Бяляцкі ня лічыць, што ў цяперашніх умовах праваабаронцы і творцы, якія выехалі з краіны, адарваныя ад яе.
Алесь Бяляцкі падчас кракаўскага фэстывалю «Культура ў выгнаньні» ў інтэрвію Польскаму радыё патлумачыў сваю нядаўнюю заяву Deutsche Welle аб тым, што зьбіраецца пакінуць кіраўніцтва праваабарончага цэнтру «Вясна».
«Я ж не абвяшчаў, што сыходжу зь „Вясны“. Я яшчэ застаюся старшынём праваабарончага цэнтру „Вясна“, але на чарговым сходзе складу зь сябе паўнамоцтвы. Больш за 30 гадоў я ўжо старшыня. І хоць частку гэтага часу я правёў у турме і ня мог выконваць старшынёўскіх абавязкаў, маральная адказнасьць усё роўна заставалася за мной. Усяму свой час. Вырасла новае пакаленьне праваабаронцаў. Гэта мае найлепшыя сябры, зь якімі я працаваў не адзін год. Ёсьць дастаткова шмат дасьведчаных праваабаронцаў, якія змогуць павесьці арганізацыю далей», — заявіў Бяляцкі.
Бяляцкі сказаў, што ён застанецца ў «Вясьне» ў якасьці шараговага чальца альбо сябра Рады.
«Я адчуваю маральную адказнасьць за тое, каб арганізацыя і далей ішла да стратэгічных мэтаў, якія мы вызначылі за гэты час, і працягвала праграмы, якія цяпер пасьпяхова вядзе на карысьць усёй Беларусі і ўсёй грамадзянскай супольнасьці. „Вясна“ адыгрывае ўнікальную, важную ролю ў беларускай грамадзянскай супольнасьці. Гэта частка і беларускага, і міжнароднага праваабарончага руху. Таму я зь „Вясной“ і „Вясна“ са мной», — заявіў Бяляцкі.
«Іншая справа, што як нобэлеўскі ляўрэат я цяпер працую ня толькі дзеля Беларусі і клапачуся ня толькі пра яе. Я сам быў палітвязьнем, таму цяпер маю поўнае права быць голасам палітвязьняў усіх таталітарных і аўтарытарных рэжымаў ва ўсім сьвеце. Гэтым і буду займацца найбліжэйшым часам», — заявіў ён.
Таксама Бяляцкі імкнецца паўсюль падымаць пытаньне спыненьня вайны Расеі супраць Украіны:
«Я буду прыкладаць усе магчымыя намаганьні, каб людзі не стамляліся ад гэтай сытуацыі і працягвалі супраціўляцца аўтарытарызму і таталітарызму, якія цяпер спрабуюць сілай зброі зламаць Украіну».
Бяляцкі не ўважае, што ў цяперашніх умовах праваабаронцы і творцы, якія выехалі з краіны, адарваныя ад яе.
«Сапраўды, нас прымусілі выехаць. Мяне канкрэтна выкінулі зь Беларусі, не спытаўшыся, хачу я застацца ці не. Гэта зрабілі проста гвалтам. У такой самай сытуацыі апынуліся сотні тысяч беларусаў... Але, з другога боку, і праваабаронцы, і пісьменьнікі, і творчыя людзі, якія цяпер апынуліся за мяжой, усё роўна косьць ад косьці і кроў ад крыві беларускага народу. Сёньня ў нас ёсьць сацыяльныя сеткі, сайты, тэлеграм-каналы, TikTok. Усё гэта дае магчымасьць не адчуваць таго падзелу і дазваляе людзям, якія апынуліся за мяжой, заставацца часткай свайго народу. У сутнасьці, як мне падаецца, цяпер ня так важна, дзе ты жывеш — хоць у Аўстраліі. Галоўнае, што ты робіш і як ты робіш для свайго народу», — заявіў Бяляцкі.
Тое ж самае тычыцца і праваабаронцаў, лічыць ён. Хоць яны апынуліся за мяжой, яны працягваюць працаваць дзеля будучыні Беларусі.