Беларуса-добраахвотніка, які кінуў гранату ў жылым доме ў Харкаве, адправілі на псыхіятрычную экспэртызу

Сымбаль правасудзьдзя. Ілюстрацыйнае фота
Сымбаль правасудзьдзя. Ілюстрацыйнае фота

Тэрмін расьсьледаваньня ягонай справы прадоўжылі.

У Харкаве ўраджэнца Менску, грамадзяніна Беларусі, які служыць выведнікам у замежным легіёне Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны, затрыманага сёлета ў жніўні паводле падазрэньня ў хуліганстве з выкарыстаньнем аўтамата і гранаты ў жылым доме, адправілі на судова-псыхіятрычную экспэртызу.

Як стала вядома Свабодзе з інфармаваных крыніц, беларуса-добраахвотніка вызвалілі на чацьвёрты дзень пасьля затрыманьня па ўнясеньні 266 240 грыўняў закладу (амаль 6 тысяч даляраў), а расьсьледаваньне ягонай справы прадоўжылі да 21 сьнежня 2026 году.

Што папярэднічала

Інцыдэнт адбыўся 20 жніўня ў Харкаве на першым паверсе двухпавярховага жылога дому ў прыватным сэктары.

Як вынікае з матэрыялаў справы, уначы, прыблізна а 01:30, жыхары пачулі ў пад’езьдзе гучныя крыкі мужчыны, які меў з сабой аўтамат з набітым магазынам і боепрыпасы. Потым адбыўся выбух, з вокнаў пасыпалася шкло. Сьцьвярджаюць, што беларус нібыта кінуў у пад’езд гранату. На месца выклікалі паліцыю.

Прыехалі прадстаўнікі патрульнай паліцыі, а таксама двух спэцыяльных падразьдзелаў КОРД і ТОР (Корпус апэратыўна-раптоўнага дзеяньня Нацыянальнай паліцыі і спэцыяльны падразьдзел «Тактычна-апэратыўнае рэагаваньне» ў складзе патрульнай паліцыі Ўкраіны. — РС).

Калі беларусу прапанавалі пакласьці зброю і здацца, ён зрабіў яшчэ адзін стрэл з аўтамата. Перамовы зь ім вялі больш за чатыры гадзіны. У выніку ён дастаў магазын з аўтамата, паклаў зброю на зямлю, падняў рукі ўгару, пасьля чаго вайскоўцы спэцыяльнага падразьдзелу затрымалі яго.

Зброю, якую знайшлі на месцы інцыдэнту, — аўтамат, 17 патронаў і запал ад гранаты — прызналі рэчавымі доказамі ў справе.

Сваёй віны беларускі добраахвотнік не прызнаў. Ён сьцьвярджаў, што ўсё адбылося ў межах самаабароны ад невядомых, якія на яго напалі. Ягоны адвакат назваў падазрэньне неабгрунтаваным.

Беларускаму вайскоўцу выставілі падазрэньне паводле ч. 4 артыкулу 296 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны — хуліганства, то бок грубае парушэньне грамадзкага парадку з выкарыстаньнем агнястрэльнай зброі. Яму пагражае ад трох да сямі гадоў пазбаўленьня волі.

​
XS
SM
MD
LG