Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым менш валюты, тым больш валютных курсаў


У Беларусь вяртаецца сыстэма, пры якой замежная валюта ў розных сытуацыях мае розны кошт. Нацыянальны банк рэкамэндаваў ажыцьцяўляць угоды куплі-продажу валюты паміж банкамі і суб'ектамі гаспадараньня паводле курсу, які ня будзе адхіляцца ад афіцыйнага больш чым на 10%.

Раней гэты калідор ня мог перавышаць 2%. Навіна ня тычыцца продажу валюты праз абменныя пункты, аднак няма гарантыі, што множнасьць курсаў ізноў ня стане рэальнасьцю.

Такі крок у Нацбанку патлумачылі тым, што ў банкаў зьявіцца больш магчымасьцяў для задавальненьня попыту беларускіх прадпрыемстваў на замежную валюту і павысіцца зацікаўленасьць экспартэраў у рэалізацыі сваёй валютнай выручкі. Між тым, экспэрты кажуць пра вымушанасьць такога рашэньня, бо далей штучна стрымліваць працэсы, якія набіраюць сілу, ужо немагчыма. Гаворыць эканаміст дасьледчага цэнтру ІПМ Зьміцер Крук:
Цэнтральны банк гэтым крокам практычна прызнаў: праблемы на валютным рынку існуюць...

"Гэта фактычна прызнаньне той сытуацыі, якая склалася на сёньняшні дзень у Беларусі. Каб неяк ажывіць безнаяўны рынак, гэта перадусім і зроблена. Таму рашэньне шмат у чым вымушанае, і цэнтральны банк гэтым крокам практычна прызнаў: праблемы на валютным рынку існуюць. І дзеля таго, каб хоць неяк стымуляваць продаж валюты, ён быў вымушаны пашырыць ранейшы калідор".

Некаторыя аналітыкі пасьпяшаліся назваць захады Нацбанку вяртаньнем у 90-я, калі паралельна з афіцыйным, але нічым не падмацаваным валютным курсам існаваў рэальны "чорны" курс, паводле якога ажыцьцяўляліся практычна ўсе фінансавыя апэрацыі. Але ці карэктна параўноўваць сытуацыю цяперашнюю з той, якая мела месца больш як дзесяцігодзьдзе таму? Наконт гэтага выказваецца эканаміст Павел Данейка:

"Гэта абсалютна іншая гісторыя, зусім іншая сытуацыя, іншы ўзровень прафэсіяналізму, іншы досьвед працы на ўсіх узроўнях. Пра што тут агульнае можна казаць?".

Разам з тым спадар Данейка перакананы: спробы любым спосабам стрымаць цяперашні курс беларускага рубля да асноўных валют ня маюць асаблівых пэрспэктываў. Адзін з варыянтаў выйсьця — дэвальвацыя рубля:
Сытуацыя стрымліваецца праз, так бы мовіць, стэрылізацыю рублёвай масы і, як вынік, празь зьніжэньне попыту на імпарт як у спажывецкім сэктары, так і ў сэктары рэальным...


"Я даўні прыхільнік дэвальвацыі, мне здаецца, што ў такім выпадку гэта была б нашмат больш эфэктыўная эканоміка. Але ў нас на гэта іншы пункт гледжаньня. І МВФ, дарэчы, мінулым разам трымаўся якраз іншага гледзішча. Што да нашага канкрэтнага выпадку, то я ня бачу тут ніякіх падводных плыняў. Проста мы маем вельмі моцны дэвальвацыйны ціск. Сытуацыя стрымліваецца праз, так бы мовіць, стэрылізацыю рублёвай масы і, як вынік, празь зьніжэньне попыту на імпарт як у спажывецкім сэктары, так і ў сэктары рэальным. Але, як мне падаецца, усё роўна гэтых захадаў недастаткова, каб збалянсаваць валюту ў краіне".

Некалькі валютных курсаў у Беларусі ўсталяваліся яшчэ да сёньняшняй рэкамэндацыі Нацыянальнага банку. Ад моманту ўвядзеньня забароны на набыцьцё валюты празь біржу курс даляра на чорным рынку падскочыў да 3800 рублёў, а ў некаторых выпадках перавышаў і 4000 рублёў за даляр, што нашмат больш за легалізаваны цяпер пазабіржавы курс у 3300 рублёў. Ад 1 красавіка на біржы паводле афіцыйнага курсу можна будзе набыць валюту толькі на пэўныя мэты, таму застаецца гадаць: ці будзе ўсталяваны Нацбанкам калідор дастатковым, каб у краіне зноў ня ўзьнікла некалькі паралельных курсаў?

Падзеі на фінансавым рынку адбіваюцца ня толькі на суб'ектах гаспадараньня, але і на звычайных грамадзянах. Многія пераводзяць рублёвыя ашчаджэньні ў валюту, а некаторыя, не давяраючы банкам, намагаюцца забраць свае валютныя ўклады. Але рэалізаваць і тое, і другое досыць складана: попыт на даляры і эўра па-ранейшаму перавышае магчымасьці банкаў, а вяртаньне ўкладаў расьцягваецца на неакрэсьлены тэрмін. Ці можа ажыятаж спрычыніць масавыя набегі на банкаўскія ўстановы? Цікаўлюся ў фінансавага аналітыка Кацярыны Сьмірновай:
Каб было нармальнае тлумачэньне сытуацыі з боку банкаў, то такая сытуацыя кожны дзень не распальвалася б толькі больш і больш...


"У сапраўднасьці тут вельмі шмат усялякіх "але". Для таго, каб гаварыць пра нейкія масавыя рэчы, трэба разумець, якім чынам будуць паводзіць сябе ўсе ўдзельнікі рынку. То бок — змадэлюйце сытуацыю. Напрыклад, нават той чалавек, які не зьбіраўся карыстацца сваім валютным укладам на працягу найбліжэйшага году, ня маючы неабходнай інфармацыі і пры наяўнасьці масы чутак пра тое, што нешта такое насьпявае, вядома, можа прыняць рашэньне і пабегчы забіраць гэты свой уклад. Але каб была нармальная зразумелая інфармацыя, нармальнае тлумачэньне сытуацыі з боку ўласна банкаў, з боку Нацыянальнага банку, то я перакананая, што такая сытуацыя кожны дзень не распальвалася б толькі больш і больш".

У камэнтарах на сайце "Свабоды" да ўчорашняга матэрыялу пра сытуацыю з валютнымі ўкладамі нашы чытачы пішуць, што ўжо сутыкнуліся з пэўнымі цяжкасьцямі. Так, каб забраць валютны ўклад, жыхару Ліды прапанавалi напiсаць заяву i прыйсьцi праз 5 дзён. "Зь нецярпеньнем чакаю часу, каб забраць сваё з тонучага карабля", — напісаў ён. А Віктару з Баранавічаў сказалі, што заяву на выдачу сродкаў прымуць толькі пасьля 3 красавіка, а выплацяць грошы "пасьля яе станоўчага разгляду".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG