Беларусь дамагаецца скасаваньня амэрыканскіх санкцыяў па меры вырашэньня пытаньняў, якія маюць значэньне для Вашынгтону, заявіў міністар замежных справаў Беларусі Максім Рыжанкоў у інтэрвію індыйскаму тэлеканалу CNN-News18.
Рыжанкоў знаходзіцца зь візытам у Дэлі, тэкст ягонага інтэрвію апублікаваў МЗС Беларусі.
«Выбудоўваючы дыялёг з Злучанымі Штатамі Амэрыкі, мы кіруемся здаровым прагматызмам. Па меры вырашэньня пэўных пытаньняў, якія маюць значэньне для амэрыканскага боку, скажам так, па лініі праваахоўных органаў, мы дамагаемся зьняцьця шэрагу санкцыящ з боку ЗША ў адносінах да Рэспублікі Беларусь. Гэта станоўча ўплывае на разьвіцьцё беларускага замежнага гандлю, бо санкцыі здымаюцца з прадпрыемстваў, чые экспартна-імпартныя апэрацыі маюць вялікае значэньне для разьвіцьця нашай дзяржавы. Акрамя таго, здымаюцца абмежаваньні з банкаўскай і фінансавай сыстэмы Рэспублікі Беларусь, што таксама вельмі важна для правядзеньня разьлікаў з нашымі партнэрамі па ўсім сьвеце»,— сказаў Рыжанкоў.
Злучаныя Штаты зьнялі санкцыі зь «Беларуськалію» і шэрагу іншых беларускіх кампанійящ пасьля вызваленьня некалькіх групаў палітычных вязьняў у выніку візытаў пасланьніка прэзыдэнта ЗША Джона Коўла ў Менск.
Пры гэтым кіраўнік МЗС падкрэсьліў, што адносіны Беларусі з Расеяй ня могуць быць прадметам гандлю ў перамовах з заходнімі краінамі. Ён назваў супрацоўніцтва з Расеяй безумоўным прыярытэтам і адзначыў, што пра гэта ня раз заяўляў Аляксандр Лукашэнка.
Рыжанкоў таксама заявіў пра разьмяшчэньне расейскай тактычнай ядзернай зброі і комплексу «Арэшнік» у Беларусі, назваўшы гэта вымушаным захадам, на які Беларусь пайшла сумесна з сваёй саюзьніцай Расеяй, крокамі ў адказ на ўзбраеньне краін, якія ўваходзяць у Эўрапейскі Зьвяз. Вайну Расеі супраць Украіны, якой спрыяе кіраўніцтва Беларусі, Рыжанкоў не згадаў.
Чаму гэта важна
Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.
Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.
За падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну заходнія краіны, Эўразьвяз і Ўкраіна працягваюць уводзіць санкцыі супраць Беларусі.
Увесь час ад моманту расейскага ваеннага ўварваньня ў 2022 годзе на тэрыторыі Беларусі практычна безь перапынку праводзяць вайсковыя вучэньні.
Форум