Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла прывітала беларусаў з гадавінай «аднаго з найбольш слаўных чынаў нашага народу, калі ў 1920-м, праз два гады пасьля абвяшчэньня незалежнасьці, ён выйшаў бараніць сваю зямлю ад усходняга захопніка»:
«Адчуваю бясконцую ўдзячнасьць нашым героям, якія былі гатовыя аддаць жыцьцё, каб жыла Беларусь!»
Спадарыя Івонка прыгадала аднаго зь іх, з якім у дзяцінстве была знаёмая асабіста, вядомага дзеяча беларускага руху ў Францыі Лявона Рыдлеўскага, які быў слуцкім паўстанцам:
«Мела вялікі гонар у маім дзяцінстве ведаць некаторых з гэтых герояў. Некалькі гадоў таму была ў Лёндане на аднаўленьні магілы Лявона Рыдлеўскага, які ўсё жыцьцё заставаўся верным ідэалам, за якія змагаліся Случчакі».
Івонка Сурвіла заклікала беларусаў 27-га лістапада адзначыць памяць тысячаў землякоў, якія хацелі стрымаць чужую агрэсію на наш край, пачытаць творы на гэтую тэму Васіля Быкава, Кастуся Акулы ці даклады Міколы Пачкаева:
«Сёньня нашыя змагарныя дарогі выглядаюць зусім інакш. Толькі вораг той самы, і краінаю кіруе чалавек, які, каб зьберагчы сваю ўладу, прадаў нашую Рэспубліку, за незалежнасьць якой мы змагаліся ледзь не стагодзьдзе.
Затое мы паказалі сьвету, што мы ведаем, хто мы, і, як і кожны народ сьвету, хочам быць гаспадарамі на сваёй зямлі. У 2020-м годзе сьвет нарэшце зразумеў, што мы вальналюбны народ і што мы будзем змагацца, пакуль ня вызвалім нашай дзяржавы і пакуль ня зможам перадаць яе — вольнай і незалежнай — нашым дзецям і нашым унукам».
Івонка Сурвіла згадала сотні тысячаў беларусаў, якія пакінулі сваю краіну не са свае волі, заклікала бараніць беларускую мову, культуру і каштоўнасьці, як іх баранілі папярэднія хвалі беларускай эміграцыі.
Хто такі Лявон Рыдлеўскі
Лявон Рыдлеўскі (1903–1953) — удзельнік Слуцкага збройнага чыну і антынацыстоўскага партызанскага руху Макі ў Францыі, дзяяч беларускіх арганізацыяў у Чэхіі, Францыі і БНР.
Рыдлеўскі быў адным з наймаладзейшых байцоў Слуцкага збройнага чыну (1920). У 1921 годзе ён удзельнічаў у антысавецкім партызанскіх руху на Палесьсі. У 1940–1945 гадах ваяваў супраць нацыстаў у складзе францускага Іншаземнага легіёну і партызанскіх аддзелаў макí.
Рыдлеўскі быў віцэ-прэзыдэнтам Рады БНР, паплечнікам Міколы Абрамчыка.
Калі паўстала Міжнародная арганізацыя ў справах уцекачоў (IRO), Лявон Рыдлеўскі стаў яе беларускім прадстаўніком у Парыжы.
Быў адным з тых, хто спрычыніўся да ўратаваньня каля двухсот беларусаў з Даніі ад выдачы сталінскаму ўраду, казала старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла, маючы на ўвазе і сваю сям’ю.
Што трэба ведаць пра Слуцкі Збройны чын
- У лістападзе 1920 году тэрыторыя Случчыны апынулася па-за кантролем як польскіх войскаў, якія адышлі на захад, так і савецкіх, якія яшчэ на Случчыну не прыйшлі.
- У сярэдзіне лістапада ў Слуцку сабраўся зьезд Случчыны з удзелам 107 правадзейных дэлегатаў з усіх валасьцей і мястэчак рэгіёну.
- Зьезд абраў Раду Случчыны, абвясьціў Случчыну тэрыторыяй Беларускай Народнай Рэспублікі і заклікаў да ўзброенага змаганьня за незалежнасьць Беларусі.
- Пачалася мабілізацыя. Усяго за некалькі дзён пад кіраўніцтвам прафэсійных вайскоўцаў-беларусаў была створаная рэгулярная вайсковая брыгада ў складзе двух палкоў — Першага Слуцкага і Другога Грозаўскага.
- Агульная колькасьць брыгады складала чатыры тысячы чалавек. 26 лістапада брыгада ўступіла ў першы бой з бальшавікамі.
- Няроўнае змаганьне за Случчыну зь пераважнымі сіламі савецкай Расеі працягвалася крыху больш за месяц. У канцы сьнежня случакі перайшлі дэмаркацыйную лінію да палякаў і былі раззброеныя. Але ня ўсе. Некаторыя аддзелы як партызанскія атрады ваявалі з бальшавікамі ў БССР да сярэдзіны 20-х гадоў.