У Крэўскім замку знайшлі прыступкі ў вязьніцу, дзе ўтрымлівалі і забілі князя Кейстута

Крэўскі замак. Архіўнае фота
Крэўскі замак. Архіўнае фота

Падчас раскопак у Княжай вежы Крэўскага замку знайшлі прыступкі, што вядуць у вязьніцу, у якой ўтрымлівалі вялікага князя Кейстута.

Як паведаміла выданьне Times.by з спасылкай на вядучага навуковага Інстытуту гісторыі Алега Дзярновіча, цяпер археолягі расчышчаюць падвалы Княжай вежы, у якой у XIV стагодзьдзі забілі вялікага князя Кейстута.

Расчыстку завалаў вядуць пры дапамозе канвэера, на якім усе аскепкі пільна перабіраюць спэцыялісты. У гэтых аскепках утрымліваюцца фрагмэнты расьпісной тынкоўкі сьценаў, якія спатрэбяцца для рэстаўрацыі ўнутранага ўбраньня памяшканьняў у будучыні.

«Паглыбляючыся паступова ў завал, мы перайшлі да тунэля, што праходзіў у вежы і зьвязваў паміж сабой ярусы будынку. Ён быў зафіксаваны на фатаграфіях, зробленых падчас Першай усясьветнай вайны. На жаль, тунэлі ў вежы былі разбураныя, і толькі ў самым нізе на ўзроўні цокаля пад заваламі захаваўся тунэль», — працытавала выданьне Алега Дзярновіча.

Паводле яго, падчас раскопак і раней знаходзілі сьляды прыступак на ўзроўні пераходу на другі ярус. Цяпер у ходзе разборкі завалу ўдалося знайсьці цэлымі чатыры прыступкі. Магчыма, іх будзе і больш, але пакуль ня сталі паглыбляцца далей у завал, таму што стан гатычнай аркі на ўваходзе «дастаткова трывожнае».

Знойдзеныя аўтэнтычныя канструкцыі прыступак XIV стагодзьдзя зьяўляюцца гістарычнай і культурнай каштоўнасьцю. Апроч таго, яны даюць дакладную інжынэрную інфармацыю.

«Вышыня прыступак складае 23–24 см, шырыня тунэлю 114 см. Гэта сьціснутая прастора, але для цокальнага паверху сярэднявечнага фартыфікацыйнага збудаваньня ў цэлым гэта было нармальна», — сказаў Алег Дзярновіч.

Паводле яго, згодна з праектам кансэрвацыі і рэстаўрацыі Крэўскага замку ўсе сьцены будуць закансэрваваныя, але Княжая вежа будзе рэканструявацца.

«У гэтым выпадку мы маем не тэарэтычны падлічаны крок прыступак, а абсалютна дакладныя і вывераныя парамэтры канструкцыі ў тунэлі. Гэта, натуральна, будзе ўлічана падчас далейшай рэканструкцыі», — канстатаваў археоляг.

Што папярэднічала

Сёлета ў Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі паведамілі, што падчас раскопак у Крэўскім замку знайшлі старажытны мост, які плянуюць аднавіць.

Летась раскопкі пацьвердзілі наяўнасьць трэцяй вежы ў Крэўскім замку і выявілі сьляды нападу на замак у 1433 годзе. Паводле адмыслоўцаў, гэта было абсалютна нечаканым адкрыцьцём, бо традыцыйна на ўсіх плянах, у рэканструкцыях, апісаньнях былі пазначаныя толькі дзьве вежы.

Навукоўцы таксама расказвалі аб іншых цікавых знаходках, сярод якіх бронзавая накладка, аналягі якой у чэскай археалягічнай літаратуры інтэрпрэтуюцца як пасавыя гарнітуры XIV стагодзьдзя, праскія грашы — адна з самых распаўсюджаных манэтаў Эўропы ў Сярэднявеччы.

Што вядома пра Крэўскі замак

Крэўскі замак стаў першым замкам ВКЛ, пабудаваным цалкам з каменю. У яго мурах у 1382 годзе забілі вялікага князя Кейстута, а пазьней была падпісаная Крэўская унія. У нашы дні ад замку засталіся толькі руіны, але цяпер тут ідуць раскопкі і рэстаўрацыйныя працы.

Паводле навукоўцаў, грамадзянская вайна, якая ішла ў ВКЛ з 1432 па 1439 год, закранула Крэўскі замак — князь Сьвідрыгайла ішоў на Вільню, і можна казаць, што тады і была разбураная трэцяя вежа.

У 2023 годзе ўлады зьліквідавалі дабрачынны фонд «Крэўскі замак», які цягам 18 гадоў праводзіў летнікі, археалягічныя лягеры і культурныя імпрэзы ў Крэве і іншых паселішчах.

Валянтэрскія летнікі праходзілі практычна штогод. Валянтэры прыбіралі габрэйскія могілкі ў Крэве, праводзілі раскопкі гарадзішча і кансэрвацыю рэшткаў Крэўскага замку. Усе археалягічныя работы праходзілі ў партнэрстве з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі. З 2018 году фонд выпускаў альманах Kreva Incognita.

Пачынаючы з 2020 году, у Беларусі зьліквідавалі дзясяткі грамадзкіх арганізацый, ініцыятываў і фондаў, якія спрыялі захаваньню ды вывучэньню гістарычнай і культурнай спадчыны.

​
XS
SM
MD
LG