Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Інстытуце гісторыі сьцьвярджаюць, што на раскопках у Крэўскім замку знайшлі старажытны мост

Крэўскі замак, 2020 год. Ілюстрацыйнае фота
Крэўскі замак, 2020 год. Ілюстрацыйнае фота

У Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі заявілі, што рыхтуюць новыя этапы аднаўленьня Крэўскага замку, у тым ліку знойдзенага нядаўна старажытнага мосту.

«Мы знайшлі падмосткі мосту, мы іх вывучаем. І што вельмі важна, у нас ёсьць разьметка трасы. Калі мы будзем аднаўляць мост, мы будзем разумець, як ён ішоў ад брамы. Для рэстаўрацыі гэта вельмі важнае адкрыцьцё», — сказаў вядучы навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі Алег Дзярновіч.

У паведамленьні Інстытуту гісторыі адзначаецца, што адмыслоўцы таксама дасьледуюць сыстэму замкавага рову, які плянуюць аднавіць з паўночнага і заходняга бакоў. Археолягі вызначылі, што адзін з равоў праходзіў усяго за чатыры мэтры ад замкавых муроў.

Праект рэканструкцыі, адзначылі ў інстытуце, прадугледжвае аднаўленьне двух мастоў і замкавых равоў па абодва бакі фартэцыі. У пэрспэктыве тут плянуюць стварыць музэйную экспазыцыю, якая будзе расказваць пра абарончую сыстэму і Крэўскі замак як пра княжую рэзыдэнцыю.

Што папярэднічала

Летась раскопкі пацьвердзілі наяўнасьць трэцяй вежы ў Крэўскім замку і выявілі сьляды нападу на замак у 1433 годзе. Паводле адмыслоўцаў, гэта было абсалютна нечаканым адкрыцьцём, бо традыцыйна на ўсіх плянах, у рэканструкцыях, апісаньнях былі пазначаныя толькі дзьве вежы.

Навукоўцы таксама расказвалі аб іншых цікавых знаходках, сярод якіх бронзавая накладка, аналягі якой у чэскай археалягічнай літаратуры інтэрпрэтуюцца як пасавыя гарнітуры XIV стагодзьдзя, праскія грашы — адна з самых распаўсюджаных манэтаў Эўропы ў Сярэднявеччы.

Што вядома пра Крэўскі замак

Крэўскі замак стаў першым замкам ВКЛ, пабудаваным цалкам з каменю. У яго мурах у 1382 годзе забілі вялікага князя Кейстута, а пазьней была падпісаная Крэўская унія. У нашы дні ад замку засталіся толькі руіны, але цяпер тут ідуць раскопкі і рэстаўрацыйныя працы.

Паводле навукоўцаў, грамадзянская вайна, якая ішла ў ВКЛ з 1432 па 1439 год, закранула Крэўскі замак — князь Сьвідрыгайла ішоў на Вільню, і можна казаць, што тады і была разбураная трэцяя вежа.

У 2023 годзе ўлады зьліквідавалі дабрачынны фонд «Крэўскі замак», які цягам 18 гадоў праводзіў летнікі, археалягічныя лягеры і культурныя імпрэзы ў Крэве і іншых паселішчах.

Валянтэрскія летнікі праходзілі практычна штогод. Валянтэры прыбіралі габрэйскія могілкі ў Крэве, праводзілі раскопкі гарадзішча і кансэрвацыю рэшткаў Крэўскага замку. Усе археалягічныя работы праходзілі ў партнэрстве з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі. З 2018 году фонд выпускаў альманах Kreva Incognita.

Пачынаючы з 2020 году, у Беларусі зьліквідавалі дзясяткі грамадзкіх арганізацый, ініцыятываў і фондаў, якія спрыялі захаваньню ды вывучэньню гістарычнай і культурнай спадчыны.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG