«Беларусбанк» атрымае кампэнсацыю стратаў за крэдыт на будаўніцтва стадыёну ў Варонежы. Што вядома

Беларускаму амбасадару ў Расеі Юрыю Селіверставу і губэрнатару Варонескай вобласьці Аляксандру Гусеву дэманструюць праект будучага стадыёну «Факел», 22 ліпеня 2026 году
Беларускаму амбасадару ў Расеі Юрыю Селіверставу і губэрнатару Варонескай вобласьці Аляксандру Гусеву дэманструюць праект будучага стадыёну «Факел», 22 ліпеня 2026 году

Прэм’ер-міністар Беларусі Аляксандар Турчын 24 лістапада падпісаў пастанову аб кампэнсацыі «Беларусбанку» стратаў за крэдыт, вылучаны расейскай кампаніі «СтройИнжиниринг» (яе заснавальнікі — беларускія прадпрыемствы. — РС) на будаўніцтва цэнтральнага стадыёну ў Варонежы (Расея).

Як адзначаецца ў апублікаванай на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале Беларусі пастанове, кампэнсаваць страту будуць у 2029–2032 гадах за кошт сродкаў, прадугледжаных у дзяржаўным бюджэце на гэтыя гады на «іншыя пытаньні ў галіне прамысловасьці, будаўніцтва і архітэктуры».

Згодна з крэдытнай дамовай ад 3 чэрвеня 2025 году, крэдыт вылучалі на аплату падрадных работ беларускага прадпрыемства «Будаўнічы трэст № 12», якое выконвае падрадныя работы ў Варонежы. Гранічны памер запазычанасьці — 3,375 мільярда расейскіх рублёў (прыблізна 41 мільён даляраў у эквіваленце. — РС). Галоўная умова кампэнсацыі стратаў — страхаваньне экспартных рызыкаў, адзначаецца ў пастанове.

Што вядома аб праекце

Беларускі падраднік атрымаў права будаваць стадыён у Варонежы бяз конкурсу, на падставе адпаведнага распараджэньня губэрнатара Варонескай вобласьці Аляксандра Гусева.

Узьвядзеньне стадыёну пачалося 21 ліпеня 2026 году.

Для рэалізацыі праекту ў Варонежы зарэгістравалі ТАА «СтройИнжиниринг», заснавальнікамі якога сталі магілёўскі «Будаўнічы трэст № 12» і створанае ў Менску пад гэты праект ЗАТ «ГК БелІнжынірынг». Будаўнікам у ТАА «СтройИнжиниринг» належыць доля 50,1%, а ЗАТ «ГК БелІнжынірынг» — 49,9%.

Як паведамляла расейскае выданьне «Коммерсантъ», праект на 80 адсоткаў фінансуе ўрад расейскага рэгіёну. Капітальны ўрадавы грант прадугледжвае прыблізна 15,9 мільярда расейскіх рублёў, а ТАА «СтройИнжиниринг» — прыблізна 4,2 мільярда рублёў, у тым ліку 3,375 мільярда рублёў — крэдытныя сродкі «Беларусбанку».

Стадыён плянуюць здаць 1 ліпеня 2029 году. Згодна з дамовай, ТАА «СтройИнжиниринг» будзе ажыцьцяўляць камэрцыйную і тэхнічную эксплюатацыю пасьля здачы аб’екту яшчэ 5 гадоў. Не выключаюць, што гэты інвэстар у выніку можа атрымаць да 22,5 мільярда расейскіх рублёў — амаль 300 мільёнаў даляраў у эквіваленце.

​
XS
SM
MD
LG