Праз паўтара году пасьля выраку невядома, дзе трымаюць былога сілавіка, які ў 2020-м выступіў супраць гвалту

Зьлева направа: Дзьмітры Ўдовін, Віталь Папроцкі, Вячаслаў Ільін, Андрэй Дарошка, Ігар Кісьляк. Архіўнае фота
Зьлева направа: Дзьмітры Ўдовін, Віталь Папроцкі, Вячаслаў Ільін, Андрэй Дарошка, Ігар Кісьляк. Архіўнае фота

У праваабарончым цэнтры «Вясна» паведамілі, што пакуль ня маюць зьвестак аб тым, дзе пасьля выраку знаходзіцца колішні намесьнік начальніка Жодзінскага гарадзкога аддзелу ўнутраных спраў Андрэя Дарошка, якога асудзілі на пазбаўленьне волі ў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Спачатку яго ўтрымлівалі ў турме № 8 (Жодзіна, Менская вобласьць), потым пераводзілі ў СІЗА № 1 і ў турму № 4 (Магілёў). Праваабаронцы таксама ня ведаюць дэталяў выраку, вынесенага Андрэю Дарошку.

Андрэя Дарошку асудзілі 3 лютага 2025 году разам з іншымі былымі супрацоўнікамі міліцыі Жодзіна, Барысава і Смалявічаў, якія падчас падзеяў 2020 году зьвярнуліся да былых калегаў — Ігарам Кісьляком, Вячаславам Ільічом, Віталем Папроцкім і Дзьмітрыем Ўдовіным.

У 2020-м усе гэтыя афіцэры былі ўжо ў адстаўцы або ў запасе. У жніўні пасьля выбараў яны запісалі відэазварот, у якім заклікалі былых калегаў і ўсіх міліцыянтаў краіны «не выступаць карнікамі». Праз 3,5 года ўсіх пецярых удзельнікаў відэазвароту затрымалі.

Што вядома пра іншых

Ігара Кісьляка асудзілі на 3 гады і 6 месяцаў пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму, а для адбыцьця пакараньня яго накіравалі ў папраўчую калёнію № 3 («Віцьба»).

Вячаслаў Ільіч адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі № 2 (Бабруйск, Магілёўская вобласьць). Тэрмін, на які яго пазбавілі волі, таксама невядомы.

Віталя Папроцкага асудзілі на 5 гадоў пазбаўленьня волі, ён адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі № 1 (Наваполацак, Віцебская вобласьць). Паводле сьведчаньняў былых палітвязьняў, Віталь часта страчвае прытомнасьць. Імаверна, мае сур’ёзныя праблемы з сэрцам або з ціскам.

Вырак Дзьмітрыю Ўдовіну таксама невядомы. Яго спачатку ўтрымлівалі ў турме № 8 (Жодзіна, Менская вобласьць), цяпер яго перавялі ў СІЗА № 1.

Чаму гэта важна

У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў.

Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.

Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020 году, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026 году складае ня менш за 500 тысяч.

​
XS
SM
MD
LG