У Парлямэнцкай асамблеі NATO можа зьявіцца група «За дэмакратычную Беларусь»

Рымская сустрэча Альянсу парлямэнцкіх групаў «За дэмакратычную Беларусь», сакавік 2025 году
Рымская сустрэча Альянсу парлямэнцкіх групаў «За дэмакратычную Беларусь», сакавік 2025 году

Дзяніс Кучынскі, дарадца Сьвятланы Ціханоўскай, узяў удзел у сэсіі Парлямэнцкай асамблеі NATO у Бэрліне (Нямеччына), якая адбылася 22–23 лістапада.

Як адзначаецца ў Telegram-канале Сьвятланы Ціханоўскай, у выніку ягоных сустрэчаў адной з галоўных ініцыятываў, заплянаваных на 2027 год, стала прапанова стварыць у Парлямэнцкай асамблеі NATO нефармальную міжфракцыйную парлямэнцкую групу «За дэмакратычную Беларусь».

«Беларусь павінна заставацца часткай усіх размоваў пра эўрапейскую бясьпеку. Мы хочам, каб нашыя партнэры мелі як мага больш дакладнай інфармацыі пра тое, што адбываецца ўнутры краіны, і разумелі: дэмакратычная Беларусь — гэта не пагроза, а будучы партнэр у забесьпячэньні міру і стабільнасьці ў нашым рэгіёне», — сказаў Дзяніс Кучынскі.

Дарадца Сьвятланы Ціханоўскай у пытаньнях дыпляматыі на палях сэсіі сустрэўся з прэзыдэнтам Асамблеі Маркушам Пэрэштрэлу, які завяршыў сваю кадэнцыю на гэтай пасадзе, і амэрыканскім кангрэсмэнам Брэнданам Бойлам, якога абралі новым кіраўніком Парлямэнцкай асамблеі NATO, а таксама парлямэнтарамі Вялікай Брытаніі, Польшчы, Нямеччыны, Італіі, Вугоршчыны, іншых краін.

На сустрэчах Дзяніс Кучынскі падымаў пытаньні аб патрэбе ўзмацніць украінскую супрацьпаветраную абарону, аб мілітарызацыі Беларусі і выкарыстаньні яе тэрыторыі Расеяй. Ён прапанаваў наладзіць сыстэмную супрацу BelPol з парлямэнтарамі краін NATO для атрыманьня актуальнай інфармацыі аб сытуацыі ў Беларусі.

Чаму гэта важна

Пры міжнароднай ізаляцыі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі дэмакратычныя сілы ў выгнаньні супрацоўнічаюць з парлямэнтамі розных краін і арганізацыяў пры дапамозе створаных у іх групаў «За дэмакратычную Беларусь».

Сёлета ў ліпені такая міжпарлямэнцкая дэпутацкая група зьявілася ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, а раней яны былі створаныя ў больш чым 20 эўрапейскіх краінах, у тым ліку ў Нямеччыне, Францыі, Італіі, Нідэрляндах, Літве, Украіне і іншых.

У 2023 годзе быў заснаваны Альянс парлямэнцкіх групаў «За дэмакратычную Беларусь», які дапамагае каардынаваць і аб’ядноўваць высілкі дэпутатаў розных парлямэнтаў, найперш эўрапейскіх краін, у разьвязаньні беларускага пытаньня.

Прайшлі ўжо чатыры форумы Альянсу з удзелам дэпутатаў, якія ўваходзяць у склад групаў «За дэмакратычную Беларусь». Цяпер Альянс аб’ядноўвае больш за 300 дэпутатаў з групаў, што створаныя ў 24 нацыянальных парлямэнтах і міжнародных парлямэнцкіх арганізацыях. Наступны форум адбудзецца ў студзені 2027 году ў Нарвэгіі.

​
XS
SM
MD
LG