Расейскі грузавы карабель Sparta II. Архіўнае фота
Губэрнатар Ленінградзкай вобласьці Аляксандар Дразьдзенка заявіў, што ў нэўтральных водах Фінскай затокі, за тры марскія мілы ад мяжы Расеі, пацярпеў грузавы карабель, які накіроўваўся ў Калінінград.
«Цяпер адбываецца эвакуацыя экіпажу. Наступствы ўдакладняюць», — паведаміў Аляксандар Дразьдзенка ў сваім Telegram-канале.
Губэрнатар Ленінградзкай вобласьці адзначыў, што карабель пацярпеў нібыта ў выніку атакі двух украінскіх дронаў. Паводле яго, над гэтым рэгіёнам Расеі зьбілі нібыта 80 украінскіх дронаў.
Ва Ўкраіне гэтую інфармацыю пакуль не камэнтуюць.
Агенцтва BNS з спасылкай на каардынацыйны цэнтар Дэпартамэнту паліцыі і памежнай аховы Эстоніі (PPA) паведаміла, што паведамленьне аб пажары на расейскім сухагрузе Sparta II, атрымалі а 9:35. Таксама паведамлялася, што на яго борце прагучалі выбухі.
«Мы сочым за сытуацыяй у супрацы з фінскімі калегамі. Мы адрэагуем у тым выпадку, калі Расея зьвернецца па міжнародную дапамогу», — сказаў прадстаўнік PPA Андрэс Ційк.
Пакуль інфармацыі аб забруджваньні вады ў затоцы няма.
Што вядома пра карабель
Грузавы карабель Sparta II знаходзіцца пад санкцыямі ЗША з 2022 году. Яго зьвязвалі з перамяшчэньнем зброі ў інтарэсах Расеі. У прыватнасьці, у жніўні 2022 году яго заўважылі на выхадзе з сірыйскага порту Тартус з зэнітна-ракетнымі комплексамі С-300.
Форум