Інфармацыю, паводле хакераў, удалося атрымаць у выніку ўзлому Расстату — Фэдэральнай службы дзяржаўнай статыстыкі Расеі.
«Кібэрпартызаны» апублікавалі выпіскі з базы пасьведчаньняў аб сьмерці, у якіх пазначаныя афіцыйна зарэгістраваныя прычыны сьмерці. У некаторых выпадках гэтыя абставіны раней публічна не раскрываліся.
Сярод іх — сьмерць віцэ-прэзыдэнта нафтавай кампаніі «Лукойл» Віталя Робэртуса, які памёр 13 сакавіка 2024 году ва ўзросьце 53 гадоў. Тады кампанія паведаміла толькі пра яго раптоўную сьмерць, а СМІ пісалі пра магчымае самагубства. У апублікаваных дакумэнтах прычынай сьмерці названа павешаньне пры нявызначаных абставінах. Гэта азначае, што ня ўдалося ўстанавіць, ці было гэта самагубства, няшчасны выпадак або дзеяньні іншага чалавека.
Яшчэ адзін выпадак — сьмерць старшыні рады дырэктараў «Лукойлу» Равіля Маганава, які 1 верасьня 2022 году выпаў з акна Цэнтральнай клінічнай бальніцы ў Маскве. Кампанія тады заявіла, што ён памёр пасьля цяжкай хваробы. Паводле апублікаваных зьвестак, прычынай сьмерці было падзеньне з вышыні.
Нявызначанымі ў дакумэнтах названыя і абставіны сьмерці кіраўніцы фінансавага забесьпячэньня Заходняй вайсковай акругі Марыны Янкінай і віцэ-прэзыдэнта «Транснафты» Андрэя Бадалава. Абодвух знайшлі мёртвымі пад вокнамі будынкаў.
У выпадку дырэктара па камунікацыях кампаніі «Лічбавая лягістыка» Паўла Пчэльнікава, зьвязанай з Расейскімі чыгункамі, прычынай сьмерці пазначана агнястрэльнае раненьне. Раней СМІ паведамлялі пра вэрсію самагубства, аднак у апублікаваным запісе такой высновы няма.
У чатырох іншых выпадках самагубства непасрэдна пазначанае ў дакумэнтах. Гаворка пра зьвязаных з «Газпромам» кіраўнікоў Аляксандра Цюлякова, Юрыя Варонава і Леаніда Шульмана, а таксама першага намесьніка генэральнага дырэктара «Якутскэнерго» Ігара Шкурко, якога знайшлі мёртвым у сьледчым ізалятары.
Усяго «Кібэрпартызаны» апублікавалі інфармацыю пра 17 памерлых расейскіх бізнэсоўцаў і кіраўнікоў. У шэрагу выпадкаў прычынамі сьмерці пазначаныя захворваньні.
Незалежнага пацьверджаньня сапраўднасьці ўсіх апублікаваных запісаў пакуль няма. Самі хакеры заяўляюць, што гэта толькі пачатак расьсьледаваньняў на падставе атрыманай інфармацыі.
На пачатку лістапада беларускія «Кібэрпартызаны» разам з хакерскай групай Silent Crow заявілі пра ўзлом інфармацыйных сыстэм Расстату і атрыманьне вялікага масіву закрытых зьвестак. Расстат пацьвердзіў факт кібэратакі, але адмаўляў кампрамэтацыю базаў зьвестак.
Форум