Як паведаміла Беларуская служба Польскага радыё, гэтыя зьвесткі знайшоў дасьледнік, пісьменьнік, дацэнт ЭГУ Ўладзіслаў Гарбацкі, які на 100-годзьдзе з дня нараджэньня айца Аляксандра Надсана рыхтуе біяграфічную кнігу пад працоўнай назвай «Партрэт лёнданскага беларуса (Сэнсы жыцьця айца Аляксандра Надсана)». Кніга мае выйсьці ў выдавецтве Skaryna Press.
Уладзіслаў Гарбацкі паведаміў, што знайшоў у архіве Скарынаўскай бібліятэкі ў Лёндане ліст ад бацькі айца Надсана. Антон Бочка пісаў сваёй былой жонцы Ганьне, распытваў пра сына і цікавіўся магчымасьцю сустрэчы. У ім ён напісаў свой адрас у Будзаве Ўроцлаўскага ваяводзтва (Польшча).
Дасьледнік адшукаў у Будзаве магілу Антона Бочкі і пагаварыў зь мясцовымі жыхарамі, якія яго памятаюць. Бацька Надсана памёр 6 кастрычніка 1973 году.
Уладзіслаў Гарбацкі паведаміў, што Антон Бочка працаваў настаўнікам матэматыкі ў той самай школе, дзе вучыўся малады Алесь Бочка.
«Ён зьмяніў прозьвішча на Надсан ужо падчас вайны, калі перабраўся на Захад — спачатку ў Францыю, потым у Італію, у войска Андэрса. Таксама вядома, што Антон быў досыць строгім бацькам», — сказаў ён.
Паводле дасьледніка, Антон Бочка актыўна ўдзельнічаў у Слуцкім збройным чыне, уваходзіў у так званую «тройку» — вайсковую групу, зьвязаную з БНР. Ён нават пакінуў невялікія ўспаміны пра Слуцкі збройны чын.
«Да вайны Антон Бочка вучыўся ў Віленскай настаўніцкай сэмінарыі. Пазьней ажаніўся з маці айца Аляксандра — настаўніцай з Расеі, якая нейкім чынам апынулася на беларускіх землях. Пазнаёміліся яны ў Клецку. Яшчэ адзін цікавы факт: падчас Другой усясьветнай вайны Антон Бочка ўдзельнічаў у Беларускай краёвай абароне ў якасьці інструктара. Ён меў значны вайсковы досьвед, бо служыў яшчэ падчас Першай усясьветнай вайны, а пазьней удзельнічаў у Слуцкім збройным чыне. Калі вайна скончылася і прыйшлі Саветы, ён зьнік. Гісторыкі меркавалі, што Антон быў вымушаны хавацца, каб выратаваць жыцьцё. Было зразумела, што ён, хутчэй за ўсё, выехаў на Захад. Але куды менавіта — мы ня ведалі, пакуль не знайшлі гэты ліст з Польшчы, з Сылезіі», — расказаў Уладзіслаў Гарбацкі.
Хто такі Аляксандар Надсан
Сёлета 8 жніўня адзначалася 100-годзьдзе з дня нараджэньня Аляксандра Надсана — выбітнага беларускага асьветніка, уніяцкага сьвятара і заснавальніка Беларускай бібліятэкі і музэю імя Францішка Скарыны ў Лёндане.
Аляксандар Надсан (сапр. Бочка) нарадзіўся 8 жніўня 1926 г. у м. Гародзеі пад Нясьвіжам у сям’і настаўнікаў. Скончыў Нясьвіскую настаўніцкую сэмінарыю (1943) і курсы кіраўнікоў Саюзу беларускай моладзі. З 1944 году на эміграцыі. Ваяваў у 2-м Польскім корпусе генэрала Андэрса, паранены ў бітве пад Монтэ-Касына (Італія).
Выпускнік матэматычнага факультэту Лёнданскага ўнівэрсытэту (1953). Стваральнік і кіраўнік (1951–53) Згуртаваньня беларусаў Вялікай Брытаніі. Магістар багаслоўя Грэцкай калегіі ў Рыме (1953–58). У 1958-м высьвячаны на сьвятара.
Дырэктар школы-інтэрнату імя Кірылы Тураўскага пры Беларускай каталіцкай місіі (1966–75). Заснавальнік і кіраўнік Беларускай бібліятэкі і музэю імя Ф. Скарыны ў Лёндане (з 1971). Кіраўнік Беларускае каталіцкае місіі ў Вялікай Брытаніі (з 1981). Апостальскі візытатар для беларусаў-каталікоў у замежжы (з 1986). Старшыня Беларускага камітэту дапамогі ахвярам радыяцыі ў Вялікай Брытаніі (з 1989).
Пераклаў з грэцкай мовы на беларускую корпус усходніх літургічных тэкстаў. Аўтар больш як 250 навуковых публікацыяў, кніг з гісторыі Беларусі і гісторыі беларускага хрысьціянства ХХ ст, малітоўніку «Госпаду памолімся» (2002), зацьверджанага Ватыканам як афіцыйнага тэксту набажэнстваў Беларускай грэка-каталіцкай царквы.
Вызначыў год выданьня «Малой падарожнай кніжкі» Скарыны (1522), а таксама расчытаў і ўвёў у навуковы ўжытак кітабы беларускіх татараў.
Форум