Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна былі адзначаныя спэцыяльнай узнагародай Рады брытанскай арганізацыі Index on Censorship («Індэкс цэнзуры»), паведаміў БАЖ.
«Андрэй — частка сям’і Index, і тое, праз што давялося прайсьці яму і яго жонцы Ірыне — працяглы час у турмах Лукашэнкі за падтрымку суайчыннікаў-беларусаў, — стала ўдарам па свабодзе выказваньня, — адзначыла кіраўніца „Індэкса цэнзуры“ Джэмайма Стайнфэлд. — З іншага боку, іх дзеяньні, з‑за якіх яны апынуліся пад прыцэлам рэжыму Лукашэнкі, — гэта тое, што заслугоўвае ўшанаваньня.
Нават у самыя змрочныя часы яны працягвалі адстойваць свае перакананьні і ствараць. Для нас было гонарам апублікаваць вершы, напісаныя Андрэем у зьняволеньні, і сёньня для нас вялікі гонар ушанаваць яго і Ірыну. Разам з тым мы далучаемся да іх заклікаў да неадкладнага вызваленьня ўсіх астатніх палітвязьняў у Беларусі. Гэтае сьвяткаванбне — толькі частковае, пакуль столькі людзей застаюцца за кратамі».
Падчас цырымоніі Андрэй назваў імёны 16 журналістаў, якія дагэтуль знаходзяцца за кратамі ў Беларусі.
«Яны застаюцца для мяне натхненьнем і матывацыяй да дзеяньняў, — адзначыў Аляксандраў. — Я назваў іх, каб гэтыя людзі хаця б сымбалічна апынуліся разам з намі — бо іх месца тут побач са мной, а не ў турме. Гэтая ўзнагарода — для ўсіх іх. Для ўсіх тых, хто адмаўляецца маўчаць, калі бачыць несправядлівасьць, тыранію і гвалт. Сёньня я маю гонар быць іх голасам — таксама, як „Індэкс“ і шмат хто з маіх калегаў былі маім голасам апошнія шэсьць гадоў».
Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна былі асуджаныя па «справе БелаПАН» і адбылі ў зьняволеньні болей за пяць год і восем месяцаў. 16 верасьня 2026 ў выніку перамоў з уладамі Беларусі прадстаўніка ЗША Джона Коўла Ірыну Злобіну і Андрэя Аляксандрава вызывалілі і вывезьлі ў Літву.
Свабода слова ніколі не была для іх абстрактным паняцьцем, сказала падчас цырымоніі Ірына Злобіна, у яе ёсьць кошт, і сёньня каля тысячы чалавек у Беларусі працягваюць яго плаціць.
«Майго мужа арыштавалі ў адзін дзень са мной. Калі ён выйшаў на волю амаль праз шэсьць гадоў зьняволеньня, першае, пра што ён спытаў у Джона Коўла: калі будуць вызваляць людзей, якія засталіся за кратамі. Пазьней хтосьці прадставіў яго як „былога журналіста“, на што ён мякка запярэчыў: былых журналістаў не бывае. Думаю, ён мае рацыю, — адзначыла Злобіна. — Нават у турме людзі знаходзяць спосабы зьбіраць навіны, правяраць іх і перадаваць далей — без тэлефонаў, інтэрнэту і рэдактараў. Гэта дапамагае людзям захоўваць здаровы розум і сумленнасьць у разуменьні таго, што іх чакае наперадзе».
Index on Censorship («Індэкс цэнзуры») — брытанская арганізацыя, якая праводзіць кампаніі за свабоду выказваньня. Яна была заснаваная ў 1972 годзе. Ад 2001 году яна ўручае штогадовыя Freedom of Expression Awards — узнагароды ў галіне свабоды выказваньня.
Форум