Ператрусы, выклікі ў КДБ, начныя тэлефанаваньні і пагрозы. Як сілавікі ціснуць на сваякоў былых палітвязьняў

Мікрааўтобус сілавікоў у Менску. Архіўнае ілюстрацыйнае фота
Мікрааўтобус сілавікоў у Менску. Архіўнае ілюстрацыйнае фота

Ціск на палітвязьняў не спыняецца нават пасьля іх вызваленьня і ад’езду з краіны. Сілавікі прыходзяць да родных, дапытваюць іх, патрабуюць уплываць на роднага чалавека, які зьехаў з краіны, пагражаюць за публічную дзейнасьць былых палітвязьняў у эміграцыі.

Звычайнай практыкай сталі вопіс і арышт маёмасьці і кватэр, у якіх пражывалі былыя палітвязьні і працягваюць жыць іх сваякі. Часам такія людзі вымушаныя пакідаць Беларусь, ратуючыся ад перасьледу. «Вясна» сабрала сьведчаньні былых палітвязьняў пра тое, як рэпрэсіі працягваюць закранаць іх сем’і.

«Нічога не казаць пра Лукашэнку»

Пра такі ціск распавёў «Вясьне» актывіст з Магілёву Станіслаў Паўлінковіч. Паводле Станіслава наступствам ягонага расповяду пра зьняволеньне і ціск стаў выклік бацькі на размову ў Магілёўскае ўпраўленьне КДБ.

«Майму бацьку патэлефанавалі і выклікалі на размову ў Магілёўскі КДБ. Ім не спадабалася маё інтэрвію „Радыё Свабода“. У кабінэце знаходзіліся тры кдбэшнікі. Яны сказалі, што я магу ў інтэрвію крытыкаваць чыноўнікаў ці міліцыянтаў, але ні ў якім разе нічога не павінен казаць пра Лукашэнку», — расказаў былы палітвязень.

Паводле былога палітвязьня, пра яго супрацоўнікі КДБ сказалі бацьку, што ён можа вярнуцца ў Беларусь, але ў выпадку далейшай крытыкі ўлады яму будзе пагражаць ад 15 да 20 гадоў зьняволеньня.

Станіславу Паўлінковічу суд прызначыў 2 гады «хіміі», якія ён адбываў у Крупках. Праз год гэтае пакараньне замянілі на калёнію і адправілі палітвязьня ў Наваполацкую ПК-1. У кастрычніку 2022 году, цалкам адбыўшы пакараньне, Станіслаў выйшаў на волю, але мусіў з’ехаць за мяжу.

«Апісалі маёмасьць бацькоў»

У траўні 2026 года супрацоўнікі КДБ прыйшлі з ператрусамі ў кватэру па месцы рэгістрацыі былога палітвязьня Арцёма Басалая і ў кватэру ягоных бацькоў у Маладэчна.

«У кватэру па месцы маёй рэгістрацыі і ў кватэру бацькоў, дзе я ня жыў і ня быў зарэгістраваны, з ператрусам уварваліся супрацоўнікі КДБ зь сьведкамі. У выніку апісалі маёмасьць бацькоў: лядоўню, пральную машыну ды іншыя рэчы. Апроч гэтага, бацькоў выклікалі з Маладэчна ў Менск на допыт па маёй справе», — распавёў Арцём праваабаронцам.

На гэты момант былы палітвязень жыў у Польшчы. У студзені 2025 года Арцёма ўнесьлі ў пералік так званых «экстрэмістаў».

«Маці тэрмінова зьехала ў Польшчу»

Паводле былога палітвязьня Якава Шафарэнкі гутаркі сілавікоў зь ягонай маці, якая жыла ў Берасьці, пачаліся праз тры месяцы пасьля таго, як яго вызвалілі з калёніі і вывезьлі ў Літву, паведаміў ён праваабаронцам:

«Месяцы чатыры таму я даведаўся, што абвешчаны ў міжнародны крымінальны вышук у Расеі. А пасьля таго, як мяне дэпартавалі ў верасьні 2025 году, недзе праз тры месяцы, сілавікі пачалі прыходзіць да маёй маці ў Берасьці. Спачатку выклікалі яе ў аддзел, потым пачалі прыходзіць дадому. Паказвалі ёй фатаздымкі з майго інтэрвію і з прэс-канфэрэнцыі ў дзень вызваленьня, казалі, што на мяне завялі новую справу».

Пазьней, паводле Якава, ягонай маці паведамілі, што яе будуць дапытваць і правядуць у хаце ператрус.

«Каб маці не паўтарыла мой лёс, экстранна сабралі яе рэчы, і літаральна праз дзьве гадзіны яна ўжо была ў Польшчы, а адтуль перабралася ў Літву. Усё жыцьцё яна працавала на кіроўных пасадах. Была майстрам на „Спэцкамбінаце“, кіравала цэхамі. Апошнія 10 гадоў працавала рыэлтарам — праца прыносіла і задавальненьне, і добрыя грошы. Цяпер яна вымушаная працаваць прыбіральшчыцай. Эмацыйна гэта цяжка, хоць плацяць нядрэнна, жыць можна».

«Спаць не давалі»

Былы палітвязень Н., які выйшаў на волю пасьля заканчэньня тэрміну ў траўні 2025 году, быў вымушаны пакінуць Беларусь праз працяглы ціск з боку крымінальна-выканаўчай інспэкцыі. На ўмовах ананімнасьці Н. распавёў праваабаронцам пра тое, як міліцыянты правяралі, ці знаходзіцца ён дома.

«Начамі прыходзіла і правярала патрульна-паставая служба міліцыі. Спаць не давалі. Мой тэлефон канфіскавалі на судзе, а новы я сабе не купіў пасьля зьняволеньня, таму ўначы супрацоўнікі тэлефанавалі на тэлефон жонкі, каб праверыць мяне».

З прычыны трывалага ціску і рызыкі новага зьняволеньня былы палітвязень вырашыў пакінуць Беларусь.

«Правялі ператрус, дапыталі сваячку»

Гомельскі актывіст Аляксей Раманаў адбыў тэрмін зьняволеньня паводле палітычнай справы і пасьля вызваленьня мусіў зьехаць зь Беларусі. У красавіку 2026 году стала вядома, што супраць яго распачалі новую крымінальную справу — на гэты раз за інтэрвію «Белсату», якое ён даў у 2024 годзе. Да сваякоў Раманава прыйшлі супрацоўнікі Сьледчага камітэту з ператрусам.

«15 траўня да мяне дадому ўварваліся трое супрацоўнікаў. Я размаўляў з адным зь іх па тэлефоне. Ён мне сказаў, што супраць мяне завялі крымінальную справу паводле артыкулу 361-4 Крымінальнага кодэксу і яшчэ па нейкім артыкуле. У мяне правялі ператрус, дапыталі маю сваячку», — распавёў праваабаронцам Аляксей Раманаў.

Паводле былога палітвязьня, падчас ператрусу ў яго забралі набор тапаграфічных картаў і паштовыя маркі, якія ня маюць дачыненьня да ягонай грамадзкай актыўнасьці.

Аляксей Раманаў мае інваліднасьць 2-й групы з прычыны анкалягічнага захворваньня. Восеньню 2024 года ў мэтах бясьпекі Раманаў пакінуў Беларусь, паведамляе «Вясна».

​
XS
SM
MD
LG