Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Неўязны" рэктар Батура: "Канечне, гэта несправядліва. За што?"


22 сакавіка на афіцыйным сайце Эўразьвязу апублікаваны сьпіс новых неўязных. Гэта ў асноўным судзьдзі і пракуроры, якія ўдзельнічалі ў судовых працэсах пасьля 19 сьнежня, кіраўніцтва Міністэрства юстыцыі, міліцэйскія начальнікі, а таксама рэктары беларускіх ВНУ, адказныя за выключэньні студэнтаў з палітычных матываў. Ёсьць у сьпісе і адзін з кіраўнікоў прэзыдэнцкай газэты "Советская Белоруссия".

Як некаторыя зь іх самі ставяцца да забароны ўезду ў краіны Эўразьвязу?

Цяпер агульны сьпіс асобаў, якім забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу, налічвае 175 чалавек — сёньня дадалося 19 новых імёнаў. У сьпісе два пракуроры, дзьве судзьдзі, тры намесьнікі і дарадца міністра юстыцыі. Ніводзін зь іх не пагадзіўся пракамэнтаваць рашэньне Эўразьвязу. Прэсавы сакратар Міністэрства юстыцыі Людміла Мазан кажа:

"Я думаю, што наўрад ці яны будуць камэнтаваць гэтыя сьпісы, я нават перакананая... Я задам пытаньне першаму намесьніку, сёньня міністар у камандзіроўцы... Але, я паўтараю, наўрад ці яны будуць камэнтаваць. А што тут камэнтаваць? Калі сур'ёзныя нейкія рэчы, мы камэнтуем. А так, вы ж разумееце..."

У мінулым сьпісе быў галоўны рэдактар газэты "Советская Белоруссия" Павал Якубовіч і тры ягоныя намесьнікі — Аляксандар Таранда, Сяргей Гардзіенка і Ганна Шадрына. Першы намесьнік галоўнага рэдактара Міхаіл Лябедзік туды ня трапіў. Яго прозьвішча зьявілася толькі цяпер у дадатковым сьпісе. Спадар Лябедзік выказаўся гэтак:

"Ну як можна абсалютнае глупства пракамэнтаваць? Наагул, сьпісы — гэта глупства, любыя сьпісы. Ну, а калі журналістаў ужо туды ўключаюць, гэта, я ня ведаю, быццам бы па-за межамі дабра і зла... Патыхае нафталінам і бог ведае чым. Калі ў сьпісы ўключаюць рэктараў — гэта дрэнна, і журналістаў — дрэнна. Любога чалавека калі пазбаўляюць ягонага права на нармальнае перасоўваньне — гэта наагул маразм".

У сьпісе — некалькі кіраўнікоў вышэйшых і сярэдніх спэцыяльных навучальных установаў. Сярод іх — рэктары Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі — Міхаіл Батура, Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту імя Танка — Пётар Кухарчык, Берасьцейскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Пушкіна — Мечыслаў Часноўскі.

Спадар Часноўскі кажа:

"Адмоўнае меркаваньне. І на гэтым я хацеў бы паставіць кропку. Прабачце, калі ласка. Я ўжо ўсё сказаў".

Рэктар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі Міхаіл Батура кажа, што самая першая рэакцыя ў яго — гэта поўная нечаканасьць: за што?

Усе, хто пажадаў і здолеў — здалі. Хто ня здаў — 9 лютага мы адлічылі некалькі дзясяткаў чалавек, якія, па-мойму, і ня мелі дачыненьня да нейкіх перасьледаў
"Вось калі б было патлумачана, да прыкладу: Іванова Івана Іванавіча — за тое і тое, Пятрова — за гэта, тады быў бы дадзены пасыл для роздуму. А зараз — цэлы спэктар пасылаў для роздуму: за што? Навошта? Канечне, гэта несправядліва — чаму?"

На пытаньне, ці былі выключаны з ВНУ студэнты, якія ўдзельнічалі ў пратэстах 19 сьнежня, рэктар Міхал Батура адказаў так:

"Калі зімовая сэсія скончылася, мы, канечне ж, адлічылі студэнтаў, якія не здалі сэсію экзамэнацыйную. Прычым мы ім усім далі магчымасьць для пераздачы, дадатковыя кансультацыі правялі, дадатковы прыём экзамэнаў... Усе, хто пажадаў і здолеў — здалі. Хто ня здаў — 9 лютага мы адлічылі некалькі дзясяткаў чалавек, якія, па-мойму, і ня мелі дачыненьня да нейкіх перасьледаў... Толькі за непасьпяховасьць".

Беларускі ўнівэрсытэт інфарматыкі і радыёэлектронікі супрацоўнічае з добрым дзясяткам унівэрсытэтаў краінаў Эўразьвязу, кажа рэктар Міхаіл Батура:

"Я, дарэчы, наведваю Эўразьвяз, з партнэрамі працуем. Таму я ня ведаю, каму яны шкоду нанесьлі гэтым рашэньнем. У нас, да прыкладу, у траўні сумесна з Марсэльскім унівэрсытэтам (Францыя) пройдзе ну проста найцікавейшая навуковая канфэрэнцыя "Нанамітынг-2011". Мы разам гэта ладзім. Пройдзе яна, усё адно пройдзе".

Міжнароднымі сувязямі, па словах спадара Батуры, будуць займацца ягоныя прарэктары.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG