Стала вядома, якіх юрыстаў наняў «Беларуськалій» для абароны сваіх інтарэсаў у арбітражы супраць Літвы

Здабыча калію ў Салігорску. Ілюстрацыйнае фота
Здабыча калію ў Салігорску. Ілюстрацыйнае фота

«Беларуськалій» ня мог знайсьці 300 тысяч эўра для пачатку разгляду ў Пастаянным арбітражным судзе ў Швайцарыі справы супраць Літвы, а ганарары замежнай юрыдычнай кампаніі за суправаджэньне ўсяго цыклю судовага працэсу могуць сягаць мільёнаў даляраў.

Пастаянны арбітражны суд у Швайцарыі прыняў пазоў «Беларуськалію» 17 кастрычніка 2023 году і прапанаваў кожнаму боку працэсу ўнесьці аванс 300 тысяч эўра для пачатку разгляду.

Аднак у чэрвені 2024 году «Беларуськалій» зьвярнуўся ў арбітраж з заявай аб прыпыненьні працэсу празь немагчымасьць аплаціць аванс, бо рахункі заблякаваныя. На той момант Міністэрства фінансаў Нідэрляндаў не дало дазволу на такі плацеж, і суд спыніў працэс. Пазьней працэс аднавілі, але як аплацілі першыя выдаткі — невядома. Беларускі бок, адрозна ад літоўскага, не раскрывае дэталяў аб сваіх выдатках на забесьпячэньне гэтага пазову.

Свабода сабрала інфармацыю пра кампанію і юрыстаў, якія абараняюць інтарэсы «Беларуськалію» ў арбітражы.

Кампанію знайшлі ў Дубаі, але яна мае расейскае паходжаньне

Над забесьпячэньнем пазову «Беларуськалію» працуюць тры юрысты: Уладзімір Хвалей, Ганна Мальцава і Нана Каджая, якія ўваходзяць у юрыдычную кампанію Mansors International FZ-LLC. У адкрытых рэсурсах згадваецца расейскае грамадзянства толькі ва Ўладзіміра Хвалея, хоць ён, паводле некаторых зьвестак, мае беларускае паходжаньне і вучыўся ў БДУ. Ганна Мальцава мае расейскае паходжаньне, а Нана Каджая — грузінскае, хоць вучылася і ўсё жыцьцё жыла ў Расеі.

Кампанію ў 2017 годзе стварыў грамадзянін Расеі Раман Зыкаў, а пасьля 2022 году, калі супраць Расеі і Беларусі пачалі ўводзіць санкцыі за агрэсію супраць Украіны, а беларускі і расейскі рынак пакінулі вядомыя міжнародныя юрыдычныя фірмы, Mansors стала адным з галоўных гульцоў на рынку міжнароднага арбітражу для кліентаў з Расеі і Беларусі.

Mansors International FZ-LLC, як адзначаецца на яе афіцыйным сайце, — сетка «юрыдычных фірмаў, прадстаўленая незалежнымі асацыяванымі кампаніямі ў Расеі, Беларусі, Фінляндыі, Кітаі і Аб’яднаных Арабскіх Эміратах». Яна спэцыялізуецца на трансьмежавых арбітражах, санкцыйных спрэчках і карпарацыйным праве.

Кампанія зарэгістраваная ў свабоднай эканамічнай зоне Дубаю (ААЭ) — Дубайскай шматпрофільнай таварна-сыравіннай біржы (Dubai Multi Commodities Centre, DMCC). Менавіта гэта дазваляе праводзіць аплату працэдураў кампаніі ва ўмовах санкцыяў, накладзеных на яе кліентаў.

Галоўны офіс таксама ў Дубаі. Нагадаем, што ў верасьні беларускі вытворца калійных угнаеньняў зьвяртаўся ў арбітраж з просьбай перанесьці разгляд працэсу супраць Літвы ў нэўтральную краіну, не зьвязаную з Эўрапейскім Зьвязам, які працягвае накладаць санкцыі на Рэспубліку Беларусь. «Беларуськалій» называў як «найбольш прыдатныя варыянты нэўтральных месцаў» Дубайскі міжнародны фінансавы цэнтар у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах або Сынгапур, хоць і гатовы быў пагадзіцца на якое-хаця іншае месца па-за межамі Эўразьвязу, але «на дастатковай адлегласьці ад сыстэмы санкцыяў ЭЗ».

Найбольш вядомыя кліенты

Як вынікае з інфармацыі, абнародаванай на сайце юрыдычнай кампаніі, асноўныя кліенты Mansors — гэта прадпрыемствы Расеі. Аднак былі і кліенты з Кітаю, Швайцарыі, ЗША і Казахстану.

Найбольш гучнай справай з тых, што вялі дубайскія юрысты, была спрэчка паміж расейскім «Газпром экспорт» і баўгарскім прадпрыемствам Overgas Inc., адным з заснавальнікаў якога быў «Газпром». Справу разглядалі ў Міжнародным арбітражы пры Міжнароднай гандлёвай палаце ў Парыжы.

Mansors прадстаўляла інтарэсы расейскай кампаніі — баўгарскае прадпрыемства патрабавала ад свайго заснавальніка «Газпрому» прыблізна 300 мільёнаў эўра за спыненьне паставак у межах доўгатэрміновага газавага кантракту. Працэс выйгралі: баўгарскае Overgas Inc. не атрымала шматмільённай кампэнсацыі, засталося без свайго расейскага заснавальніка і яшчэ выплаціла больш за 100 мільёнаў эўра запазычанасьці перад «Газпромам».

Ува ўсіх іншых справах фігуравала меншая кампэнсацыя — ад 20 да 200 мільёнаў эўра. Пазоў «Беларуськалію» найбольшы. Беларускае прадпрыемства хоча спагнаць зь Літвы за спыненьне транзыту ўгнаеньняў 12 мільярдаў 90 мільёнаў 167 тысяч 971 даляр у якасьці кампэнсацыі нанесенай шкоды. Як сьцьвярджаюць экспэрты, памер ганарару юрыдычнай кампаніі залежыць ад сумы пазову. У выпадку выйгрышу справы дубайская кампанія можа атрымаць да 6 мільёнаў эўра.

Літва, як паведаміла LRT, з 2023 году ўжо вылучыла 4,93 мільёна эўра на аплату паслуг адвакатаў у гэтай справе.

Два адвакаты выступалі ў арбітражы супраць Беларусі. І пасьпяхова

Адметна, што ў групу юрыстаў, якія абараняюць інтарэсы «Беларуськалію», уваходзяць Уладзімір Хвалей і Ганна Мальцава. Яны выступалі на баку расейскай кампаніі ў арбітражы супраць Беларусі і дапамаглі выйграць справу.

Спрэчка тычылася скасаваньня Менгарвыканкамам інвэстыцыйнай дамовы з расейскай кампаніяй «Манолиум-Процессинг», паводле якой у цэнтры Менску, на месцы былога тралейбуснага дэпо каля плошчы Перамогі і вуліцы Кісялёва, меў быць збудаваны гандлёва-забаўляльны цэнтар. Інвэстар атрымаў такі дазвол у абмен на будаўніцтва за свой кошт тралейбуснага дэпо ў мікрараёне Ўручча-6, дарогі і падстанцыі, якія потым мусіў бы перадаць гораду.

У выніку гэтыя аб’екты пабудавалі, але праз рознагалосьсі з уладамі не змаглі іх своечасова перадаць на балянс гораду. Праз гэта не змаглі пачаць будаўніцтва забаўляльнага цэнтру, а Менгарвыканкам зьвярнуўся ў суд па скасаваньне інвэстыцыйнага дагавору. Дакумэнт скасавалі і разам з тым налічылі вялікі зямельны падатак. У студзені 2017 году Аляксандар Лукашэнка сваім указам перадаў пабудаваныя расейскай кампаніяй аб’екты ва ўласнасьць Менску. І тады кампанія «Манолиум-Процессинг», абапіраючыся на дамову аб Эўразійскай эканамічнай супольнасьці (ЭАЭС), падала пазоў супраць Беларусі за незаконную экспрапрыяцыю інвэстыцыяў з патрабаваньнем кампэнсацыі ў 200 мільёнаў даляраў.

Працэс працягваўся больш за 4 гады. І хоць арбітраж прызнаў, што «экспрапрыяцыя» адбылася да набыцьця юрыдычнай сілы дамовай аб ЭАЭС, але налічэньне падаткаў усё ж палічыў парушэньнем правоў інвэстара і пастанавіў спагнаць зь Беларусі больш за 20 мільёнаў даляраў.

Калі можа пачацца разгляд

Як вынікае з матэрыялаў арбітражнай справы, апублікаваных на афіцыйным сайце судовай установы, Беларусь і Літва завяршылі першы раўнд абмену пазыцыямі і раскрыцьця сваіх дакумэнтаў.

Цяпер бакі працэсу рыхтуюцца да другога раўнду абмену пазыцыямі, які можа працягвацца некалькі месяцаў. Толькі пасьля яго завяршэньня суд можа прызначыць слуханьні. Гэта можа адбыцца прыблізна ў сярэдзіне 2027 году.

Сёлета 16 верасьня арбітры адмовілі Беларусі ў пераносе месца месца арбітражу з Жэнэвы. Вусныя слуханьні адбудуцца ў Палацы міру ў Гаазе.

​
XS
SM
MD
LG