Ганаровым госьцем форуму стаў беларускі праваабаронца, былы шматгадовы палітвязень і ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі.
«У сьнежні мінулага года мяне дэпартавалі зь Беларусі. Я ведаю, што значыць прыехаць у чужы горад і цалкам залежаць ад таго, як цябе там прымуць. Горад можа стаць прытулкам для правоў чалавека — месцам, дзе іх можна рэальна адчуць на практыцы, а ня проста прачытаць пра іх на паперы», — заявіў Алесь Бяляцкі удзельнікам кангрэсу перад пачаткам форуму.
Чым адметны Кангрэс
Арганізатарам форуму выступіла гарадзкая управа Ўроцлава пад ганаровым патранатам Прадстаўніцтва Эўрапейскай камісіі ў Польшчы і польскіх дзяржаўных інстытутаў.
Кангрэс аб’ядноўвае прадстаўнікоў мясцовага самакіраваньня (у тым ліку з Барсэлоны, Вены, Граца, Утрэхта і іншых эўрапейскіх гарадоў), актывістаў, навукоўцаў і жыхароў для абмеркаваньня таго, як правы чалавека працуюць у паўсядзённым гарадзкім жыцьці.
Што сказаў Алесь Бяляцкі
Алесь Бяляцкі ў сваёй прамове на кангрэсе гаварыў пра тое, як гарады могуць станавіцца прытулкам і прасторай абароны правоў чалавека, пры выклікі, якія прынёс народам цяперашні час:
«Я бачу адзін станоўчы момант у цяперашні час: выразна акрэсьлілася супрацьстаяньне паміж дабром і злом. Зло — гэта дыктатура аўтакратыі; дабро — гэта дэмакратыя. Зло — гэта імпэрскі перагляд межаў; дабро — гэта сувэрэнітэт народаў».
Алесь Бяляцкі закрануў таксама сярод іншага і праблемы беларускіх палітычных уцекачоў у розных краінах сьвету:
«Многія беларускія ўцекачы апынуліся ў Польшчы — ня ў пошуках лепшага матэрыяльнага жыцьця, а ратуючыся ад пагроз сваёй свабодзе і фізычнай бясьпецы. Яны глыбока цэняць разуменьне і падтрымку, якія атрымалі ад жыхароў і мясцовых уладаў польскіх гарадоў. Многія беларусы, вымушаныя адправіцца ў выгнаньне, прадэманстравалі сваю адданасьць дэмакратычным каштоўнасьцям падчас мірных пратэстаў 2020 году. Як правіла, гэта адукаваныя, працавітыя і сьціплыя людзі, якія вярнуліся б у Беларусь, калі б не дыктатура.
Я ўдзячны польскаму народу за спагаду і за разуменьне таго, што беларускі народ — гэта ня тое ж самае, што рэжым Лукашэнкі. Я таксама дзякую ўладам польскіх гарадоў — у тым ліку гаспадарам гэтага форуму ва Ўроцлаве — за дапамогу беларусам у забесьпячэньні іх культурных і адукацыйных правоў (наколькі гэта дазваляюць наяўныя матэрыяльныя і прававыя рэсурсы), а таксама за падтрымку ў сацыяльных пытаньнях і — што асабліва важна — у працэсе легалізацыі іх статусу».
Бяляцкі таксама разважаў пра адказнасьць у захаваньні чалавечнасьці, эўрапейскія традыцыі мясцовага самакіраваньня, салідарнасьць, сказаў пра падзеі і настроі ў Беларусі пасьля 2020 году:
«Беларускае грамадзтва не прыняло вяртаньня дыктатуры і застаецца гатовым да перамен. Дух мірнай беларускай рэвалюцыі 2020 году — моманту, калі людзі ўсталі на абарону свабоды і эўрапейскіх каштоўнасцей, — усё яшчэ жывы. У наш час, калі каштоўнасьці свабоды і чалавечнасьці падвяргаюцца рэлятывізацыі, давайце захоўваць пільнасць і не дапускаць спробаў ператварыць зло ў норму».
Завяршаючы прамову, Бяляцкі прыгадаў пасыл аптымізму і надзеі ад выдатнага польскага сьпевака Чэслава Немэна, які нарадзіўся ў Беларусі: «Але людзей добрай волі болей!»
Форум