюць працу. Я мяркую, што асноўная колькасьць тых, хто туды ўваходзіць, ведаюць, што ім сюды наўрад ці ўдасца ўехаць. Іншая справа, што іх гэта ня вельмі моцна бянтэжыць, мне падаецца».

31 сакавіка спыніў сваю дзейнасьць Офіс Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (АБСЭ). Кіраўнік офісу амбасадар Бэнэдыкт Халер пакідае Беларусь. Але гэта не азначае згортваньня адносінаў, сьцьвярджае Андрэй Савіных:

«Мы ўжо неаднаразова заяўлялі пра тое, што Рэспубліка Беларусь плянуе разьвіваць адносіны з АБСЭ па ўсіх кірунках праграмных дзеяньняў. Прысутнасьць назіральнікаў АБСЭ на судовых працэсах — яскравае таму пацьверджаньне. Закрыцьцё офісу ні ў якім разе ня можа азначаць зьніжэньня ўзроўню ўзаемадзеяньня з гэтай арганізацыяй. Наадварот, мы разьлічваем на далейшую інтэнсыфікацыю нашага супрацоўніцтва».

На думку Андрэя Фёдарава, адносіны Беларусі і АБСЭ будуць працягвацца, але яны стануць больш агульнымі і менш значнымі:

«Офіс цягам апошніх дзён займаўся нейкімі адносна дробнымі, але канкрэтнымі справамі, нейкія праграмы тут рэалізаваў. У значна большай ступені, дарэчы, з урадавым бокам, чым з грамадзянскай супольнасьцю. Я ня ўпэўнены, што АБСЭ зараз будзе працягваць спэцыяльныя беларускія праграмы, ня маючы тут свайго прадстаўніцтва. Гэта проста нязручна вельмі — калі трэба тэрмінова вырашаць нейкія пытаньні, празь Вену зносіцца з прадстаўніцтвам? Можа, Беларусь будзе ўдзельнічаць у нейкіх агульных праграмах АБСЭ, але, што тычыцца адмысловых, то, мне падаецца, гэта наўрад ці».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG