Расейскія войскі накіравалі ўдар на Дзясьнянскі раён украінскай сталіцы, дзе месьціцца найбольшая ЦЭЦ. Згодна з інфармацыяй уладаў Кіева, расейскія ракеты пацэлілі ў забудову на тэрыторыі прамысловай зоны, у нежылое памяшканьне, а таксама ў гандлёвы цэнтар.
У Генэральным штабе Ўзброеных сілаў Украіны паведамілі, што ў ноч на 25 лістапада атакавалі вайсковы аэрадром «Савасьлейка» у Ніжагародзкай вобласьці, які выкарыстоўваюць для абстрэлаў украінскіх мірных гарадоў.
«Папярэдне, тры расейскія самалёты МіГ-31 і два Су-34 пэўны час лятаць ня змогуць — па іх улучылі. Ступень пашкоджаньня ўдакладняецца. Ёсьць імавернасьць яшчэ лепшых навін», — зазначылі ва ўкраінскім Генэральным штабе.
Су-34М могуць адначасова несьці некалькі кіраваных і фугасных авіябомбаў, ракеты рознага тыпу. Гэта адзін з ключавых сродкаў расейскай авіяцыі для ўдараў па ўкраінскіх пазыцыях на фронце і ў прыфрантавых гарадах. МіГ-31 могуць несьці ракеты «Кінжал», якімі Расея атакуе тылавыя абшары Ўкраіны.
У Луганскай вобласьці, у раёне акупаванага расейцамі паселішча Караван-Салодкі, улучылі ў расейскую радыёлякацыйную станцыю П-18, якая выяўляе далёкія паветраныя цэлі і перадае зьвесткі супрацьпаветранай абароне.
Украінскія сілы нанесьлі ўдары па складах з палівам і боепрыпасамі і ў іншых раёнах Луганскай і Данецкай вобласьцяў.
Сёлета ўкраінскія сілы ў ноч на 15 кастрычніка нанесла ўдар ракетамі «Фламінга» па авіяцыйнай вайсковай частцы ў Барысаглебску Варонескай вобласьці. Пасьля ўдару на тэрыторыі базы пачаўся маштабны пажар.
На гэтым аэрадроме базуюцца зьнішчальнікі і бамбавікі Су-34 і Су-35, зь якіх вядзецца прыцэльны абстрэл украінскіх пазыцыяў і прыфрантавых гарадоў. Там жа разьмяшчаюцца склады авіябомбаў, а таксама вялікія рэзэрвуары з палівам для вайсковай авіяцыі.
Згодна з інфармацыяй украінскага боку, тады ў выніку ўдару зьнішчылі 4 бамбавікі Су-34М і яшчэ два пашкодзілі, а таксама зьнішчылі тэхнічнае абсталяваньне для палётаў авіяцыі. Зафіксаваныя паўторныя дэтанацыі і пажар на тэрыторыі аэрадрому.
Расейскі бок традыцыйна не камэнтуе наступстваў ўкраінскіх удараў па вайсковых аб’ектах на тэрыторыі Расеі.
Ва ўмовах вайны ў незалежных крыніцах немагчыма пацьвердзіць або зьняпраўдзіць інфармацыю, якую распаўсюджваюць абодва бакі.
Форум