Другая гуманітарная місія за дзень. Церазь Беларусь ва Ўкраіну вярнуліся дзеці

Дзеці, якія вярнуліся ва Ўкраіну, 27 лістапада 2026 году
Дзеці, якія вярнуліся ва Ўкраіну, 27 лістапада 2026 году

Наймалодшаму зь іх — восем гадоў.

27 лістапада на падкантрольную Ўкраіне тэрыторыю вярнуліся 10 чалавек з акупаваных тэрыторыяў і Расеі, дзевяцёра зь іх — дзеці, паведаміў упаўнаважаны Вярхоўнай Рады ў правах чалавека Дзьмітры Лубінец.

Акрамя таго, вярнулі паўналетнюю выхаванку Алешкаўскага дзіцячага дому-інтэрнату.

«Геаграфія гэтага вяртаньня ахоплівае чатыры кірункі: дзеці знаходзіліся на часова акупаваных тэрыторыях Херсонскай і Запароскай абласьцей, у Крыме і на тэрыторыі РФ. Наймалодшаму дзіцяці восем гадоў», — паведаміў амбудсмэн.

Перавозку дзяцей арганізаваў Офіс амбудсмэна пры пасярэдніцтве першай лэдзі Злучаных Штатаў Мэланіі Трамп.

«Геаграфія гэтага вяртаньня ахоплівае чатыры кірункі: дзеці знаходзіліся на часова акупаваных тэрыторыях Херсонскай і Запароскай абласьцей, у Крыме і на тэрыторыі РФ. Наймалодшаму дзіцяці восем гадоў.

Таксама сярод тых, хто вярнуўся, — паўналетняя выхаванка Алешкаўскага дзіцячага дому-інтэрнату. Гэта асобная катэгорыя, якую мы вяртаем: моладзь ва ўзросьце 18–23 гадоў, якая застаецца на часова акупаваных тэрыторыях або ў РФ.

У групе, якая сёньня перасекла мяжу, была бабуля, якая суправаджала ўнука і плянуе застацца на падкантрольнай Украіне тэрыторыі», — паведаміў Лубінец.

Паводле амбудсмэна, працэс вяртаньня некаторых дзяцей доўжыўся больш за год.

Абмен адбываўся церазь Беларусь. Тут дзяцей пакармілі цёплай бульбай і нагетсамі і далі з сабой беларускія прысмакі, паведаміла БелТА.

Прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі ўдакладніў, што ад пачатку поўнамаштабнага ўварваньня РФ Украіне ўдалося вярнуць 2875 дзяцей.

Паводле афіцыйных зьвестак Украіны, за час поўнамаштабнай вайны ў Расеі і на акупаваных тэрыторыях апынуліся больш за 20 тысяч украінскіх дзяцей. У той жа час упаўнаважаны Вярхоўнай Рады ў правах чалавека Дзьмітры Лубінец выказваў меркаваньне, што Расея незаконна вывезла з Украіны каля 150 тысяч дзяцей, а ўпаўнаважаная Вярхоўнай Рады ў правах дзіцяці Дар’я Герасімчук называла лічбу «некалькі сотняў тысяч дзяцей, гэта значыць прыкладна 200–300 тысяч».

У сакавіку 2023 году Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэры на арышт прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і расейскай упаўнаважанай у правах дзіцяці Марыі Львовай-Бяловай. Іх падазраюць ва ўчыненьні ваенных злачынстваў — гвалтоўнай дэпартацыі і перамяшчэньні насельніцтва, у тым ліку дзяцей, з акупаваных тэрыторыяў Украіны. У Маскве гэтыя абвінавачаньні адмаўляюць.

Расейская ўпаўнаважаная ў правах дзіцяці Марыя Львова-Бялова ў ліпені 2023 году заявіла, што ад пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расея «прыняла» каля 4,8 мільёна жыхароў Украіны, зь іх больш за 700 тысяч — дзеці. Паводле яе, большасьць украінскіх дзяцей нібыта прыехалі ў Расею з бацькамі або іншымі сваякамі.

Раней сёньня церазь Беларусь ва Ўкраіну вярнуліся 23 чалавекі сталага веку, а 20 чалавек у гадах выехалі з Украіны, каб трапіць у Расею, перадавала БелТА.


​
XS
SM
MD
LG