Сын кіраўніка Чачні атрымаў грамадзянства Сэрбіі, сьцьвярджае расейскі Фонд барацьбы з карупцыяй

Сын Рамзана Кадырава Алі з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным 8 чэрвеня 2024 году
Сын Рамзана Кадырава Алі з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным 8 чэрвеня 2024 году

Сын чачэнскага кіраўніка, 19-гадовы Алі Кадыраў, атрымаў грамадзянства Сэрбіі і цяпер можа бязь візы падарожнічаць па Эўропе, сьцьвярджае расейскі няўрадавы Фонд барацьбы з карупцыяй.

Паводле ягонага расьсьледаваньня, малады чалавек атрымаў грамадзянства на падставе рашэньня ўраду Сэрбіі ад 10 ліпеня 2025 году на імя Алі Рамзанавіча Мусаева.

У гэтым рашэньні ўраду, апублікаваным у афіцыйным выданьні, пазначана, што бацьку Мусаева завуць Рамзан. Таксама пазначана, што малады чалавек нарадзіўся 14 сьнежня 2006 году ў сяле Цэнтарой у Чачні і мае расейскае грамадзянства.

Рашэньне пра прыём у грамадзянства Алі Мусаева
Рашэньне пра прыём у грамадзянства Алі Мусаева

Фонд барацьбы з карупцыяй заявіў, што ўсе зьвесткі, акрамя прозьвішча, супадаюць зь зьвесткамі Алі Кадырава.

Інтэрнэт-выданьне «Агентство» піша, што перад атрыманьнем сэрбскага грамадзянства, летась у сьнежні юнак афіцыйна памяняў прозьвішча на Мусаеў.

Урад Сэрбіі апэратыўна не адказаў на запыт Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, ці вядома яму, што Алі Рамзанавіч Мусаеў — сын чачэнскага кіраўніка Рамзана Кадырава. РСЭ/РС таксама папрасіла ўрад патлумачыць прычыны наданьня грамадзянства Алі Рамзанавічу Мусаеву, адзначае Балканская рэдакцыя РСЭ/РС.

Фонд барацьбы з карупцыяй сьцьвярджае, што пад гэтым прозьвішчам сын чачэнскага кіраўніка больш за сто разоў выяжджаў за мяжу, амаль заўсёды прыватнымі самалётамі і пераважна ў Дубай.

Паводле фонду, пад прозьвішчам Мусаеў падарожнічаюць і іншыя члены сям’і Кадырава — Адам, Ахмат, Табарык і Мэдні: двое сыноў, дачка і жонка кіраўніка Чачні.

Фонд барацьбы з карупцыяй, які ў 2011 годзе зарэгістраваў Аляксей Навальны, запатрабаваў ад сэрбскіх уладаў пазбавіць сына чачэнскага кіраўніка сэрбскага пашпарту.

Больш за 150 расейцаў атрымалі сэрбскае грамадзянства пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну — і могуць езьдзіць у Эўразьвяз бязь візаў. Сярод іх быў і пляменьнік Рамзана Кадырава Якуб Закрыеў. Ён атрымаў сэрбскі пашпарт у красавіку 2026 году, але праз чатыры дні, калі інфармацыя стала публічнай, урад Сэрбіі скасаваў гэтае рашэньне.

Сэрбію з Расеяй зьвязваюць даўнія сувязі. У краіне па-ранейшаму шмат прыхільнікаў расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна і праціўнікаў санкцыяў супраць Крамля.

​
XS
SM
MD
LG