Улады вырашылі абмежаваць у Беларусі доступ да папулярнага музычнага прыкладаньня Spotify. Пра гэта папярэдзіла 27 лістапада Міністэрства падаткаў і збораў.
«Вымушаныя канстатаваць, што музычны сэрвіс платніка-нерэзыдэнта, нягледзячы на актыўную зь ім працу, не пагасіў запазычанасьці перад бюджэтам Рэспублікі Беларусь па падатку на дабаўленую вартасьць», — гаворыцца ў паведамленьні ведамства.
Менавіта ў зьвязку з гэтым МПЗ прыняла рашэньне з 1 сьнежня абмежаваць доступ да Spotify. З гэтай даты распаўсюд зьмесьціва музычнага дадатку ў Беларусі спыніцца.
«Паважаныя мэляманы, у пытаньнях, зьвязаных зь вяртаньнем грашовых сродкаў за неаказаныя паслугі, трэба зьвяртацца да кампаніі-нерэзыдэнта, у адрас якой ажыцьцяўляўся пералік складак за падпіску», — заявілі ў міністэрстве.
Пра які падатак гаворка?
Першыя пагрозы абмежаваць працу Spotify ў Беларусі пачуліся ў ліпені сёлета. Прычына ў тым, што швэдзкая арганізацыя не заплаціла 25% «падатку на Google», які ў 2018-м увялі ўлады.
Пазьней Spotify наагул перасаў адказваць на заклікі Менску гэта зрабіць.
Паводле гэтага закону, замежныя арганізацыі, якія аказваюць электронныя паслугі фізычным асобам у Беларусі, павінны выплачваць у беларускі бюджэт ПДВ. Стаўка падатку — 20%, што адпавядае агульнай стаўцы, якая ўжываецца ў Беларусі.
У першы год дзеяньня «падатку на Google» ён прынёс беларускаму бюджэту 15,8 мільёна рублёў. Яшчэ больш плённым стаўся 2020 год, калі Міністэрству падаткаў і збораў удалося спагнаць з замежных кампаніяў 47 мільёнаў рублёў.
Агулам на ўліку ў падатковых органах па стане на 2021 год было 87 замежных арганізацый — платнікаў гэтага падатку, у тым ліку Google, Microsoft, Amazon, Apple, Booking.com. Многія зь іх ня могуць плаціць падаткі ў Беларусі, бо супраць дзяржавы ўведзеныя міжнародныя санкцыі, у тым ліку на банкаўскія апэрацыі і апэрацыі зь дзяржаўнымі органамі.
У 2026 годзе міністэрства заяўляла, што на кантролі мае ўжо 110 арганізацый. Але ці ўсе зь іх плацяць падаткі і ці шмат такіх як Spotify, якія адмаўляюцца гэта рабіць — невядома.
Пры гэтым і пераход на расейскія плятформы, як паказала практыка, не заўсёды ёсьць добрым выйсьцем. Напрыклад, пасьля ўкраінскіх трапных удараў па Расеі зьявіліся вялікія цяжкасьці ў карыстаньні службамі Яndex.
Форум