Папулярны швэдзкі стрымінгавы сэрвіс Spotify можа спыніць працу ў Беларусі. Міністэрства падаткаў і збораў Рэспублікі Беларусь зрабіла апошняе папярэджаньне кампаніі.
Прычына ў тым, што швэдзкая арганізацыя не заплаціла 25% «падатку на Google», які ўвялі ўлады ў Беларусі. А цяпер увогуле не рэагуюць на заклікі Менску гэта зрабіць.
«Усе патрэбныя захады ветлівай прафіляктыкі падатковыя органы зрабілі, і тэрміны, у якія рэкамэндавалася пагасіць запазычанасьць, скончыліся. Нават прапановы аб спрыяньні ў правядзеньні плацяжоў не знайшлі водгуку. А лісты, накіраваныя на электронную пошту платніка-нерэзыдэнта, засталіся без адказу», — паведамілі ў міністэрстве.
Таксама там падкрэсьлілі, што «заўсёды імкнуцца вырашыць пытаньне выплаты падаткаў мірным спосабам». Spotify назвалі «даўжніком» і адзначылі, што ён займаўся «актыўным ігнараваньнем сваіх абавязкаў».
Далей у сваім паведамленьні ведамства перайшло да пагрозаў:
«Беларусь больш не гарантуе замежнаму даўжніку якасьці сэрвісу».
Падобна, у ведамстве спадзяюцца, што Spotify пачне неяк рэагаваць на падзеі толькі ў выпадку незадаволенасьці кліентаў. У беларускім ведамстве мяркуюць, што пагаршэньне якасьці працы праграмы «хутчэй за ўсё, справакуе масавыя прэтэнзіі пастаўніку зьмесьціва з патрабаваньнямі аб вяртаньні сродкаў».
У канцы свайго паведамленьня Міністэрства падаткаў і збораў адзначыла, што чакае далейшых падзей і ўжо «падрыхтавала сюрпрызы». Раскрываць падрабязнасьці ў ведамстве пакуль ня сталі.
Што такое «падатак на Google»?
1 студзеня 2018 году ў Беларусі ўвялі так званы «падатак на Google». Замежныя арганізацыі, якія аказваюць электронныя паслугі фізычным асобам у Беларусі, павінны выплачваць у беларускі бюджэт ПДВ. Стаўка падатку — 20%, што адпавядае агульнай стаўцы, якая ўжываецца ў Беларусі.
Пад электронныя паслугі, пры рэалізацыі якіх павінен выплачвацца ПДВ, падпадаюць паслугі, зьвязаныя з продажам праз інтэрнэт кампутарных праграм, гульняў, музыкі, фільмаў, электронных кніг і іншага лічбавага зьмесьціва.
У першы год дзеяньня «падатку на Google» ён прынёс беларускаму бюджэту 15,8 мільёна рублёў. Яшчэ больш плённым стаўся 2020 год, калі Міністэрству падаткаў і збораў удалося спагнаць з замежных кампаніяў 47 мільёнаў рублёў.
За першыя тры гады дзеяньня закону Беларусь зарабіла на гэтым падатку 88 мільёнаў рублёў.
У наступныя гады, аднак, прыбытак бюджэту зьнізіўся — шэраг кампаній праз санкцыі пакінуў або абмежаваў свой удзел на беларускім рынку. Дакладных лічбаў прыбытку Беларусі ад названага падатку пасьля 2020 году ніхто не раскрываў.
Агулам на ўліку ў падатковых органах па стане на 2021 год было 87 замежных арганізацый — платнікаў гэтага падатку, у тым ліку Google, Microsoft, Amazon, Apple, Booking.com. Многія зь іх ня могуць плаціць падаткі ў Беларусі, бо супраць дзяржавы ўведзеныя міжнародныя санкцыі, у тым ліку на банкаўскія апэрацыі і апэрацыі зь дзяржаўнымі органамі.
У 2026 годзе міністэрства заяўляла, што на кантролі мае ўжо 110 арганізацый. Але ці ўсе зь іх плацяць падаткі і ці шмат такіх як Spotify, якія адмаўляюцца гэта рабіць — невядома.
Форум