У Варшаве, Вільні і Познані адкрыюць першыя пункты бясплатнай дапамогі беларусам. Што вядома

Варшава, ілюстрацыйнае фота
Варшава, ілюстрацыйнае фота

Перад адкрыцьцём такіх пунктаў прадстаўніцтва Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў сацыяльнай палітыцы праводзіць апытаньне беларусаў аб тым, якія віды дапамогі ім патрэбныя. Вынікі апытаньня дапамогуць скарэктаваць фармат і арганізацыю працы будучых пунктаў.

Прадстаўніцтва Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў сацыяльнай палітыцы адкрывае сетку інфармацыйна-кансультацыйных пунктаў у Польшчы і Літве.

Беларусы змогуць атрымаць бясплатную дапамогу ў Вільні, Варшаве і Познані. Першыя пункты адкрыюць да сярэдзіны сьнежня.

«Мэта ініцыятывы — забясьпечыць беларусам бясплатны доступ да інфармацыі, кансультацыяў і базавай практычнай дапамогі ў офлайн-фармаце», — паведамілі ў Аб’яднаным пераходным кабінэце.

У гэтыя пункты можна будзе зьвярнуцца ў пытаньнях легалізацыі і афармленьня дакумэнтаў, сацыяльнай падтрымкі, мэдыцыны, адукацыі, працаўладкаваньня, жытла й інтэграцыі ў новай краіне.

Кансультанты будуць дапамагаць знаходзіць неабходную інфармацыю і запаўняць анкеты. У выпадках, якія патрабуюць спэцыялізаванай дапамогі, наведнікаў будуць накіроўваць у профільныя арганізацыі ці да адпаведных спэцыялістаў.

Усе паслугі будуць бясплатнымі.

Чаму гэта важна

Грамадзяне Беларусі, якія вымушана зьехалі ў краіны Эўразьвязу ад палітычнага перасьледу, сутыкаюцца ў новых краінах з праблемамі легалізацыі, працаўладкаваньня, атрыманьня сацыяльнай дапамогі і мэдычных паслугаў. Многія з тых, хто адседзеў у турмах і каго выправадзілі зь Беларусі, аказаліся яшчэ і без пашпартоў.

Паводле зьвестак беларускіх праваабаронцаў, пасьля жніўня 2020 году праз палітычна матываваны крымінальны перасьлед у Беларусі прайшлі каля 5 тысяч чалавек. За кратамі на гэты момант застаюцца прыкладна 900 зь іх. Гэтыя лічбы могуць быць значна большымі праз складанасьці атрыманьня інфармацыі ад беларускай судовай сыстэмы і розны падыход да падлікаў.

Колькі былых палітзьняволеных пасьля вызваленьня засталіся ў Беларусі, а колькі іх добраахвотна або вымушана зьехалі за мяжу, дакладна невядома. Далёка ня кожны з былых палітзьняволеных пасьля вызваленьня гатовы кантактаваць з праваабаронцамі ці журналістамі. За мяжой працягваюць дзейнасьць некалькі фондаў і арганізацыяў, якія спрабуюць дапамагчы былым палітзьняволеным адаптавацца да жыцьця на волі ў новай краіне.

У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў.

Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.

Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020 году, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026 году складае ня менш за 500 тысяч.

​
XS
SM
MD
LG