У Беларусі пабіты шматгадовы рэкорд продажу нерухомасьці замежнікам, паведаміў партал banki24. Абнаўленьне максымуму адбылося датэрмінова, да завяршэньня каляндарнага году.
За 9 месяцаў 2026 году продаж фізычнымі асобамі-рэзыдэнтамі Рэспублікі Беларусь аб’ектаў нерухомасьці нерэзыдэнтам дасягнуў 225,2 млн. даляраў у эквіваленце. Гэта значыць, што датэрмінова абноўлены шматгадовы максымум пакупак ад 2014 годау.
У 2014-м за 12 месяцаў інвэстары ў беларускую нерухомасьць набылі яе на 221,4 млн USD.
Вынікі ўгодаў за ўвесь 2026 год будуць падведзеныя ў канцы будучай зімы. Але ўжо цяпер зразумела дасягнутыя рэкордныя лічбы. Раней banki24 ацэньвалі, што гадавыя пакупкі нерухомасьці замежнікамі дарастуць да ≈250 млн USD.
Іншаземцаў, на думку рэдакцыі парталу, у Беларусі вабіць высокая даходнасьць апэрацый зь нерухомасьцю. З апэратыўных зводак за 9 месяцаў бізнэсы, якія працуюць зь нерухомай маёмасьцю ў Беларусі, паказалі рэнтабэльнасьць продажаў на ўзроўні 22,5%.
Апэрацыі зь нерухомасьцю на сёньня забясьпечваюць найбольшую фінансавую аддачу ў эканоміцы. У Менску паказчыкі яшчэ вышэйшыя за сярэднія па краіне, — на адзнацы 25,1% за 9 месяцаў, і гэта таксама першае месца сярод галінаў эканомікі.
Калі ў наступным годзе працягнецца магутнае крэдытаваньне фізычных асобаў, то вынікі з высокай імавернасьцю перасягнуць посьпехі 2026 году, робіць прагноз сайт. Тады магчыма, што аб’ёмы продажаў перасягнуць плянку ў 300 млн даляраў.
Пераважную большасьць замежнікаў, якія набываюць нерухомасьць у Беларусі, складаюць расейцы. Напрыклад, сёлета ў сакавіку 10% прададзеных менскіх кватэраў апынуліся ў валоданьні якраз расейскіх грамадзянаў.
Што гэта значыць
Павелічэньне аб'ёмаў продажаў нерухомасьці — адзін з чыньнікаў, якія абумоўліваюць высокі попыт на кватэры і дамы ў Беларусі. Праз гэта цэны ня толькі не зьніжаюцца, але нават растуць. Нягледзячы на выезд з краіны тысячаў беларусаў пасьля 2020 году з палітычных і эканамічных прычынаў.
Асноўны скачок цэнаў на нерухомасьць прыпаў на 2025–2026 гады. За год (ліпень 2025 да ліпеня 2026 году) нерухомасьць у Менску падаражэла на 27%. У жніўні рост цэнаў пачаў запавольвацца і склаў 3% за месяц, а ў верасьні толькі 0,2%. Агулам за 6-7 апошніх гадоў цана на кватэры ў пэўных выпадках вырасла на 50–70%. Напрыклад, двухпакаёўку ў хрушчоўцы ў Менску ў 2019 годзе можна было набыць за 50–60 тысяч даляраў. Цяпер такія каштуюць удвая даражэй.
Што да іншых гарадоў, то недзе цэны таксама зьніжаюцца, але недзе — не. Напрыклад, у Берасьці з пачатку месяца цана квадрата на другасным рынку зьнізілася да 1447 даляраў за мэтар з 1464 у пачатку месяца. У Магілёве цана квадрата на другасным рынку зьнізілася да 1168 даляраў, у пачатку месяца была 1172. А вось у Горадні, напрыклад, цана квадрата на другасным рынку за лістапад амаль не зьмянілася.
Форум