Як паведамілі ў Гомельскім аблвыканкаме, ганаровымі гасьцямі на цырымоніі былі кіраўнікі замежнапалітычных ведамстваў Беларусі і Расеі Максім Рыжанкоў і Сяргей Лаўроў. Прысутнічалі таксама старшыня Гомельскага аблвыканкаму Руслан Пархамовіч і архіяпіскап Гомельскі і Жлобінскі Стэфан.
«Помнік-бюст графу Мікалаю Румянцаву, які адыграў значную ролю ў гісторыі гораду над Сажом, паставілі на тэрыторыі Сьвята-Петрапаўласкага катэдральнага сабору. Яго адкрыцьцё падкрэсьлівае багатую агульную гістарычную спадчыну Беларусі і Расеі», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.
У Гомлі гэта другі помнік Румянцаву. Яшчэ адзін стаіць на тэрыторыі Гомельскага палацава-паркавага ансамблю, побач з палацам Румянцавых і Паскевічаў. Яго ўсталявалі ў канцы 1990-х.
Усталяваньне новага бюсту, як у свой час і помніка Ракасоўскаму, ініцыявала і рэалізавала Расейскае вайскова-гістарычнае таварыства, якое ўзначальвае Ўладзімір Мядзінскі, памочнік расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна. Аўтар бюсту — расейскі скульптар Віталій Шанаў.
Хто такі Румянцаў
Мікалай Румянцаў (1754–1826) — дзяржаўны дзяяч Расейскай імпэрыі, кіраўнік расейскай дыпляматыі ў гады Напалеонаўскіх войнаў. Нарадзіўся і памёр у Санкт-Пецярбургу, пахаваны ў Гомлі.
За свае заслугі перад Расеяй атрымаў у падарунак ад імпэратрыцы Кацярыны горад Гомель і там сабраў вялізную калекцыю кніг і прадметаў старажытнасьці.
Гэта адбылося ў 1775 годзе, праз тры гады пасьля падзелу Рэчы Паспалітай, калі Гомель увайшоў у склад Расейскай імпэрыі. Такім чынам Кацярына ІІ адзначыла заслугі Румянцава ў вайне з Асманскай імпэрыяй. У валоданьне Румянцава перайшоў сам горад і яшчэ 82 вёскі.
Форум